Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Загінулыя і параненыя ёсьць амаль штодня», — беларус, які ваюе на Данбасе


Ян Мельнікаў — крайні зьлева — на маршы беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў у Львове, верасень 2015 году
Ян Мельнікаў — крайні зьлева — на маршы беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў у Львове, верасень 2015 году

23-гадовы Ян Мельнікаў — беларускі добраахвотнік, які ваюе за Ўкраіну ад пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе. Ён называе сябе байцом тактычнай групы «Беларусь», якая складаецца з трох дзясяткаў грамадзян Беларусі, і кажа, што агулам у складзе ўкраінскіх вайсковых фармаваньняў ваюе каля трох сотняў беларусаў. Грамадзяне Беларусі ёсьць і па іншы бок фронту. Паводле, Мельнікава, тыя, хто ваюе за сэпаратыстаў, могуць без наступстваў прыяжджаць у Беларусь, затое праўкраінскіх беларусаў афіцыйны Менск ўсяляк перасьледуе. Мельнікаў ня можа ўехаць у Беларусь, таму што яго арыштуюць, а вымушаны бачыцца з сваякамі ў Кіеве ці Дняпры. У рамках сваёй інфармацыйнай паездкі па Эўропе, дзе ён сустракаецца з беларускімі актывістамі, Ян Мельнікаў наведаў Радыё Свабода і адказаў на пытаньні беларускай і ўкраінскай рэдакцый, свабодна пераходзячы зь беларускай на ўкраінскую мову.

— Мінулы раз Вы былі тут у сьнежні 2015-га. Прайшло больш за год — што зьмянілася на фронце?

— Калі казаць глябальна — нічога. Цяпер ідзе пазыцыйная вайна, фронт ня рухаецца ні ў адзін, ні ў другі бок — ад таго часу ён стаіць на тым самым месцы. Больш зьменаў адбываецца ў складзе войскаў, іх рэфармаваньня. На фронце ў 2016 годзе не выкарыстоўвалася рэактыўная артылерыя — «Грады», «Ураганы», «Сьмерчы». Але на пачатку гэтага году ў Аўдзееўцы, Мар’інцы дый увогуле па ўсіх кірунках, нават па Луганскай вобласьці расейскія найміты зноў пачалі ўжываць буйнакалібэрную артылерыю — 203 мм, рэактыўныя сыстэмы залпавага агню.

— Ці ёсьць адчуваньне, што будзе працягвацца эскаляцыя канфлікту, бо расейцы вырашылі зьмяніць сытуацыю? Або што ўкраінскія войскі пойдуць у наступ?

Гэта эскаляцыя дзеля эскаляцыі.

— У нас няма такога адчуваньня, няма момантаў, якія б нам пра гэта казалі. Бо тое, што мы назіраем, тое, што наша выведка ведае пра сытуацыю, якая ёсьць у асабовым складзе байцоў з таго боку, у іх узбраеньні — цяпер у прарасейскіх сілаў няма здольнасьці рабіць паўнавартасны наступ. Таму гэта ўсё, як мы мяркуем, робіцца проста дзеля нагнятаньня абстаноўкі ў прыфрантавой зоне, як у Аўдзееўцы, Мар’інцы. Гэта эскаляцыя дзеля эскаляцыі.

— А як самі салдаты з украінскага боку тлумачаць прычыны гэтага?

Мясцовыя зноўку пачалі баяцца выходзіць на вуліцу.

— Магчыма, што той бок хоча скарыстаць сытуацыю ў інфармацыйным пляне. Я сам браў удзел у вызваленьні Аўдзееўкі ў 2014 годзе і ўвесь мінулы год я правёў у Аўдзееўцы. А 14-га году там працавалі дзьве школы, людзі спакойна хадзілі па горадзе, не зважаючы на тое, што прыкладна за тры кілямэтры праходзіць лінія разьмежаваньня, то бок фронт. А цяпер мясцовыя зноўку пачалі баяцца выходзіць на вуліцу. Бо як па фронце, гэтак і па мясцовых будынках страляюць расейскія тэрарыстычныя войскі. Я кажу пра факт, бо выкарыстоўваецца такая артылерыя, якой ніколі не было ва Ўкраіне. Яны проста заехалі з Расеі ў Дэбальцава, а потым перакінутыя ў раён Данецку. І цяпер з боку Ўкраіны ёсьць напружаньне паміж мясцовымі жыхарамі і вайскоўцамі. Ёсьць такія людзі, якія кажуць ўкраінскім вайскоўцам: «Калі б вам тут не было, дык па нас „дээнэраўцы“ бы цяпер не стралялі».

— Ці можаце Вы апісаць як выглядаюць тыповыя суткі на фронце?

Як мінімум празь дзень нехта гіне ці атрымоўвае раненьне на лініі разьмежаваньня.

— Агулам гэта немажліва сказаць — суткі ад сутак адрозьніваюцца. Часам выкарыстоўваецца толькі стралковая зброя, часам «гасяць» зь мінамётаў, са ствольнай артылерыі. Але я магу дакладна сказаць, што абстрэлы як мінімум стралковай зброяй і аўтаматычных гранатамётаў адбываюцца штодня. Загінулыя і параненыя ёсьць амаль штодня. Як мінімум празь дзень нехта гіне ці атрымоўвае раненьне на лініі разьмежаваньня. Баявыя дзеяньні могуць быць у больш актыўнай ці менш актыўнай фазе, але вайна працягваецца, хоць яна і выглядае такой «пазыцыйнай» вайной. Акопы перад акопамі і збольшага працуе артылерыя.

— А які цяпер статус ва Ўкраіне ў Вас асабіста і ў тых беларусаў, якіх вы ведаеце?

— Па першае, трэба разумець з кім мы наладзілі кантакт і з кім мы маем стасункі — гэта каля трох соцень беларусаў. Беларусы ёсьць у рэгулярных вайсковых частках, ёсьць тры дзясяткі дабраахвотнікаў у складзе тактычнай групы Беларусь. Гэта цяпер адзінае вайсковае фармаваньне менавіта беларусаў ва Ўкраіне. Ёсьць беларусы ў іншых добраахвотніцкіх батальёнах. То бок статус ва ўсіх розны.

— Ваш бацька, Віктар, стаў адным з арганізатараў грамадзкага камітэту бацькоў тых добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне з сэпаратыстамі. Пасьля таго, як у мінулым верасьні было абвешчана пра стварэньне гэтага камітэту, ці памянялася неяк сытуацыя зь ціскам з боку ўладаў? Гэтага ціску стала больш, менш, ці ўсё засталося, як раней?

Майму бацьку вярнулі ягоны асабісты тэлефон, вінчэстэр з кампутару, пэўныя кнігі.

— Я б сказаў, што ціску стала менш, і, што для мяне было вельмі дзіўным, напрыканцы мінулага году вярнулі рэчы, якія раней забіралі ў маёй сям’і, у сваякоў іншых байцоў з нашай тактычнай групы «Беларусь». Майму бацьку вярнулі ягоны асабісты тэлефон, вінчэстэр з кампутару, пэўныя кнігі. Гэта даволі дзіўна, бо ў Беларусі такое рэдка здаралася раней па палітычных справах. А мы лічым, што ў крымінальных справах супраць нас — палітычны падтэкст.

Да бацькі на пачатку 16-га году, калі я знаходзіўся ў Аўдзееўцы, прыходзілі прадстаўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачынасьцю і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Прадстаўнікі ўпраўленьня праводзілі ператрус і афармлялі дакумэнты, а размову з маім бацькам вялі супрацоўнікі КДБ. Яны казалі, што супраць мяне распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Найміцтва» — быццам бы я за свае дзеяньні атрымліваю грошы.

— То бок можна сказаць, што ўлады Беларусі па рознаму ставяцца да тых беларусаў, якія ваююць за Ўкраіну і за сэпаратыстаў?

Пакуль што мы ня ведаем ніводнай справы, якую б распачалі супраць тэрарыстаў з «ЛНР-ДНР».

— Безумоўна. Трэба разумець, што тыя грамадзяне Беларусі — хоць яны самі сябе ў інтэрвію пераважна называюць «русскими» — якія ваююць за сэпаратыстаў, спакойна вяртаюцца з акопаў так званых «ДНР» і «ЛНР» у свае родныя мясьціны. Яны спакойна распавядаюць, што ваявалі з таго боку, і ім нічога не пагражае. Іх не чапаюць, а калі нават выклікаюць у КДБ ці міліцыю, дык зь імі проста праводзіцца размова, і яны надалей спакойна перасоўваюцца. Мы таксама адсочваем гэтую інфармацыю, і пакуль што мы ня ведаем ніводнай справы, якую б распачалі супраць тэрарыстаў з «ЛНР-ДНР». Бо фактычна гэта тэрарысты.

— А ці сутыкаліся Вы падчас баявых дзеяньняў, як кажуць, вочы ў вочы, зь беларусамі, якія ваююць з другога боку?

— Не, такога не было. А хлопцы-ўкраінцы з батальёну «Данбас» у свой час затрымалі беларуса з вайсковай часткі 3214 — гэта спэцназ МУС Беларусі пад кіраўніцтвам сумна вядомага Паўлічэнкі. Ёсьць сьведчаньні, што вайскоўцы той часткі датычныя да выкраданьня беларускіх палітыкаў — Захаранкі, Ганчара і іншых..

— Хацеў бы ў Вас спытаць пра справу Ігара Кляўка. Тыдзень таму паведамлялася, што суд у Марыюпалі ўзяў яго пад варту да 19-га красавіка і што яго абвінавачваюць у забойстве мясцовага жыхара. Нібыта яшчэ ў 2014 годзе на загад свайго камандзіра, байцы завезьлі гэтага чалавека ў лес і расстралялі. Вы асабіста зь ім сустракаліся?

— Не, асабіста я яго ня ведаю.

— Тут агульнае пытаньне пра адносіны зь мясцовымі жыхарамі. Вы ўжо казалі, што некаторыя зь іх непрыхільна ставяцца да ўкраінскіх вайскоўцаў. Ці назіралі Вы канфлікты зь мясцовым насельніцтвам? І наколькі для Вас гэта рэалістычная сытуацыя — калі, напрыклад, памагатага сэпаратыстаў не перадалі ў СБУ, а расстралялі на месцы?

— Па-першае, я лічу, што гэта малаверагодна. Увогуле, камэнтаваць гэтага я не магу, бо даведаўся пра сытуацыю цяпер, падчас паездкі па Эўропе. Каб нешта казаць, мне трэба спытацца ў людзей, якія разам зь ім ваявалі ў батальёне «Данбас». А ўвогуле казаць пра выпадак, калі б сілай нешта вырашалі з мясцовымі — гэта проста сьмешна. Ну, што могуць зрабіць мірныя людзі супраць узброеных людзей? Што могуць зрабіць мясцовыя жыхары супраць рэгулярных войскаў? Былі выпадкі ў пачатку 2014 года, калі яшчэ не было разуменьня таго, што адбываецца, і мясцовыя жыхары — перад вызваленьнем таго ж Марыюпалю — блякавалі дарогі і выходзілі на акцыі. Але калі пачалася актыўная фаза і з абодвух бакоў пачаліся першыя страты, то мясцовыя жыхары ўжо проста ня ўмешваліся ў канфлікт.

Я ні разу не сутыкаўся з агрэсіяй з боку мясцовых дзе б там ні было.

Скажу пра сябе: я ні разу не сутыкаўся з агрэсіяй з боку мясцовых дзе б там ні было. Ці то падчас вызваленьня Чырвонаармейску, ці ў Аўдзееўцы, ці ў Пясках... Гэта значыць, усюды, дзе б я ні быў, я не сутыкаўся з нэгатыўным стаўленьнем мясцовых жыхароў. Затое шмат разоў сутыкаўся з добрым стаўленьнем людзей, якія хацелі дапамагчы. Скажам, у Аўдзееўцы мясцовы жыхар нядаўна ня толькі ня ўзяў грошай за дапамогу ў рамонце нашай машыны, але таксама распавядаў, як ім было дрэнна з сэпаратыстамі і што пад украінскай уладай ім лепш.

— А вось гэтая фраза «Калі б вас, украінскіх вайскоўцаў, тут не было, дык „дээнэраўцы“ па нас не стралялі б»... Наколькі гэта тыпова?

— Ну, гэта я бачыў на адным з украінскіх тэлеканалаў, калі пасьля абстрэлаў жылых кварталаў Аўдзееўкі адна жанчына выгукнула ў адрас нацыянальных гвардзейцаў тую фразу. Але ні я асабіста, ні хлопцы з нашай тактычнай групы, ні хлопцы з добраахвотніцкага корпусу, у якім я ў пачатку ваяваў у Украіне, — асабіста мы з такім стаўленьнем не сутыкаліся.

— Як Вам бачацца шляхі завяршэньня гэтага канфлікту?

Ёсьць жаданьне з абодвух бакоў пакінуць канфлікт у той фазе, у якой ён цяпер знаходзіцца.

— Мне цяжка пра гэта нешта сказаць, таму што такія простыя вайскоўцы як я, мы проста прымаем удзел у вайне, а пачынаюць вайны і іх завяршаюць — палітыкі. Трэба палітыкаў пра гэта пытацца. А калі казаць пра маё асабістае меркаваньне, то мы бачым, што ўсё ідзе да таго, каб гэты канфлікт замарозіць. Мы, простыя хлопцы з фронту, ня бачым зацікаўленасьці улады ў Кіеве, каб гэты канфлікт як мага хутчэй завяршыць і вызваліць ўкраінскую зямлю. І таксама мы не бачым зацікаўленасьці з боку расейскіх уладаў, з боку так званых «ДНР» і «ЛНР», каб ісьці ў шырокамаштабны наступ. Таму ўсе нам кажа пра тое, што ёсьць жаданьне з абодвух бакоў пакінуць канфлікт у той фазе, у якой ён цяпер знаходзіцца.

— Вы ўжо зьвязалі сваё жыцьцё з Украінай і зьбіраецеся ва Ўкраіне заставацца, ці плянуеце некалі вярнуцца ў Беларусь?

У будучыні я сябе бачу ў Беларусі.

— Украіна для мяне — братэрская краіна. І мне прыемна, што ў свой час я прыйшоў на дапамогу ўкраінцам, і калі мне патрэбна дапамога, то мне ўкраінцы таксама ва ўсім дапамагалі — і валянтэр, і простыя людзі. Украіна мне братэрская краіна, але я беларус, мая зямля — беларуская. Я мару займацца выхаваньнем наступнага пасьля нас пакаленьня. Я сябе бачу настаўнікам гісторыі, каб працаваць у гэтай галіне і расказваць сапраўдную гісторыю. Гэта значыць, у будучыні я сябе бачу ў Беларусі. Безумоўна, мая Радзіма — Беларусь.

— Гэта значыць, вы хочаце атрымаць гістарычную адукацыю і потым выкладаць гісторыю ў школе?

— Так. Перад тым, як паехаць ва Ўкраіну, я плянаваў паступаць у Варшаўскі ўнівэрсытэт на гістарычны факультэт. Але сытуацыя на Майдане, потым Крым і акупацыя ўсходу Украіны — усё гэта зьмяніла мае пляны. Зараз я рыхтуюся да таго, каб гэтай вясной здаць тэсты і паступаць у Кіеўскі унівэрсытэт імя Шаўчэнкі на гістарычны факультэт, на спэцыяльнасьць «Гісторыя Ўкраіны», бо гэтая гісторыя мае шмат агульных стагодзьдзяў зь беларускай гісторыяй — дастаткова сказаць пра Вялікае Княства Літоўскае. Пакуль ідзе вайна, і пакуль я на фронце, ёсьць жаданьне вучыцца на завочным аддзяленьні, атрымаць адукацыю, каб не губляць часу. Гэта значыць я хацеў бы працаваць па гэтай спэцыяльнасьці недзе пасьля гадоў сарака, калі ўжо буду мець і жыцьцёвы досьвед і ўзровень адукацыі, каб перадаваць гэта наступным пакаленьням.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG