Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хопіць міндальнічаць!» — Курапаты і «Малады Фронт» вачыма праўладных экспэртаў


Абарона Курапатаў
Абарона Курапатаў

У ток-шоў «Справа прынцыпу», якое вядзе на канале АНТ Вадзім Гігін, праўладныя экспэрты больш за паўгадзіны абмяркоўвалі абарону Курапатаў і абураліся «Маладым Фронтам», які яе арганізаваў. Праўда, саміх абаронцаў Курапатаў, жыхароў Зялёнага Лугу, апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, якія трымалі 15 дзён абароны мэмарыялу ад будаўніцтва офіснага цэнтру, у эфір АНТ не запрасілі.

У дыскусіі бралі ўдзел гісторыкі Ўладзімер Адамушка, Ігар Марзалюк, Вячаслаў Бандарэнка, а таксама праўладныя палітыкі і палітолягі, якія ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх праграмах Гігіна — Вадзім Баравік, Аляксандар Шпакоўскі, Георгі Атаманаў, Аляксей Бяляеў, Пётра Пятроўскі, Андрэй Лазуткін.

Адамушка: «У Беларусі 600 тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій»

На пачатку абмеркаваньня вядоўца Вадзім Гігін прапанаваў «разабрацца з самімі Курапатамі і сталінскімі рэпрэсіямі, якія закранулі і Беларусь».

Гісторык, архівіст Уладзімер Адамушка паведаміў, што ацэначная лічба ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі з 1917-га па 1953 год складае каля 600 тысяч чалавек:

«Сёньня ўжо даказана, што ў гэтым месцы адбываліся пахаваньні ахвяраў палітычных рэпрэсій, тых, хто загінуў, знайшоў свой апошні прытулак на беларускай зямлі. Але гэта не адзінае месца, сёньня вядома 11 месцаў, дзе каралі людзей», — сьцьвярджае спадар Адамушка.

Марзалюк: «Пытаньне да Мінкульту: колькі каштавала памяняць межы ахоўнай зоны?»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк прапанаваў зьвярнуць увагу на прававы, юрыдычны аспэкт канфлікту, што нядаўна адбыўся вакол Курапатаў:

«Тут ёсьць прамая віна Міністэрства культуры. У 2004 годзе была зацьверджана ахоўная зона вакол урочышча Курапаты: з улікам афіцыйна праведзеных праверак, археалягічных раскопак былі акрэсьлены межы зоны, зацьверджаныя Саветам Міністраў.

Мне цікава, колькі гэта каштавала — памяняць межы ахоўнай зоны?» — задае пытаньне Марзалюк. — Мне цікава, хто націснуў на Міністэрства культуры? Я ня веру ў альтруізм«.

Ігар Марзалюк выказаў думку, што ў Беларусі павінны быць сама меней тры знакавыя месцы памяці — Хатынь, Курапаты, Бяроза-Картуская.

Пасьля кароткіх спрэчак вакол лічбы ў 600 тысяч рэпрэсаваных, якую назваў Уладзімер Адамушка, выступоўцы пачалі крытыкаваць і выкрываць абаронцаў Курапатаў і «Малады Фронт».

Пятроўскі: «Актывісты „Маладога Фронту“ нападалі на пэнсіянэраў, нападалі на камуністаў»

Публіцыст ІМХО-клюбу філёзаф Пётра Пятроўскі заявіў:

«Туды прыйшлі актывісты так званага „Маладога Фронту“ — арганізацыі, якая праславілася тым, што 25 сакавіка 2014 году з банэрамі Бандэры, Шухевіча, беларускага калябарацыяніста Вітушкі, бандыта Булак-Булаховіча прайшліся праспэктам нашага гораду. Другі факт — калі адкрывалася графіці беларуска-расейскай дружбы, актывісты гэтай арганізацыі нападалі на пэнсіянэраў. Вы паслухайце: на пэнсіянэраў нападалі, агрэсіўна да іх ставіліся! І трэцяе: 7 лістапада, калі адкрываўся помнік Леніну на Трактарным заводзе, гэтыя актывісты ўжо нападалі на прадстаўнікоў Камуністычнай партыі. Цяпер яны прыехалі на тое месца, пачалі нападаць на супрацоўнікаў, на рабочых, пачалі сілай ламаць тэхніку, паліць пакрышкі, бочкі, паставілі незаконнае намётавае мястэчка...»

Дагаварыць Пятру Пятроўскаму вядоўца ток-шоў Гігін ня даў: папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю выканаўцу абавязкаў першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі Георгія Атаманава, які выказаў сумнеў, хто пахаваны ў Курапатах, і наагул, ці былі там расстрэлы:

«Усё пачалося з 1988 году, калі нехта — фатограф, мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк са сваім „падзельнікам“, пра якога ніхто нічога ня ведае, хто ён і дзе цяпер — напісалі артыкул у „Літаратуры і мастацтве“. І гэтая размова працягваецца 25 гадоў». Далей Атаманаў сарваўся на крык.

Лазуткін пра «Малады Фронт»: «Яны і да Масквы дойдуць»

У размову ўступіў старшыня назіральнай рады Беларускага камітэту моладзевых арганізацый Вадзім Баравік з рэплікай: «Некаторыя вакол гэтага месца пачынаюць спэкуляваць, давайце выб’ем у іх глебу з-пад ног!»

Пісьменьнік Андрэй Лазуткін кажа, што задача «Маладога Фронту» — «стварыць прэцэдэнт, паказаць, што яны — нейкая група ціску, паказаць сілу».

«Яны і да Масквы дойдуць», — рэзюмаваў Лазуткін.

Галоўны рэдактар сайту imhoclub.by Аляксей Дзермант працягнуў: «Усе тыя ж самыя тэхналёгіі, што і на Майдане. Дай ім палец — адкусяць руку».

Дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя» Аляксандар Шпакоўскі выказаў такую думку:

«Мы робім катастрафічную памылку. Мы пачалі лібэралізацыю, і пачалося „міндальнічаньне“ з элемэнтамі, якія ні ў якія перамовы ўступаць не зьбіраюцца. У іх адна мэта: дамагчыся поўнай дыктатуры і ўсіх нязгодных пакараць».

Шпакоўскі: «Дзе міліцыя? Чаму яна не рэагуе?»

Ну а далей выступоўцы зноў пачалі задаваць рытарычныя пытаньні.

Вядоўца ток-шоў «Справа прынцыпу», дэкан філязофскага факультэта БДУ Вадзім Гігін:

«Мы як бы рэагуем на парадак дня, які нам прапануюць нейкія радыкальныя сілы. Нават не прапануюць — навязваюць. Вось яны пайшлі ў адно месца — не падабаецца ім мурал расейска-беларускай дружбы. Заўтра яны акопы будуць капаць. Цяпер вось Курапаты. Яшчэ нешта зьявіцца — не хачу нават думаць. Чаму мы свой парадак дня так актыўна не прасоўваем, а ўвесь час абараняемся ад наскокаў?»

Аляксандар Шпакоўскі: «Я не разумею, якое дачыненьне да памяці ахвяраў маюць байцы з сучасным канстытуцыйным ладам, людзі з расьцяжкамі Бандэры, Шукевіча, паліцаяў, здраднікаў Радзімы? Чаму раней дзяржава не зьвярнула ўвагі на гэту праблему і мы самі яе ня вырашылі і не забралі ў гэтых спэкулянтаў палітычны козыр? Чаму наша ўлада ў асобе мэра гораду, у асобах іншых чыноўнікаў вядзе зь імі перамовы? Чаму там зьяўляецца група незразумелага народу, людзі ў масках, які прыкоўваюцца, паляць, крычаць, сьвішчуць? Дзе міліцыя? Чаму яна не рэагуе?»

Пётра Пятроўскі: «Што гэта за арганізацыі? Чаму яны ў нас існуюць? Чаму іх не прызналі экстрэмісцкімі? Чаму не забаранілі?»

Вадзім Гігін, завяршаючы ток-шоў, папярэдзіў:

«Усім радыкалам варта нагадаць: Беларусь не Ўкраіна, Лукашэнка не Януковіч. У нас Майдан ня пройдзе, як гэта было ва Ўкраіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG