Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі зьвяртае ўвагу Дзярждэпартамэнт ЗША?


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан
Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан

Пра што сьведчыць зьяўленьне дакладу Дзярждэпартаменту ЗША аб правах чалавека ў сьвеце? Як будуць рэагаваць на яго беларускія ўлады? Як гэты даклад паўплывае на беларуска-амэрыканскія адносіны?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў даклад аб правах чалавека ў сьвеце. Такі дакумэнт замежнапалітычнае ведамства Злучаных Штатаў рыхтуе кожны год. Цяперашні даклад ацэньвае сытуацыю з правамі чалавека ў сьвеце за 2016 год. Дакумэнт падпісаны новым дзяржсакратаром Рэксам Тылерсанам. Гэта азначае, што новая адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа не памяняла палітыку ЗША ў гэтай сфэры. Хоць былі меркаваньні, што новая каманда Трампа будзе менш зьвяртаць увагі на каштоўнасны чыньнік, на правы чалавека, а будзе будаваць прагматычныя адносіны зь іншымі краінамі. Вось высьвятляецца, што гэта, прынамсі, не зусім так.

У разьдзеле пра Беларусь, які налічвае 56 старонак, аўтары дакладу скрупулёзна пералічваюць факты парушэньняў правоў чалавека ў краіне. Там гаворыцца, што найбольшыя праблемы ў галіне правоў чалавека — няздольнасьць грамадзян зьмяніць уладу шляхам выбараў, адсутнасьць мэханізму стрымліваньняў і проціваг у палітычнай сыстэме і зьвязаныя з гэтым злоўжываньні ўлады. Адзначаецца, што пасьля свайго абраньня ў 1994 годзе прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка падарваў у краіне вяршэнства закону. Парлямэнцкія выбары ў 2016 годзе, гаворыцца ў дакладзе, таксама не адпавядалі міжнародным стандартам.

У дакумэнце адзначаецца, што ў Беларусі да гэтага часу так і не расьсьледавалі выпадкі зьнікненьня палітычных апанэнтаў улады, а экс-палітвязьні застаюцца абмежаванымі ў сваіх правах.

Грамадзяне краіны церпяць перасьлед і затрыманьні за крытыку ўлады. Узгадваецца судовая справа блогера Эдуарда Пальчыса.

Таксама адзначаецца, што грамадзян перасьледуюць за ўдзел у акцыях пратэсту. Гэта вельмі актуальна цяпер. Бо ва ўсіх рэгіёнах актывістаў прыцягваюць да адказнасьці за ўдзел у «маршах недармаедаў».

Асабліва зьвяртаецца ўвага на жорсткае абыходжаньне і катаваньні ў беларускіх турмах. Згадваецца сьмерць у зьняволеньні Ігара Пцічкіна і Ігара Барбашынскага, пра што шмат паведамляла наша радыё.

Цяпер пытаньне правоў чалавека ўжо ня ёсьць моцнай перашкодай разьвіцьцю адносін

Ня думаю, што гэты даклад неяк паўплывае на беларуска-амэрыканскія адносіны. Раней беларускія ўлады ставіліся да такіх дакладаў, заяваў ці рэзалюцыяў ЗША ці ЭЗ вельмі хваравіта, усё аспрэчвалі. МЗС Беларусі нават друкавала свой контрадаклад аб парушэньнях правоў чалавека ў сьвеце, у якім выкрывала парушэньні правоў чалавека ў краінах Захаду, у ЗША і ЭЗ.

Цяпер стаўленьне беларускіх уладаў да такіх папрокаў спакайнейшае. Бо зьмянілася атмасфэра дачыненьняў Беларусі з Захадам. Цяпер пытаньне правоў чалавека ўжо ня ёсьць моцнай перашкодай разьвіцьцю адносін. Асабліва гэта заўважна ў адносінах з ЭЗ. Бачыце, эўрапейскія краіны ўжо і парлямэнт Беларусі прызналі, нягледзячы на недэмакратычныя выбары.

Глод: Мне падаецца, галоўнае ў новай справаздачы Дзярждэпартамэнту — гэта прызнаньне таго, што беларускія ўлады на ўсіх узроўнях дзейнічалі з поўнай беспакаранасьцю. То бок беларускія ўлады ад самага верху да нізу не баяцца адказнасьці за свае ўчынкі і паводзіны. А не баяцца таму, што няма прыкладаў, каб улады пакаралі кагосьці з службовых асоб у дзяржаўных і сілавых структурах, якія парушалі правы чалавека. На мой погляд, гэтым фактычна сказана ўсё пра стан правоў чалавека ў Беларусі.

А дарэчы, хто павінен рэагаваць на ўшчамленьне правоў людзей? Вядома хто — амбудсмэн. Або, кажучы больш простай мовай, упаўнаважаны ў пытаньнях правоў чалавека. Але ж такой пасады ў краіне дагэтуль няма. А менавіта амбудсмэн у іншых краінах мае права падаць у суд на службовую асобу, зьвяртацца ў дзяржаўныя органы з прапановамі аб удасканаленьні заканадаўства. Шмат у якіх краінах амбудсмэн рыхтуе штогадовы даклад парлямэнту пра сваю дзейнасьць, які друкуецца ў мэдыях, рассылаецца ў суды ды ўрадавыя службы. У сваю чаргу, любы чалавек, чые правы парушаныя дзеяньнямі адміністрацыі або які мае на яе скаргу, можа бесьперашкодна зьвярнуцца да амбудсмэна.

Штогод канстатуецца, што ўлады кантралююць асноўныя мэдыі, а на незалежныя сродкі масавай інфармацыі чыніцца ціск

Вядома, я не такі наіўны чалавек, каб думаць, што амбудсмэн пераверне ўсё ў Беларусі. Калі яго ўрэшце прызначаць, то, зразумела, ім стане нейкі набліжаны да ўладаў чалавек, фігура дэкаратыўная. Але ж нават сама наяўнасьць гэтага чалавека, калі ён зьявіцца, дае спадзяваньні пакрыўджаным людзям — вязьням, арыштаваным. Магчыма, ён дапаможа хоць вынесьці некаторыя праблемы на разгляд грамадзкасьці.

Асобна, мабыць, трэба казаць пра выбары ў Беларусі. Ад выбараў да выбараў у справаздачах Дзярждэпартамэнту сьцьвярджаецца, што ім не хапае аб’ектыўнасьці, розныя кандыдаты пастаўленыя ў неаднолькавыя ўмовы, падлік галасоў непразрысты. Пра справядлівасьць гэтых заўваг усе ведаюць, але ж той жа Лукашэнка заяўляе, што беларускія выбары самыя чэсныя ва ўсім сьвеце.

Гэтаксама як і дзейнасьць СМІ. Штогод канстатуецца, што ўлады кантралююць асноўныя мэдыі, а на незалежныя сродкі масавай інфармацыі чыніцца ціск. Але ж прынцыпова і з гэтым нічога не зьмяняецца.

Аднак у Вашынгтоне не забываюцца і пра гэта. І гэта вельмі важна, асабліва ўлічваючы, што прэзыдэнцкая адміністрацыя ў Злучаных Штатах нядаўна зьмянілася.

Цыганкоў: Гэты дакумэнт сьведчыць пра пераемнасьць замежнай палітыкі ЗША. Асабліва калі гэта тычыцца такой ня самай вялікай краіны ў замежнапалітычным парадку дня, як Беларусь. Калі ў адносінах зь нейкімі стратэгічнымі краінамі, як Кітай, Мэксыка, Эўразьвяз, уплыў прэзыдэнта Трампа, ягонага асабістага стаўленьня да гэтай тэмы можа быць асабліва вялікі, то з драбнейшымі краінамі ў большай ступені дзейнічае інэрцыя, менавіта пераемнасьць палітыкі, якую вызначаюць супрацоўнікі — іншым словам, чыноўнікі — Дзярждэпартамэнту ЗША.

Гэты дакумэнт сьведчыць пра пераемнасьць замежнай палітыкі ЗША

У ЗША традыцыйна, і гэта, я лічу, ніяк ня зьменіцца з прыходам новага прэзыдэнта, зьвяртаецца вялікая ўвага на парушэньні правоў чалавека ў іншых краінах. Нягледзячы на нейкія палітычныя паляпшэньні, усё роўна гэтая частка адносінаў заўсёды застаецца, нават калі ЗША маюць дастаткова добразычлівыя адносіны да той ці іншай краіны. Напрыклад, гэта якіясьці аўтакратыі, арабскія краіны, краіны Пэрсыдзкай затокі. Тым ня менш адпаведныя структуры заўсёды адзначаюць парушэньні правоў чалавека ў гэтых краінах, хоць палітычныя адносіны зь імі застаюцца на даволі высокім ўзроўні. Так што ня трэба было чакаць, і ніхто з сур’ёзных палітычных камэнтатараў не чакаў, што з прыходам Трампа ў гэтым нешта зьменіцца.

Калі казаць больш стратэгічна, то на вызначэньне палітыкі некаторых структур у дачыненьні да Беларусі будуць уплываць і час — бо трэба будзе разабрацца, якую ўсё-ткі ў цэлым палітыку пажадае праводзіць новы прэзыдэнт, — ну, і далейшае разьвіцьцё сытуацыі менавіта ў Беларусі. Ці будзе працягвацца лібэралізацыя, пра заканчэньне якой загаварылі цяпер пасьля затрыманьняў і прапагандысцкага фільму на БТ? Адна частка, нейкія геапалітычныя адносіны і эканамічныя, трошкі паралельная частцы праваабарончай, але яна будзе заставацца вельмі важнай, і ЗША, як і раней, будуць зьвяртаць сур’ёзную ўвагу на гэты бок беларускай рэчаіснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG