Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: Тыдзень трэба выкарыстаць для згуртаваньня вакол Курапатаў


Зьміцер Дашкевіч.
Зьміцер Дашкевіч.

Сустаршыня Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч гэтак пракамэнтаваў вынікі перамоваў прадстаўнікоў абароны Курапатаў са старшынём Менскага гарвыканкаму Андрэем Шорцам, паводле якіх канчатковае вырашэньне праблемы адкладаецца на тыдзень:

«А які вынік? Тое, што зьявіўся яшчэ тыдзень, цягам якога будуць думаць — гэта нічога новага. Будоўлю мы прыпынілі ў мінулую пятніцу дзякуючы таму, што такія патрыёты, як Сяргей Пальчэўскі клаліся пад тэхніку, а не таму, што гэтак вырашыў чарговы чыноўнік. Мы чакаем канчатковага рашэньня, а не адтэрміноўкі яшчэ на тыдзень. Чыноўнік Шорац сам нічога ня можа вырашыць, было б дзіўна, каб ён сказаў, што пад ціскам грамадзкасьці будоўлю згортваем».

РС: Якія вашы дзеяньні будуць праз тыдзень? Ня будзеце згортваць лягер?

Дашкевіч: Так, згортваць ня будзем, такога рашэньня ў нас не было.

РС: А калі праз тыдзень прыйдзе міліцыя, разбурыць лягер, а яго абаронцаў затрымае, што будзеце рабіць у такім выпадку?

Дашкевіч: Давайце сыходзіць з рэчаіснасьці, якая складзецца тады. На сёньняшні дзень мы працягваем тут стаяць і патрабаваць закрыцьця будоўлі. Калі тэхніка зноў сюды пойдзе, мы будзем яе спыняць, прышпільвацца кайданкамі і гэтак далей. Для дзяржавы тут ёсьць два варыянты: спыненьне гэтай будоўлі цалкам альбо пасадка ў турму абаронцаў. Іншых варыянтаў на гэтую хвіліну я ня бачу.

РС: А перамовы варта працягваць? На вашу думку, усё ж дае нейкі плён тое, што сёньня хадзілі ў Менгарвыканкам?

Дашкевіч: Мяркую, не дае. Дае плён тое, што людзі прыходзяць сюды і бароняць Курапаты. Вось што дае плён. І калі б тут была тысяча чалавек, напрыклад, у пятніцу мы заклікаем сюды людзей, тады гэта была б адна сытуацыя. А калі тут 10 чалавек — гэта другая сытуацыя. Пакуль плён па спыненьні будоўлі давала самаахвярнасьць маладафронтаўцаў, якія выйшлі і тут паўсталі. А таксама агульнаграмадзкая салідарнасьць. Мы бачым, што розныя людзі, рознага ўзросту, з розных арганізацый далучыліся. Сотні людзей мы бачым тут, якія дапамагаюць у абароне Курапатаў — вось гэта дае плён. І каб ня гэта, не было б ні круглага стала, які правёў Якубовіч, ні гэтых абмеркаваньняў у Шораца. А тое, што Якубовіч кажа, што мы прыватызавалі Курапаты, дый хай бы яны прыватызавалі. Але пакуль мы бачым, у чым выяўляецца іхняя прыватызацыя. У тым, што яны зямлю распрадаюць у ахоўнай зоне вакол Курапатаў — вось іх прыватызацыя. Мы былі б толькі за, каб тут не было ніякіх будоўляў, каб усё трымала дзяржава, каб яна гэтым займалася, турбавалася, а не патрыёты, якія вымушаныя кідацца пад тэхніку і ў лужынах качацца. Няхай дзяржава зоймецца аховай Курапатаў, але ж гэтага няма.

РС: Усё ж цяпер у абаронцаў Курапатаў зьявіўся яшчэ тыдзень адноснай цішыні. Як на вашу думку варта выкарыстаць гэты час?

Дашкевіч: Будзем пашыраць інфармацыю пра Курапаты, працаваць зь мясцовымі жыхарамі, каб яны больш актыўна ўцягваліся ў справу, выступалі супраць гэтай будоўлі ня толькі сыходзячы з таго, што будуюць офіс пад іхнымі вокнамі, але і з маральнага, хрысьціянскага пункту гледжаньня. І, канешне, самі будзем гуртавацца шчыльней — маю на ўвазе абаронцаў Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG