Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца больш беларускамоўных клясаў у школах і групаў у дзіцячых садках


У шэрагу школаў і дзіцячых садкоў Фрунзенскага раёну Менску зь верасьня маюць адкрыцца групы зь беларускай мовай навучаньня.

Як распавяла агенцтву «Мінск-навіны» старшыня ўпраўленьня адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёну Ірына Чарняўская, плянуецца адкрыць першыя беларускамоўныя клясы ў гарадзкіх сярэдніх школах №№ 56, 96, 128, 151, 179, 199. А ў 179-й школе на беларускай мове будуць займацца і пяціклясьнікі.

Акрамя таго, у дзіцячых садках №№ 100, 205, 332, 384 і 399 з новага навучальнага году стартуе прыём у групы, дзе заняткі будуць весьціся выключна па-беларуску.

Скульптар і актывіст Генадзь Лойка ўжо ня першы год змагаецца за тое, каб ягоныя дзеці навучаліся на роднай мове.

— Яны ходзяць у беларускамоўную гімназію № 4, але там шэсьць настаўнікаў ня могуць працаваць зь дзецьмі па-беларуску. Я абураны гэтым фактам і сёлета хачу падаць у суд на гімназію. Бо калі супрацоўнікі адмаўляюцца гаварыць з навучэнцамі па-беларуску, яны парушаюць Закон аб мовах, паводле якога расейская і беларуская маюць аднолькавы статус, — сказаў карэспандэнту Свабоды Лойка.

Актывіст пакуль ніяк ня зьвязвае зьяўленьне беларускамоўных клясаў у Фрунзенскім раёне са сваім змаганьнем, хоць гімназія № 4 належыць якраз да гэтага раёну.

Акрамя 4-й гімназіі, у Фрунзенскім раёне Менску працуе беларускамоўны дзіцячы садок № 534, а таксама ёсьць адна група зь беларускай мовай навучаньня ў садку № 565.

Старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч сказала Свабодзе, што апошнім часам беларускамоўнае навучаньне ў Беларусі скарачаецца, і тэндэнцыя дагэтуль складалася адмоўная.

«Таму хочацца камэнтаваць ня словы, а справы. Паводле статыстыкі, у нас штогод зьмяншаецца колькасьць беларускамоўных навучальных установаў — школьных і дашкольных. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі 10% дашкольных установаў былі беларускамоўнымі ў 2014–2015 гадах. А ў школах краіны вучыцца на беларускай мове 128,6 тысячы чалавек, што складае 13% ад агульнай колькасьці вучняў. Гэту лічбу паведамілі Алене Анісім на яе дэпутацкі запыт. Па Менску як было пяць школ, так і засталося. Таму, канечне, адкрыцьцё беларускіх клясаў і групаў у садках трэба вітаць. Але хочацца верыць, што гэтыя намеры будуць рэалізаваныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG