Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі і актывісты ўхвалілі плян дзеяньняў па абароне Курапатаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ у Менску на круглы стол сабраліся грамадзкія актывісты, палітыкі і праваабаронцы, каб вызначыць, якім чынам абараняць Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

У арганізацыйны камітэт увайшлі старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец, актывіст кампаніі «Генплян — для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў, лідэр «Моладзі БНФ» Юры Лукашэвіч, эколяг Ірына Сухій, кіраўнік менскай арганізацыі АГП Зьміцер Кавалгін, журналіст, былы маладафронтавец Алесь Кіркевіч ды іншыя.

На паседжаньні абралі некалькі напрамкаў працы па абароне Курапатаў. Што тычыцца юрыдычных інструмэнтаў, то заўтра актывісты зьбіраюцца накіраваць калектыўны зварот у Менгарвыканкам з патрабаваньнем спыніць будоўлю побач з Курапатамі.

— Варта ісьці на прыём да Шорца і высьвятляць, чаму грамадзкасьць ня бачыла дакумэнтаў аўкцыёну, па выніках якога забудоўшчык атрымаў права разгарнуць працу менавіта ў гэтым месцы, — сказаў Дзяніс Кобрусеў.

Удзельнікі паседжаньня сьцьвярджаюць, што працэдура абмеркаваньня будоўлі з жыхарамі раёну была праведзеная неналежным чынам і занадта позна — восеньню 2016 году. Хоць зямлю пад будаўнічую пляцоўку кампанія атрымала яшчэ ў 2013 годзе.

Новае будаўніцтва каля Курапатаў
Новае будаўніцтва каля Курапатаў

Акрамя таго, аргкамітэт вырашыў актыўна ўзаемадзейнічаць з жыхарамі прылеглых дамоў — тыя таксама пратэстуюць супраць новага бізнэс-цэнтру і сабралі каля 500 подпісаў. Актывісты плянуюць друкаваць улёткі, рабіць плякаты і расьцяжкі з заклікам спыніць будоўлю ў Курапатах.

Раніцай стала вядома, што групу абаронцаў Курапатаў па вуліцы Мірашнічэнкі, 49 гвалтоўна выціснулі за агароджу пляцоўкі, і цяпер яны стаяць проста на вуліцы. Пры гэтым паміж імі і рабочымі пастаянна адбываюцца сутычкі. Намёт, які маладафронтаўцы прынесьлі ўчорашнім ранкам, рабочыя разбурылі і выкінулі. Нягледзячы на канфлікт, абаронцы Курапатаў застаюцца на месцы і не зьбіраюцца разыходзіцца.

Аргкамітэт аднагалосна пастанавіў падтрымаць пратэстоўцаў: на 17:00 абвешчаная «агульная мабілізацыя». Пратэстоўцам прынясуць цёплыя рэчы, гарбату ў тэрмасах, бочку, у якой можна разьвесьці агонь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG