Удзень 22 лютага ініцыятыўная група па абароне Курапатаў на чале з сустаршынёй БХД Паўлам Севярынцам і старшынёй БНФ Аляксеем Янукевічам запатрабавала асабістага прыёму старшыні Менгарвыканкаму.
Актывісты сабралі подпісы пад зваротам на імя Андрэя Шорца і хацелі перадаць яго асабіста чыноўніку.
Высьветлілася, што Шорца не было на месцы, і замест яго абаронцам Курапатаў прапанавалі прыём у намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Віктара Лапціна.
Чатырох чалавек папрасілі прайсьці ў кабінэт «бяз камэраў і запісу», журналістам уваход туды забаранілі. Прыём доўжыўся прыкладна паўгадзіны, пасьля чаго лідэры ініцыятыўнай групы агучылі вынік:
— Падчас перамоваў мы прыводзілі аргумэнт, што людзі ў Курапатах ужо пачынаюць кідацца пад тэхніку, пад трактары, каб спыніць будаўніцтва. Намесьнік старшыні адрэагаваў спакойна. Канешне, ягоная пазыцыя, што «ўсё правільна», але небясьпеку сытуацыі ён усё ж прызнаў і сказаў: «Магчыма, на некалькі дзён мы прыпынім там будаўнічыя працы да высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў».
Таму абаронцам Курапатаў можна спадзявацца на адпачынак. Тым часам ініцыятыўная група накіруе адпаведныя звароты ў Міністэрства культуры і Генэральную пракуратуру, бо наша мэта застаецца ранейшай — цалкам спыніць будаўніцтва бізнэс-цэнтру, — паведаміў журналістам Павал Севярынец.
Севярынец і Янукевіч заклікалі ўсіх неабыякавых прыносіць у лягер абаронцаў Курапатаў па вуліцы Мірашнічэнка, 49 цёплыя рэчы і гарбату. Абарона трывае ўжо трэці дзень.