Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Надзея Саўчанка стала найбольш вядомым палітычным вязьнем Расеі — за яе свабоду разам з украінскімі палітыкамі ды грамадзтвам паўсталі вядомыя міжнародныя палітычныя і грамадзкія дзеячы, а звычайныя грамадзяне розных краін сьвету падтрымлівалі героя Ўкраіны ў сацыяльных сетках.
Што стала вызначальным для яе вызваленьня, дагэтуль невядома. Але застаецца фактам, што пасьля абмену яе і яшчэ двух украінцаў, Генадзя Афанасьева і Юрыя Салашэнкі, за кратамі ў расейскіх турмах застаюцца яшчэ як мінімум паўсотні ўкраінцаў. Але іх справы ня маюць такой гучнай міжнароднай рэакцыі.
Зьняволеньне як частка гібрыднай вайны
Пытаньне ўкраінскіх палітычных вязьняў у канцы студзеня актуалізавала Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, калі з ініцыятывы ўкраінскай дэлегацыі ўхваліла рэзалюцыю «Нападкі на журналістаў і свабода СМІ ў Эўропе» з патрабаваньнем да Расеі вызваліць рэжысэра Алега Сянцова і журналістаў Рамана Сушчанку і Мікалая Сэмэну. Расея ня выканала рэзалюцый, і, як мяркуюць праваабаронцы, наўрад ці выканае. Але такі мэханізм застаецца адной з формаў міжнароднага ціску на Расею для вызваленьня палітычных вязьняў.
Праваабаронцы ня могуць назваць агульную колькасьць украінскіх грамадзян, пазбаўленых волі на тэрыторыі Расеі. Пакуль што яны гавораць пра справы 37 украінцаў, пра якія вядома дакладна.
«Летам мінулага году з тэрыторыі акупаванага Крыму незаконна перамешчаныя на тэрыторыю Расеі ня менш як 2200 асуджаных грамадзян Украіны для адбываньня пакараньня ў найбольш аддаленых кутках Расеі. Гэта для разуменьня колькасьці спраў, да якіх мы меліся б атрымаць доступ, каб разабрацца, хто насамрэч учыніў правапарушэньне, хто быў асуджаны безь віны, а хто — з палітычных матываў. Але гэта немагчыма, таму ў нашым сьпісе знаходзяцца 37 чалавек», — кажа Аляксандра Матвійчук, каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «Эўрамайдан SOS». Амаль тры гады таму разам зь іншымі неабыякавымі людзьмі яна заснавала праваабарончую кампанію #LetMyPeopleGo для дапамогі ўкраінцам, затрыманым у Расеі і акупаваным Крыме.
Уяўныя «тэрарысты» і «дывэрсанты»
Паводле ўкраінскіх праваабаронцаў, супраць грамадзян Украіны Фэдэральная служба бясьпекі Расеі найчасьцей выкарыстоўвае антытэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства — яно найбольш рэпрэсіўнае і дае вельмі шырокія магчымасьці, каб адвольна прыцягваць невінаватых людзей да адказнасьці.
Першым украінскім «тэрарыстам» стаў кінарэжысэр, сцэнарыст і пісьменьнік Алег Сянцоў, якога затрымалі адразу пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе і праз год асудзілі на 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Ён не прызнаў сябе вінаватым, заявіў пра катаваньні і фабрыкацыю справы. Цяпер адбывае пакараньне ў Якуціі. Ягоная жонка падала заяву на развод, абгрунтоўваючы гэта немагчымасьцю пакінуць Крым з прычыны хваробы маці і праблемаў з аплатай жытла, а родная сястра ад яго адмовілася. Абаронай Алега Сянцова на ўсіх узроўнях займаецца стрыечная сястра Натальля Каплан, але асабістыя аспэкты не камэнтуе.
«У справе Алега Сянцова, як і ў іншых справах, ёсьць такая агульная характарыстыка — гэта палітыка ізаляцыі, якую Расея выкарыстоўвае ў дачыненьні да людзей як на розных этапах фабрыкацыі справы, так і ў часе адбываньня пакараньня — ёсьць складанасьці з атрыманьнем нават лістоў, хоць гэта такая практычна адзіная невялікая радасьць, паведамленьне са зьнешняга сьвету для падтрыманьня духу чалавека, які знаходзіцца за кратамі і мае пэрспэктыву праседзець там 20 гадоў праз сфабрыкаваную справу», — кажа Аляксандра Матвійчук.
У тэрарызьме абвінавачваюць і 16 крымскіх мусульман за ўдзел у забароненай у Расеі арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр».
