Між тым, варта пабачыць толькі адзін яе фотаздымак (а іншыя знайсьці пакуль і не атрымалася), які захаваўся ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва, каб зразумець, што асоба гэтая была неардынарная, творчая і... таямнічая. І гэта пацьвярджаюць нешматлікія вядомыя факты яе біяграфіі, часткова сабраныя ўкраінскай дасьледчыцай Вольгай Ямковай (часопіс «Спадчына», 2002, № 5-6), але збольшага — рассыпаныя па розных друкаваных і архіўных крыніцах.
...Ганна Душэўская нарадзілася 1 (13) сьнежня 1893 году ў г. Глыбокім Віленскай губэрні ў сям’і зьбяднелага шляхціца, будаўніка паводле прафэсіі. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Вільні ў мясцовай жаночай гімназіі. У 1917-м паступіла на гістарычна-філялягічны факультэт Пецярбургскага ўнівэрсытэту, пасьпела закончыць два курсы. Досьвед навучаньня ў гэтай вядомай установе дапамог ёй стаць адной з укладальнікаў унікальнага «Сямімоўнага слоўніка» (нямецка-польска-расейска-беларуска-літоўска-латыска-габрэйскага), які ўбачыў сьвет у Ляйпцыгу ў 1918 годзе.
Вярнуўшыся ў Вільню, Ганна Душэўская актыўна ўдзельнічала ў беларускім нацыянальным руху, была сябрам Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны, Беларускага настаўніцкага хаўрусу, нейкі час выкладала польскую мову ў Віленскай беларускай гімназіі. Дзякуючы сваім артыстычным здольнасьцям Ганна з 1919 году ўдзельнічала ў спэктаклях Віленскай беларускай драматычнай дружыны, грала вядучыя ролі ў п’есах Францішка Аляхновіча і Ўладзіслава Галубка.
Аднак польскія ўлады перасьледавалі беларускую нацыянальную дзяячку, і яна пэрыядычна зьяжджала ў Коўна да брата Клаўдзія. У літоўскай сталіцы працавала ў мясцовых беларускіх нацыянальных арганізацыях. Праявіла сябе і як актывістка беларускага жаночага руху, была адной з ініцыятарак стварэньня ковенскага гуртка беларусак.
Але неўзабаве Ганна Душэўская пераехала ў Нямеччыну, дзе паступіла ў Бэрлінскую кансэрваторыю ў клясу вакалу. У ейнай кватэры па Філяндаштрасэ раз-пораз спынялася Палута Бадунова, зь якой у маладой сьпявачкі былі прыязныя, магчыма, нават сяброўскія адносіны. Набыўшы прафэсійную музычную адукацыю, Ганна хацела вярнуцца ў Вільню і арганізаваць там беларускі хор, але не атрымала дазволу ад польскіх уладаў. Нязьдзейсьненай засталася і спроба стварыць такі хор у Менску.
У 1925-1927 гадах Ганна Душэўская жыла ў Таліне ў сястры Ядвігі, потым — зноў у Коўне, працавала настаўніцай музыкі. А вось дзе і калі скончыўся яе жыцьцёвы шлях — высьветліць пакуль не ўдалося...
Быў у жыцьці Ганны Душэўскай і яшчэ адзін сталы занятак — пераклады. Праўда, яе перакладчыцкія цікаўнасьці былі спэцыфічныя, абумоўленыя яе музычна-тэатральнай дзейнасьцю. «Грам. Душэўская пераклала на беларускую мову многа чужаземных опэр і песень», — пісала віленская газэта-аднаднёўка «Іскра» ад 31 траўня 1925 г. Лёс гэтых перакладаў, на жаль, збольшага невядомы: у тагачасным друку адшукаліся толькі асобныя песьні ў перастварэньні Г. Душэўскай. Напрыклад, раманс «Ці я ў полі ня траўка была?» («Я ли в поле да не травушка была?») расейскага кампазытара Пятра Чайкоўскага на верш паэта Івана Сурыкава. Альбо верш «Апошняя ружа лета» ірляндзкага паэта Томаса Мура, пакладзены на музыку кампазытарам Джонам Стывэнсанам, а пазьней уключаны ў якасьці «народнай песьні» ў рамантычна-камічную опэру «Марта, альбо Рычмандзкі кірмаш» нямецкага кампазытара Фрыдрыха фон Флётава на лібрэта Вільгельма Фрыдрыха (Рызэ).
Перакладала Ганна Душэўская ня толькі песьні ды рамансы. У 1918 годзе ў газэце «Гоман» у ейным перастварэньні быў надрукаваны верш «На Беларусі» польскага пісьменьніка Віктара Гамуліцкага (1848-1919), напісаны пад уражаньнем ад падарожжа па Беларусі ў 1907 г.:
На беларускіх нівах ціш сонная ляжыць,
Чуць ў далі зорка мігае.
А зь беларускіх хат модлаў шэпт бяжыць,
І скрыпка сумна іграе.
Тут сонейка бляднейшыя праменьні,
І таёмныя у тварах цені,
І нейкае духа прытаеньне,
Што, кром усяго, — трывае...
Гэта першы пераклад згаданага верша на беларускую мову — пакуль даволі каструбаваты, занадта блізкі да тэксту, з шэрагам захаваных палянізмаў. Але пазьней да гэтага твору будуць зьвяртацца перакладчыкі розных пакаленьняў: Альбін Стаповіч, Максім Танк, Васіль Сёмуха, і чым бліжэй да сучаснасьці — тым больш вытанчана будзе гучаць па-беларуску верш В. Гамуліцкага...
Пісала Ганна Душэўская і ўласныя паэтычныя творы. У віленскай газэце «Наша думка» за 14 студзеня 1921 году знаходзім яе верш «Ноч». Вядома ж, пра ноч пісалі многія паэты і паэткі, але вось такога — каб увесь верш прамаўляўся ад імя самой ночы — здаецца, не прыгадваецца:
НОЧ
Ня бойся, што хмараю цёмнай
Так доўга вішу над зямлёй,
Што ў лесе хваёвым так сумна,
Як ў долі гаротнай тваёй.
Ня вечна ж і цемрай і жахам
Я буду цябе абнімаць;
Ня вечна і сьцюжай, і страхам
Я буду зямлю спавіваць.
Як прыйдзе вясна-чараўніца,
Як скіне мой чорны убор
І збудзіцца маці-зямліца,
Адклікнецца голасна бор —
Узьдзену я новыя шаты
З празрыстых праменьняў вясны,
І пояс зялёны, багаты,
І золак, і зоркі, і сны...
І зь ціхім і лёгкім ўздыханьнем
Я буду па траўцы ступаць,
І негія словы каханьня
На сьпячых людзей навяваць.
Калі ж не дажджэш і загінеш,
І скрыесься ў чорнай зямлі,
А жаль і нуду тут пакінеш,
Каб скардзіцца вечна маглі, —
Я ў цьме, непрыметнай рукою,
І жаль, і нуду ўсю зьбяру,
І раніцай з зор грамадою
Да Бога, у неба зьнясу.
1920.
Вільня.
А можа, на таямнічым здымку, што захаваўся ў архіве-музэі, акторка і паэтка Ганна Душэўская сфатаграфавалася акурат у вобразе Ночы?
Віктар Жыбуль