22 сакавіка калегія Магілёўскага абласнога суду пакінула ў сіле спагнаньне, накладзенае на зьняволенага адміністрацыяй турмы № 4. Паводле матэрыялаў справы Андрэя Бандарэнку пазбавілі спатканьня нібыта за парушэньне правілаў канваяваньня па тэрыторыі папраўчай установы 11 студзеня.
Бандарэнка, настойваюць турэмнікі, падчас канваяваньня не трымаў рукі за сьпінаю і дазволіў сабе гутарку зь іншым асуджаным. Інцыдэнт, вынікам якога стала пакараньне асуджанага спагнаньнем, адбыўся падчас канваяваньня яго ў душ.
Бандарэнка адмаўляе абвінавачваньні. Ён прызнае, што падчас канваяваньня яго паставілі тварам да сьцяны і рукі ён трымаў за сьпінаю. У той жа час побач паставілі яшчэ аднаго асуджанага, Латышава, які даймаў яго пытаньнямі. Каб суняць Латышава, Бандарэнка жэстам рукі даў яму зразумець, што гаварыць зь ім ня будзе.
«Накладзенае спагнаньне беспадстаўнае і незаконнае», — настойваў на калегіі абласнога суду адвакат асуджанага Вадзім Мушынскі.
«Можна сказаць, што Бандарэнку пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня ні за што, — казаў абаронца інтарэсаў асуджанага. — У сілу ўмоў адбываньня пакараньня яму і так даецца толькі адно спатканьне на год. Яго пазбавілі спатканьня з састарэлым бацькам, зь якім ня бачыўся больш за год. Ён прыехаў на разгляд справы ь іншага гораду са спадзевам, што рашэньнем Ленінскага суду будзе адмененае і ў яго зьявіцца магчымасьць пабачыцца з сынам».
Бацька зьняволенага Валер Бандарэнка, калі прамаўляў адвакат, прыкрыўшы твар рукамі, плакаў. Апошні раз ён бачыў сына ў лютым здалёк праз краты ў судовай залі.
Калегія абласнога суду, як раней Ленінскі суд Магілёва, апэляцыю на пастанову якога калегія разглядала, пакінула рашэньне адміністрацыі турмы бяз зьменаў, а прэтэнзіі Бандарэнкі да турэмнікаў без задавальненьня.
31 сакавіка ў Андрэя Бандарэнкі сканчаецца тэрмін пакараньня і ён мае выйсьці на волю. Але супраць яго распачатая крымінальнае справа. Асуджанага вінавацяць у злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы «Турма № 4». Калі яго прызнаюць вінаватым, то яму пагражае да двух гадоў зьняволеньня.
9 лютага судзьдзя Ірына Ланчава ўгледзела ў расьсьледаваньні справы парушэньне працэсуальнага парадку прызначэньня адказнага за сьледзтва і адправіла справу на дапрацоўку.
Як кажа Бандарэнка-старэйшы, сьледчы апошнімі днямі пачаў прысьпешваць азнаямленьне асуджанага з матэрыяламі дапрацаванай справы. Паводле Валерыя Рыгоравіча, 16 сакавіка сына трымалі на сьледчых дзеяньнях да ночы. Яму стала кепска, да яго выклікалі турэмнага лекара.
Сынава здароўе, адзначае Валер Бандарэнка, пагоршылася, бо працяглы час ён утрымліваецца безь перадачаў з волі — харчуецца толькі тым, што даецца ў турме. Андрэй Бандарэнка, паводле бацькі, таксама мае абмежаваньні, каб атаварыцца ў турэмным буфэце.
Бандарэнка-старэйшы хадзіў у адміністрацыю Лукашэнкі. Там прасіў, каб была праведзеная «аб’ектыўная праверка» накладзеных на сына спагнаньняў, якія не дазволілі яму разьлічваць на ўмоўнае датэрміновае вызваленьне, а таксама спыніць супраць яго крымінальную справу, якую ён лічыць сфабрыкаванай.
«Адказалі даволі хутка, але які вынік? Паведамілі, што атрымалі мой ліст і для далейшага разбору пераслалі яго ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці, — казаў у інтэрвію Свабодзе Валер Бандарэнка. — Ня сталі самі разьбірацца ў маёй скарзе, а проста пераправілі яе тым, на каго я скардзіўся. Хай там разьбіраюцца. Але ж гэта звычайная адпіска».
Бандарэнка-старэйшы дапускае, што дапрацаваная справа супраць сына ўжо перададзеная сьледчым у пракуратуру для далейшага накіраваньня ў суд.
У Магілёўскай турме № 4 Бандарэнка лічыцца злосным парушальнікам рэжыму і знаходзіцца на прафіляктычным уліку як здольны да гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў турмы і захопу закладнікаў. На заяву Бандарэнкі зь меркаваньняў уласнай бясьпекі ён утрымліваецца ў адзіночнай камэры.