Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць з асяродзьдзем, якое спрыяе атлусьценьню


Як мы ўжо пісалі, кожны павінен ведаць свой Індэкс Масы Цела, які вельмі проста разьлічваецца. У інтэрнэце вельмі шмат такіх калькулятараў. Паказьнік ІМЦ дапамагае больш аб’ектыўна ставіцца да сваёй вагі нават у тых выпадках, калі з выгляду нам здаецца, што фігура ў нас нармальная.

Што жа рабіць, калі вы высьветлілі, што маеце павышаную масу цела? На сёньняшні дзень ёсьць толькі адна прызнаная тэорыя атлусьценьня, згодна зь якой вага цела чалавека залежыць ад шалей, на адной чашы якіх знаходзіцца паступленьне энэргіі, а на другой — яе расход. Кажучы прасьцей, каб пахудзець, неабходна каб у арганізм трапляла меней энэргіі зь ежай (менш есьці і ўжываць менш калярыйныя прадукты), а зь іншага боку — неабходна каб больш энэргіі трацілася, гэта значыць, трэба павялічыць сваю фізычную актыўнасьць. На першы погляд усё досыць проста, але ў паўсядзённым жыцьці гэта зрабіць складана.

Сапраўды, у нашай беларускай побытавай культуры заведзена так, што зь ежай мы атрымліваем лішнія калёрыі — традыцыйна ў беларуская кухні выкарыстоўваецца шмат жывёльнага тлушчу, лёгказасваяльных вугляводаў у выглядзе бульбы, прыгатаванай у розных варыяцыях, і недастаткова сьвежых гародніны і садавіны, за выключэньнем, хіба, летняга часу, калі з градак і садоў зьбіраецца значная колькасьць ураджаю.

Ёсьць яшчэ адна прычына атлусьценьня — няправільнае фармаваньне харчовых паводзін у дзяцей. На сёньняшні дзень навукова абгрунтавана, што вага цела ў дарослых нават сталага ўзросту залежыць ад выхаваньня ў дзяцінстве, прычым ва ўзросьце да шасьці гадоў. Традыцыйна ў Беларусі існуе падыход, што здаровае і дагледжанае дзіця павінна мець ледзь не атлусьценьне, пастаянна даводзіцца слухаць скаргі бацькоў і асабліва бабуль кшталту «дзіця худое». Дык вось калі мы прывучым дзяцей да пераяданьня, то гэтая звычка (трывалая ўстаноўка) захаваецца на ўсё жыцьцё і потым змагацца з залішняй вагай у дарослым жыцьці будзе вельмі цяжка. А распаўсюджаны пункт гледжаньня, што «дзіця зараз поўненькае, але нічога, перарасьце», не адпавядае сапраўднасьці.

Вось і атрымліваецца, што няправільнае выхаваньне яшчэ ў дзіцячым узросьце, культурныя асаблівасьці харчаваньня, неактыўны фізычна лад жыцьця прыводзяць да фармаваньня няправільных харчовых паводзін і ў сукупнасьці называюцца асяродзьдзем, якое садзейнічае атлусьценьню.

Першым крокам да пераадоленьня гэтай зьявы, які прывядзе да зьніжэньня масы цела, павінен быць перагляд дыеты (харчаваньня). Паспрабуйце меней ужываць тлучшу і вугляводаў у выглядзе здобных прадуктаў; кожны раз, калі сядаеце за стол, абавязкова ўжывайце садавіну ці гародніну (напрыклад, яблыкі, якія танныя і даступныя круглы год); старайцеся ўжываць рыбу — звычайныя кансэрвы, каля 300 грамаў на тыдзень, гэта крыніца карысных амэга-поліненасычаных тлустых кіслот. Такія невялікія крокі дапамогуць памалу нармалізаваць масу цела.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG