Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе супрацоўнічаць з Кітаем у барацьбе з тэрарызмам, карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі


Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Кітаю. Ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Кітаю. Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі і Міністэрства грамадзкай бясьпекі Кітаю падпісалі дамову аб супрацы.

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнту, дамову падпісалі 16 верасьня.

У дамове вызначаныя наступныя кірункі супрацы:

  • барацьба з злачыннасьцю, у тым ліку ў яе арганізаваных формах, з тэрарызмам, карупцыяй, незаконным абарачэньнем зброі, наркатычных рэчываў і іх прэкурсораў,
  • злачынствы ў сфэры эканомікі, кібэрзлачынствы і іншыя віды злачынстваў, якія нясуць пагрозу грамадзтву,
  • рыхтаваньне і павышэньне кваліфікацыі кадраў для органаў папярэдняга сьледзтва,
  • навукова-дасьледчая дзейнасьць у пытаньнях, у якіх зацікаўленыя абодва бакі.


У дамове асобна сказана, што яна не закранае пытаньня выдачы асобаў, якія ўчынілі злачынствы, і наданьня праўнай дапамогі ў крымінальных справах.

За апошнія гады Кітай стаў стратэгічным партнэрам Беларусі, а ў некаторых спрэчных міжнародных пытаньнях — і пасярэднікам. Так, у прыватнасьці, пасьля таго як Польшча закрыла сваю мяжу, кітайскія дэлегацыі наведалі Варшаву і Менск. Неўзабаве пасьля гэтага мяжу зноў адкрылі. У Беларусі Кітай ажыцьцяўляе шэраг важных праектаў, у тым ліку індустрыяльны парк і ініцыятывы ў межах «Аднаго поясу, аднаго шляху». Апошні праект якраз апынуўся пад пагрозай праз закрыцьцё мяжы з Польшчай.

Апроч таго, Кітай цяпер дае Беларусі крэдыты для ажыцьцяўленьня праектаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG