Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна-Беларусь: інцыдэнт з вяртаньнем самалёту «Белавія» вычарпаны, бакі не маюць узаемных прэтэнзій


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У дзяржаўным прадпрыемстве абслугоўваньня паветранага руху Ўкраіны («Украэрарух») пацьвердзілі, што інцыдэнт зь вяртаньнем самалёту кампаніі «Белавія» ў аэрапорт вылету летась ў кастрычніку цалкам вычарпаны.

«Перамовы адносна кампэнсацыі завершаныя, і бакі ня маюць узаемных прэтэнзій», — паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік «Украэраруху».

У той жа час у кампаніі не ўдакладнілі мэханізм, паводле якога будзе рабіцца кампэнсацыя — фінансавымі сродкамі, паслугамі ці дадатковымі частотамі для палётаў беларускіх самалётаў у паветранай прасторы Ўкраіны. «Усё астатняе — пытаньні, якія маюць вырашыць на ўзаемнай аснове суб’екты гаспадарчай дзейнасьці», — адзначылі ў дзяржаўным прадпрыемстве абслугоўваньня паветранага руху Ўкраіны.

Напрыканцы студзеня пад час падпісаньня з кампаніяй «Белавія» пагадненьня аб узроўні якасьці (Service level agreement) у «Украэраруху» заявілі пра намер павялічыць колькасьць рэгулярных і чартэрных рэйсаў «Белавія» у паветранай прасторы Ўкраіны.

Беларуская дзяржаўная кампанія «Белавія» у 2016 годзе зрабіла каля 13 тысяч рэйсаў ва Ўкраіну і, такім чынам, па выніках 2016 году ўвайшла ў тройку лідэраў сярод перавозчыкаў па колькасьці палётаў, выкананых ва ўкраінскай паветранай прасторы. Летась «Белавія» павялічыла колькасьць рэйсаў на 21,6 % да ўзроўню 2015 году.

«Пытаньне ўрэгуляванае па ўзаемавыгадным разуменьні двух бакоў»

Некалькі дзён таму генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў заявіў, што пытаньне аб кампэнсацыі за вяртаньне самалёта «Белавія» ў «Жуляны» ўрэгуляванае. «Гэтае пытаньне ўрэгуляванае па ўзаемавыгадным разуменьні двух бакоў. Праблема закрытая, кампэнсацыйны мэханізм знойдзены з улікам заканадаўства Ўкраіны і Беларусі. Па суме, якую мы прад’явілі ўкраінскаму боку, знойдзены варыянт кампэнсацыі, нас гэта ў поўнай меры задаволіла», — заявіў гендырэктар.

21 кастрычніка 2016 года экіпаж самалёту «Боінг 737-800», які ляцеў у Менск, атрымаў загад украінскіх дыспэтчараў вярнуцца ў аэрапорт «Жуляны». Тады «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іхнага распараджэньня. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.

Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі Службы бясьпекі Ўкраіны (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» у Менск.

Міністэрства замежных справаў Беларусі тады накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Менск сьцьвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць зьнішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 10 лістапада, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе тэлефоннай размовы выбачыўся за вяртаньне беларускага самалёта ў аэрапорт вылету і паведаміў пра пакараньне вінаватых у гэтым інцыдэнце. У той жа час прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта гэтага не пацьвердзіла.

Пазьней Дзяржаўнае прадпрыемства «Украэрарух» і Служба бясьпекі Ўкраіны зьняпраўдзілі інфармацыю пра прыцягненьне да дысцыплінарнай адказнасьці дыспэтчараў, якія аддалі загад экіпажу беларускага самалёта вярнуцца ў аэрапорт вылету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG