Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліевы: улада і бізнэс


Аліевы: улада і бізнэс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:33 0:00

Колькі грошай мае прэзыдэнт Азэрбайджану і ягоная сямʼя, і што ім належыць у краіне?

«Настоящее время» аналізуе актывы кіруючай сямʼі і тое, навошта прэзыдэнт прызначыў сваю жонку на пасаду другой асобы ў дзяржаве.

21 лютага прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў прызначыў сваю жонку Мехрыбан Аліеву першым віцэ-прэзыдэнтам краіны. Яна і раней
нязьменна прысутнічала на ўсіх важных палітычных і культурных
мерапрыемствах, але цяпер першая лэдзі стала другой паводле значнасьці асобай у кіраўніцтве краіны.

Пачынаючы з 1996 году ў Азэрбайджане рэалізуецца апэрацыя „пасада ў спадчыну “ і ўводзіцца самаўладзьдзе

Пасада віцэ-прэзыдэнта зьявілася пасьля ўнясеньня зьменаў у
Канстытуцыю ў верасьні па выніках усенароднага рэфэрэндуму. Паводле гэтых паправак, пры датэрміновым сыходзе прэзыдэнта і да абраньня новага яго паўнамоцтвы выконвае першы віцэ-прэзыдэнт. На працягу гэтага тэрміну віцэ-прэзыдэнт мае недатыкальнасьць. Але, што яшчэ важней, атрымлівае шырокія палітычныя паўнамоцтвы, напрыклад, можа прадстаўляць краіну на вышэйшым узроўні і заключаць міжнародныя дамовы.

Грамадзкасьць неадназначна ўспрыняла новае прызначэньне жонкі Аліева: многія палічылі яго праявай непатызму і ўзурпацыі ўлады.

«Пачынаючы з 1996 году ў Азэрбайджане рэалізуецца апэрацыя „пасада ў спадчыну “ і ўводзіцца самаўладзьдзе, — заўважае палітоляг Раміз Юнус. — Спачатку Ільхам Аліеў, сын прэзыдэнта, стаў дэпутатам парлямэнту, потым яго сталі прасоўваць у прэзыдэнты Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. І я думаю, што вы ня зьдзівіцеся, калі ў Азэрбайджане бліжэйшым часам адбудуцца парлямэнцкія выбары, і 19-гадовы сын Ільхама Аліева Гейдар Аліеў-малодшы
таксама пачне свой шлях ва ўладу».

«Гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб гадоў за дзесяць падрыхтаваць глебу для таго, каб увесьці ва ўладу Гейдара Аліева-малодшага», — упэўнены палітоляг.

праблема ёсьць яшчэ і з бізнэс-дзейнасьцю першай лэдзі

Мехрыбан Аліева — заўважная прадстаўніца сямʼі Пашаевых — аднаго з самых уплывовых і заможных кланаў у краіне. Пасьля замужжа перад
Мехрыбан адкрыліся новыя магчымасьці. Пра тое, як яна імі скарысталася, можна прачытаць у дакладах Wikileaks і ў «Панамскім архіве».

Гэтае пытаньне таксама вывучала Хадзіджа Ісмайлава — журналістка і аўтарка шматлікіх расьсьледаваньняў аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады Азэрбайджану. Пасьля публікацый аб сямейным бізнэсе прэзыдэнта, Ісмайлава правяла за кратамі паўтара году і да гэтага часу ня можа выяжджаць з краіны.

«Прызначаць уласную жонку на ніжэйшую пазыцыю незаконна, — упэўненая Ісмайлава. — Але праблема ёсьць яшчэ і з бізнэс-дзейнасьцю першай лэдзі. Канстытуцыя забараняе сябрам парлямэнту займацца бізнэсам, а імя Мехрыбан Аліевай было пазначана ў дакумэнтах афшорных кампаній у якасьці сакратара і
саўладальніка кампаній, і пра гэта былі расьсьледаваньні».

«Сытуацыя настолькі абсурдная, што вельмі цяжка растлумачыць гэта неяк лягічна. Таму што афіцыйна Азэрбайджан усё яшчэ зьяўляецца рэспублікай, — падкрэсьлівае Ісмайлава. — Хоць дэ-факта казаць пра рэспубліку ў краіне, у якой кіруе пэўная сямʼя, будзе вельмі цяжка».

усё робіцца дзеля таго, каб гадоў за дзесяць падрыхтаваць глебу для таго, каб увесьці ва ўладу Гейдара Аліева-малодшага

Дзякуючы расьсьледаваньням Ісмайлавай і ўцечцы з «Панамскага архіву», частка актываў, якімі валодаюць члены сямʼі Аліевых, сталі здабыткам грамадзкасьці. Але, магчыма, ніколі ня будзе дакладных і поўных дадзеных аб маёмасьці і грошах найбагацейшай азэрбайджанскай сямʼі.

Сямʼі Аліевых у той ці іншай форме належаць як мінімум 26 афшорных
кампаній, зарэгістраваных у Панаме і на Брытанскіх Віргінскіх выспах.
Згодна з банкаўскімі дакумэнтамі «Паша-Банку», дочкі прэзыдэнта Лэйла і Арзу Аліевы валодаюць кампаніяй Pasha-Holding. Члены сямʼі таксама маюць шчыльныя адносіны з карпарацыяй Ata-Holding, якой належаць буйныя долі ў банкаўскім, тэлекамунікацыйным, горназдабыўным і нафтагазавым бізнэсе.

Паводле дакумэнтаў, Ata-Holding на 75% належыць кампаніям, у якіх
Лэйла і Арзу Аліевы лічацца кіраўнікамі, а асноўны кантроль
належыць Гейдару Аліеву.

Сямʼі прэзыдэнта таксама належаць некалькі банкаў, будаўнічых
кампаній, два з трох найбуйнейшых мабільных апэратараў Азэрбайджану. Члены сямʼі таксама валодаюць 11 асабнякамі ў Дубаі, а таксама нерухомасьцю ў Лёндане, Парыжы, чэскіх Карлавых Варах, Маскве, курортам Шах-Даг у Азэрбайджане і курортам у Чарнагорыі. Ім належаць некалькі гатэляў і горназдабыўное прадпрыемства Azerbaijan International Mineral Resources Operating Company.

****
Багацьце Аліевых рэзка кантрастуе з сытуацыяй у Азэрбайджане:
пакуль кіруючая сямʼя багацее, краіна перажывае ня найлепшыя часы ў
эканамічным пляне.

У 2016-м годзе, у сувязі з рэзкім падзеньнем коштаў на нафту
Азэрбайджан страціў чвэрць нацыянальнага даходу і амаль траціну
агульнага прыбытку ад не нафтавай прадукцыі. Асноўнымі напрамкамі экспарту для Азэрбайджану заўсёды былі краіны постсавецкай прасторы, якія цяпер таксама перажываюць ня найлепшыя часы: да прыкладу, гандлёвы абарот паміж Азэрбайджанам і Беларусьсю ў 2016-м скараціўся больш чым напалову.

Нягледзячы на крызіс, Азэрбайджан рыхтуецца прыняць IV Ісламскія гульні салідарнасьці: яны пройдуць у Баку ў траўні 2017 году. На іх правядзеньне вылучана каля 100 мільёнаў даляраў.

Папярэдняе буйное спартовае мерапрыемства, Эўрапейскія гульні 2015 году абышліся паводле афіцыйных дадзеных у 1,2 млрд даляраў, але рэальна гэтая лічба можа быць у разы вышэйшая — пабудова аднаго толькі Алімпійскага стадыёну каштавала 600 млн даляраў.

Улетку ў Баку другім разам пройдзе этап гонак Формулы-1. Невядома,
колькі краіна заплаціла за права прымаць у сябе прэстыжны турнір, але
кошт гоначнай трасы вядомы: 12 млн даляраў.

Пры гэтым, паводле зьвестак Дзяржаўнага статыстычнага камітэту, сярэдняя зарплата ў Азербайджане на 1 студзеня 2017 года склала 499 манат ($ 288). гэта на 7% больш за леташні паказчык, але кошты на прадукты харчаваньня за мінулы год вырасьлі на 14,5% — і гэта толькі паводле афіцыйных дадзеных, паводле неафіцыйных — амаль удвая. Гэта значыць, што даходаў азэрбайджанцаў сёньня ледзь хапае на прадукты і аплату камунальных рахункаў, што прыводзіць
да росту колькасьці бедных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG