Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што хочуць дамовіцца эўрапейскія лідэры на саміце ў Капэнгагене


Паліцыянты ў Капэнгагене напярэдадні саміту
Паліцыянты ў Капэнгагене напярэдадні саміту

Пасьля нядаўняга зьяўленьня дронаў, якія парушылі паветраны рух у сталіцы Даніі Капэнгагене і горадзе Ольбаргу, улады гэтай краіны сабралі эўрапейскіх лідэраў 1–2 кастрычніка на два саміты – у пытаньнях бясьпекі і абароны.

Швэцыя й Нямеччына забясьпечваюць дадатковую абарону ад бесьпілётнікаў свайму суседу перад сустрэчамі, першая зь якіх будзе прысьвечана ўзмацненьню эўрапейскай абароны разам з Украінай, у ёй возьмуць удзел лідэры ўсіх 27 дзяржаваў Эўразьвязу.

Эўрапейская камісія разаслала дыскусійны дакумэнт, зь якім азнаёмілася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. У дакумэнце прапануюцца вайсковыя праекты для Эўразьвязу на наступныя пяць гадоў, а больш падрабязную «дарожную мапу» маюць узгадніць лідэры дзяржаваў ЭЗ, калі зноў сустрэнуцца ў канцы кастрычніка ў Брусэлі.

У самым пачатку дакумэнт здымае ўсе сумневы наконт таго, чаму Эўропе трэба больш выдаткоўваць на абарону: «Неабходнасьць паскарэньня і нарошчваньня намаганьняў адлюстроўвае востры і нарастальны характар сёньняшніх пагрозаў, а таксама зьменлівы ляндшафт пагрозаў, зь якімі Эўропа і дзяржавы-чальцы павінны лічыцца, адаптавацца і рыхтавацца да іх. Гэта пачынаецца зь нічым не справакаванай поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая дасягае новых вышыняў жорсткасьці і гвалту. Неабдуманыя правакацыі супраць дзяржаваў-чальцоў – ад кібэратак да парушэньня паветранай прасторы – набіраюць абароты».

У дакумэнце акрэсьленыя чатыры галоўныя праекты, якія мае фінансаваць Брусэль: «Эўрапейская сьцяна бесьпілётнікаў», «Назіраньне за ўсходнім флянгам», «Шчыт супрацьпаветранай абароны» і «Шчыт абароны ў касьмічнай прасторы». Адзначана, што два першыя праекты «вымагаюць асаблівай тэрміновасьці і павінны апэратыўна прасоўвацца».

Хоць дэталі яшчэ маюць удакладняць неўзабаве, у прыватнасьці, на сустрэчах міністраў абароны краінаў ЭЗ, у тэксьце гаворыцца, што сьцяна бесьпілётнікаў «будзе распрацавана як шматпластовая, глыбокая зона тэхналягічна перадавых сыстэмаў з сумяшчальнымі магчымасьцямі барацьбы з дронамі празь іх выяўленьне, адсочваньне і нэўтралізацыю, а таксама магчымасьцямі зьнішчаць наземныя цэлі з выкарыстаньнем дронавай тэхналёгіі для дакладнага ўдару».

У дакумэнце таксама сказана, што ЭЗ мае скарыстацца досьведам Украіны ў гэтым пытаньні. 30 верасьня старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што камісія пагадзілася фінансаваць вытворчасьць бесьпілётнікаў ва Ўкраіне на 2 мільярды эўра.


«Назіраньне за ўсходнім флянгам» – гэта яшчэ больш амбітны праект, накіраваны ня толькі на дроны, але і на супрацьдзеяньне так званаму ценеваму флёту Расеі, іншым відам гібрыдных апэрацыяў унутры ЭЗ і нават клясычнай узброенай агрэсіі.

У тэксьце гаворыцца, што праект «накіраваны на ўмацаваньне ўсходніх межаў перад абліччам наземных, паветраных і морскіх пагрозаў, спрыяючы бясьпецы ўсяго Зьвязу», і грунтуецца на чатырох элемэнтах: наземная абарона – такая як фартыфікацыйныя і супрацьмабільныя сыстэмы, эўрапейская сьцяна бесьпілётнікаў, бясьпека ў Балтыйскім і Чорным моры, а таксама сачэньне за касьмічнай абстаноўкай.

Канкрэтныя выдаткі ня называюцца, але варта адзначыць, што Эўрапейская камісія прапанавала вылучыць 131 мільярд эўра на абаронныя праекты ў сваёй прапанове наступнага шматгадовага бюджэту ЭЗ (2028–2034).

Раней сёлета Брусэль таксама вылучыў пазыку ў 150 мільярдаў эўра, вядомую як SAFE, для росту вытворчасьці абароннай прадукцыі ва ўсім Эўразьвязе. На сёньня 19 краін ЭЗ скарысталіся гэтым фінансавым фондам, прычым Польшча і Румынія стануць найбольшымі атрымальнікамі зь яго.

Што да Ўкраіны, то не чакаецца, што лідэры пагодзяцца з новым пакетам санкцыяў, прапанаваным раней у верасьні. А некаторыя сталіцы ўсё яшчэ супраціўляюцца прапанове паступова адмовіцца ад усяго расейскага звадкаванага прыроднага газу да 2027 году.



Што да працягу фінансаваньня Кіева Эўразьвязам, лідэры дзяржаваў ​хочуць, каб фон дэр Ляен расказала больш пра яе новую задуму «рэпарацыйнага крэдыту» ў 140 мільярдаў эўра.

Яны таксама абмяркуюць, як выйсьці з тупіку на шляху змардаванай вайною краіны да ўступленьня ў ЭЗ. Вугоршчына ўжо больш за год блякуе пачатак перамоваў, бо Будапэшт сьцьвярджае, што вугорскамоўная меншасьць ва Ўкраіне ня мае дастаткова правоў.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта выйшаў з ідэяй зьмяніць агульны мэханізм далучэньня да ЭЗ, каб адкрываць чарговыя разьдзелы працэдуры ўступленьня магла кваліфікаваная большасьць (55 працэнтаў дзяржаваў-чальцоў, якія рэпрэзэнтуюць 65 працэнтаў насельніцтва ЭЗ) і каб толькі закрыцьцё перамоваў патрабавала аднагалоснасьці.

Для такой зьмены спатрэбіцца зялёнае сьвятло ад усіх сталіц ЭЗ, у тым ліку Будапэшту, што здаецца малаімаверным. Але высокапастаўлены службовец ЭЗ, які анансаваў саміт прадстаўнікам мэдыя, адзначыў, што ў Кошты «ня склалася ўражаньня, што гэта зусім немагчыма».

На другі дзень, 2 кастрычніка, лідэры ​краін ​ЭЗ зьбяруцца зь лідэрамі эўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, на паўгадавы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (ЭПС). ЭПС рэдка прымае рашэньні, але з увагі на тое, што кіраўнікі ўрадаў усяго кантынэнту – з выняткам Ватыкану, Беларусі і Расеі – зьбяруцца ў адным месцы на шэсьць-сем гадзін «хуткага палітычнага спатканьня», некаторыя цікавыя высновы абавязкова зьявяцца.

Чакаецца, што там будзе і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паколькі гэта не афіцыйная сустрэча ЭЗ, запрашэньне перадалі і прэм'ер-міністру Грузіі Іраклію Кобахідзэ, чый статус аспрэчваецца. Пасьля спрэчных парлямэнцкіх выбараў у Грузіі ў кастрычніку летась Брусэль вырашыў спыніць палітычныя кантакты высокага ўзроўню з Тбілісі, і большасьць прадстаўнікоў ЭЗ звычайна трымаецца гэтага падыходу.



Акрамя пленарнага пасяджэньня ЭПС і двухбаковых перамоваў, лідэры зробяць перапынак для трох рабочых групаў у наступных тэмах: бясьпека і ўстойлівасьць – традыцыйныя і новыя пагрозы; эканамічная бясьпека – скарачэньне эўрапейскіх залежнасьцяў; міграцыя – эфэктыўны кантроль міграцыйных патокаў.

Анонс дыскусіі на апошнюю тэму сьведчыць пра адыход ад больш лібэральнага стаўленьня да іміграцыі ў бок больш жорсткай палітыкі, якая робіць акцэнт на памежным кантролі і барацьбе з кантрабандай людзей.

Напрыклад, у тэксьце, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода, задаецца пытаньне: «Дзе краіны ЭПС павінны сканцэнтраваць свае намаганьні, каб паскорыць укараненьне новых і інавацыйных рашэньняў, у тым ліку з краінамі паходжаньня і транзыту мігрантаў?» і «Як нам забясьпечыць эфэктыўнае вяртаньне і больш эфэктыўную дэпартацыю іншаземных крымінальнікаў?»

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG