Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў супраць «Белавія» ўрад Беларусі паскардзіўся на «палітызаваную дыскрымінацыю» ў авіяцыі


Самалёт «Белавія». Ілюстрацыйнае фота
Самалёт «Белавія». Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра транспарту і камунікацыяў Беларусі Сяргей Дубіна на пасяджэньні Асамблеі Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ІСАО) выказаў «сур’ёзную заклапочанасьць» з прычыны «аднабаковых абмежавальных мераў дыскрымінацыйнага характару супраць шэрагу дзяржаваў».

Як заяўлена ў паведамленьні прэсавай службы беларускага ведамства, гэтыя абмежаваньні «супярэчаць асноўным прынцыпам і нормам міжнароднага права».

У сваім выступе Сяргей Дубіна сказаў, што «дыскрымінацыйная забарона на выкарыстаньне паветранай прасторы для палётаў цывільных паветраных караблёў, адмова ў наданьні інфармацыі для забесьпячэньня падтрыманьня лётнай прыдатнасьці, аэранавігацыйнага і наземнага абслугоўваньня нэгатыўным чынам уплываюць як на бясьпеку палётаў, гэтак і на ўстойлівае разьвіцьцё ўсясьветнай цывільнай авіяцыі».

Беларуская дэлегацыя заклікала дзяржавы, якія ўваходзяць у склад ІСАО зрабіць усё магчымае, каб папярэдзіць выкарыстаньне краінамі «палітызаваных дыскрымінацыйных абмежавальных мераў у сфэры міжнароднай цывільнай авіяцыі».

11 верасьня намесьнік спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці й бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.

30 верасьня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг на Варшаўскім форуме бясьпекі патлумачыў, што Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш з прычыны бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць улады Беларусі магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG