У будынку Ленінскага суду пачалося паседжаньне суду Першамайскага раёну ў гэтак званай «справе антыфашыстаў». Групу грамадзкіх актывістаў і футбольных фанатаў абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні «іншай сацыяльнай групы» — заўзятага футбольнага клюбу «Тарпеда». На лаве падсудных Ільля Валовік, Вадзім Бойка, Дзьмітры Цехановіч, Філіп Іваноў, Арцём Краўчанка, Андрэй Чартовіч.
Хлопцы былі арыштаваныя ў сакавіку 2016 году, і з таго часу чацьвёра зь іх знаходзяцца пад вартай. У Ільлі Валовіка, пакуль той сядзіць за кратамі, нарадзілася дачка, якую ён бачыў толькі аднойчы. Інцыдэнт, у якім, паводле сьледзтва, удзельнічалі абвінавачваныя, адбыўся ў Менску 29 чэрвеня 2014 году. У той дзень на стадыёне «Тарпеда» праходзіла матч паміж клюбамі «Тарпеда» і «Маладзечна».
Паводле сьледзтва, абвінавачваныя з прычыны «ідэалягічнай варожасьці да прадстаўнікоў іншай сацыяльнай групы» спачатку пагражалі пацярпелым расправай і гвалтам на прыпынку грамадзкага транспарту на вуліцы Несьцерава, а потым спынілі тралейбус, у якім фанаты «Тарпеда» зьбіраліся ехаць на гульню. У тралейбусе падсудныя нібыта ўчынілі хуліганскія дзеяньні: распылілі невядомы газ, разьбілі шкло, пашкодзілі рэчы пацярпелых. Таксама абвінавачваныя Краўчанка і Чартовіч, як лічыць сьледзтва, распаўсюджвалі і ўжывалі наркотыкі — марыхуану і гашыш.
На судзе чатыры абвінавачваныя знаходзяцца за кратамі — гэта Валовік, Бойка, Краўчанка і Чартовіч. Філіп Іваноў, які працуе лекарам, і грузчык Дзьмітры Цехановіч знаходзяцца ў судовай зале, яны не арыштаваныя. «Пацярпелыя», у тым ліку Бондар, якому нібыта парвалі майку коштам 30 рублёў, у суд не зьявіліся.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, частка абвінавачваных прызнае віну, іншыя адмаўляюцца. Напярэдадні суду праваабаронцы зьвярталі ўвагу прэсы на тое, што справа «аб бойцы з фанатамі ў тралейбусе», якая адбылася ўжо амаль 3 гады таму, была «рэанімаваная» ўладамі, каб сьцішыць актыўнасьць грамадзкіх актывістаў, у тым ліку футбольных фанатаў, якія выступалі супраць праяў фашызму сярод аматараў футболу.
На нядаўнім праваабарончым форуме ў Менску ў падтрымку палітвязьняў шэраг праваабаронцаў — у прыватнасьці, Вольга Мікалайчык, Міхаіл Пастухоў і Кацярына Садоўская — казалі пра тое, што перасьлед па гэтай справе выкліканы грамадзкай актыўнасьцю абвінавачаных.
Паводле сьледзтва, абвінавачваныя належалі да незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў «Першакроў», «Хеўра», «Red white hunters», «New school band», якія падтрымлівалі былы футбольны клюб «Партызан-2002» — цяпер МТЗ-РІПО. Таксама сьледзтва лічыць, што актывісты гэтых арганізацыяў зьбіраліся распаўсюджваць у беларускім грамадзтве «радыкальныя антыфашысцкія ідэі». Назіральнікі адзначаюць, што да арышту гэтых актывістаў шырока пра дзейнасьць групаў, якія яны нібыта арганізавалі, не было вядома.
Паводле сьледзтва, тралейбуснаму парку дзеяньнямі падсудных нанесеныя страты на 23 рублі.
Працэс у будынку Ленінскага суду вонкава нагадвае ранейшыя працэсы над палітычнымі актывістамі, якіх судзілі за Плошчу-2010. Дом правасудзьдзя гэтак жа ахоўваецца ўзмоцненымі нарадамі міліцыі і АМАПу, прапускаюць у судовую залю толькі праз мэталашукальнік і пасьля асабістага агляду, у судовай залі дзяжураць 5 міліцыянтаў, у тым ліку афіцэры. Судовая заля запоўненая сваякамі падсудных, журналістамі і праваабаронцамі.
Старшынюе судзьдзя Перашамайскага суду Дзьмітры Цэкал.
3 лютага ў судзе зачыталі абвінавачаньне і дамовіліся пра пачатак допыту падсудных. Працэс працягнецца 6 лютага.
Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў, якога летась асудзілі за «графіці» ў абарону беларускай мовы, лічыць, што гэты працэс палітычны.
«Хлопцаў яўна хочуць пакараць за іхныя палітычныя пагляды, за тое, што былі супраць праяў фашызму і за беларушчыну. Я бачыў, як з чацьвярых маладзёнаў, што ішлі на суд, зьнялі майкі, бо на іх былі нейкія надпісы. Міліцыянты ўжо баяцца любых надпісаў. А дзе ў судзе пацярпелыя? І якія яны пацярпелыя? Нікога не пабілі, „дэманстравалі сілу“ — і гэта ўсё злачынства? І што гэта за страты, якія нібыта нанесьлі — на 23 рублі разьбілі шкла, парвалі майку за 30 рублёў? Улада яўна баіцца любой палітычнай актыўнасьці моладзі, тым больш антыфашысцкай, і таму „пашылі“ гэтую справу, а людзі рэальна пакутуюць за кратамі ўжо больш за паўгода», — сказаў Свабодзе Вячаслаў Касінераў пасьля заканчэньня судовага паседжаньня.