Італьянскія афіцыйныя асобы падазраюць, што расейскія хакеры атакавалі кампутарныя сеткі міністэрства замежных справаў краіны.
Паводле выданьня The Guardian, якое спасылаецца ня неназваныя крыніцы ва ўрадзе Італіі, перабоі ў працы электроннай пошты ведамства пачаліся ўвесну 2016 году і працягваліся больш за 4 месяцы, перш чым былі заўважаныя. Пры гэтым абарона сакрэтнай інфармацыі ўзламаная не была. Кібэратакі былі зьдзейсьненыя і на замежныя прадстаўніцтвы МЗС Італіі.
Наўпрост аб датычнасьці Расеі да нападаў ніхто ня кажа, але мяркуюць, што за гэтым стаяць расейскія хакеры, зьвязаныя зь дзяржаўнымі структурамі.
Расьсьледаваньне праводзіць галоўная пракуратура Рыму.
Занепакоенасьць кібэрпагрозамі з боку Расеі выказваюць такія краіны НАТО, як ЗША, Нямеччына, Францыя, Нідэрлянды і Баўгарыя.
Расея ўсе абвінавачваньні абвяргае.