Да «вайсковых злачынцаў» Мікалая Карпюка (актывіста УНА-УНСО) і гісторыка-журналіста Станіслава Клыха, асуджаных на 22,5 і 20 гадоў адпаведна за нібыта забойства расейскіх вайскоўцаў у часе чачэнскай вайны, не дапускалі незалежных адвакатаў, украінскага консула і доўга катавалі, кажа каардынатарка ініцыятывы «Эўрамайдан SOS» Аляксандра Матвійчук. «Зь незалежнымі адвакатамі яны сустрэліся толькі ў залі судовага пасяджэньня. Такая палітыка ізаляцыі выкарыстоўваецца, каб зламаць чалавека, зрабіць так, каб ад яго не было ніякіх інфармацыйных сыгналаў, каб пра яго ніхто не гаварыў, ня ведаў, не пісаў. Не дапусьціць такой ізаляцыі — наша задача і надзея на іх вызваленьне».
Апошнім часам, кажуць праваабаронцы, набірае абароты і новая тэндэнцыя расейскай рэпрэсіўнай машыны супраць украінцаў — пошук і спробы «зьляпіць» зь незнаёмых паміж сабой людзей дывэрсійную групу. Летась у Крыме ў жніўні затрымалі Яўгена Панова, Андрэя Захція ды Рэдвана Сулейманава, а ў лістападзе — Дзьмітрыя Штыблікава, Аляксея Бесарабава і Ўладзімера Дудку.
«Жнівеньскія арышты мінулага году ў сукупнасьці з затрыманьнямі ў кастрычніку-лістападзе схіляюць да думкі, што ў ФСБ ёсьць нарматыў у пошуку дывэрсантаў, які яна адпрацоўвае. А яшчэ гэта свайго роду сыгнал для патэнцыйных ахвяраў перасьледу — выяжджаць з Крыму і вызваляць месца для прадстаўнікоў расейскіх сілавых структур, якімі актыўна засяляюць паўвостраў», — мяркуе Аляксандра Матвійчук.
Журналістаў запісваюць у шпіёны і сэпаратысты
Неўзабаве ў Крыме мае пачацца судовы працэс у справе пазаштатнага журналіста ўкраінскай службы Радыё Свабода Міколы Сэмэны за артыкул, у якім быццам зьмяшчаліся «заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі». Цяпер ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе і ня можа займацца журналістыкай. Міжнародная і Эўрапейская фэдэрацыі журналістаў заклікалі Расею адпусьціць Міколу Сэмэну з анэксаванага Крыму ў Кіеў для лячэньня ў Інстытуце нэўрахірургіі, але ФСБ адмовіла адвакатам у адпаведным хадайніцтве.
Летась у кастрычніку стала вядома пра затрыманьне ў Маскве карэспандэнта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Укрінформ» Рамана Сушчанкі праз падазрэньне ў шпіянажы. Тыдзень таму яму падоўжылі да 30 красавіка тэрмін утрыманьня пад вартай.
«Сьледчыя і сьледзтва адмовілася далучыць да матэрыялаў справы даведку Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пра тое, што Сушчанка ніколі не служыў у гэтай структуры. Раман працягвае сядзець, а ніякіх доказаў віны не дэманструюць. Паводле адваката Марка Фейгіна, нават ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзяць апошнім часам», — кажа намесьніца генэральнага дырэктара агенцтва «Укрінформ» Марына Сінгаеўская.
Перад Новым годам жонка Рамана разам з сынам вярнуліся ва Ўкраіну з Францыі, дзе ён працаваў уласным карэспандэнтам агенцтва. Чатыры месяцы запар ёй адмаўляюць у магчымасьці сустрэцца з Раманам або хаця б яму патэлефанаваць.
«Лісты, якія мы пісалі перад Новым годам у падтрымку Рамана, яму дагэтуль не перадалі. Ліст прэзыдэнта Ўкраіны дзесьці два тыдні трымалі ў сьледчым ізалятары, не перадалі пакуль і малітоўнік ад Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Пакуль мы ня можам дамагчыся інфармацыі пра справу, бо яна засакрэчаная», — працягвае Марына Сінгаеўская.
Праваабаронцы лічаць, што праз засакрэчанасьць такія справы найбольш складаныя.
«Яны разглядаюцца ў закрытым рэжыме, а адвакаты падпісваюць згоду на невыдаваньне матэрыялаў справы. Наагул вельмі складана нешта даведацца нават пра тое, што менавіта ім інкрымінуюць», — кажа Аляксандра Матвійчук.
Узяліся і за адвакатаў
Але, паводле праваабаронцаў, найбольш трывожнай тэндэнцыяй апошняга часу стаў перасьлед у анэксаваным Крыме тых людзей, хто абараняе палітвязьняў.
«Узяліся за адвакатаў. Гэта, напрыклад, калі спрабавалі вывесьці Мікалая Полазава са справы Ільмы Ўмерава (былога кіраўніка Бахчысарайскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі, які не прызнаў анэксіі Крыму. — РС), патрабуючы насуперак нават расейскаму заканадаўству даць сьведчаньні супраць свайго кліента. Гэта і ператрусы і затрыманьне адваката Эміля Курбедзінава. Усё гэта паказвае, што ўзровень кіслароду на акупаваным паўвостраве катастрафічна зьмяншаецца. Калі ўзяліся за адвакатаў, то неўзабаве ня будзе каму абараняць тых, каго перасьледуюць з палітычных матываў, і мы будзем ведаць нейкую інфармацыю пра арышты ад адвакатаў па прызначэньні, якія часьцяком выступаюць як інструмэнт легітымізацыі парушэньняў», — кажа праваабаронца Аляксандра Матвійчук.
Нельга маўчаць, або «сындром Саўчанкі»
Тэма вызваленьня ўкраінскіх палітвязьняў Крамля паступова пераходзіць з публічнай прасторы ў перамовы ў вузкім коле. Усе прозьвішчы, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, унесеныя ў сьпіс для перамоваў менскай трохбаковай кантактнай групы.
«Але тут трэба разумець абмежаваньні менскага працэсу, нягледзячы на тое, што ўкраінская дэлегацыя ўнесла іхныя прозьвішчы ў сьпіс абмену і лічыць іх таксама ахвярамі гібрыднай вайны, якую вядзе Расейская Фэдэрацыя супраць Украіны. На нармандзкай сустрэчы ў кастрычніку мінулага году, калі прэзыдэнт Парашэнка падняў пытаньне пра вызваленьне Сянцова, Сушчанкі ды іншых, Пуцін проста адказаў, што гэта ня тычыцца менскіх дамоўленасьцяў. Таму, на жаль, такога адзінага перамоўнага фармату па ўсім сьпісе вязьняў не існуе. Нам вядома пра перамовы па асобных людзях, але да гэтых перамоў мы не датычныя і, гэтаксама як і іхныя родныя, мала разумеем, ці ёсьць зрухі і ўвогуле нейкія надзеі хоць бы па кімсьці з гэтых зьняволеных», — кажа Аляксандра Матвійчук.
Няма ўпэўненасьці і ў тым, што сьпісы затрыманых у Расеі ўкраінцаў ня будуць павялічвацца. Міністэрства замежных спраў Украіны час ад часу засьцерагае грамадзян ад наведваньня Расеі.
«Мы памятаем пра нашых зьняволеных, пра Алега Сянцова, пра іншых. Але ёсьць „сындром Саўчанкі“, так яго ўжо можна называць. Мы ж памятаем, як усе змагаліся за вызваленьне Надзеі Саўчанкі, а цяпер ейныя паводзіны выклікаюць некаторае зьдзіўленьне. Таму людзі баяцца публічна выступаць у абарону вязьняў, бо дапускаюць, што выйдзе гэтаксама, як і з Саўчанкай, калі ўвесь сьвет паўстане на абарону, а потым акажацца, што яна паводзіць сябе ня так, як трэба. Але гэта няправільная пазыцыя, таму што Ўкраіна як дзяржава павінна змагацца за кожнага свайго грамадзяніна, і я ведаю, што робяцца ўсе неабходныя дзеяньні, каб вызваліць нашых палітычных вязьняў. Аднак Расея проста назапашвае абменны рэсурс. Зь якой мэтай, для чаго ён ёй патрэбен, пакуль цяжка сказаць, але ніякіх падстаў для ўтрыманьня і Рамана Сушчанкі, і Міколы Сэмэны, і лідэраў Мэджлісу няма», — перакананая намесьніца гендырэктара агенцтва «Укрінформ» Марына Сінгаеўская.
Грамадзкая ініцыятыва «Эўрамайдан SOS» арганізавала спэцыяльную інфармацыйную кампанію #LetMyPeopleGo дзеля падтрыманьня палітычных вязьняў.
«Вядома, трэба рабіць усе прававыя крокі для абароны гэтых людзей, але ніхто не спадзяецца на абʼектыўныя рашэньні расейскіх судзьдзяў, бо яны спускаюцца зьверху на палітычнай аснове. Мы накіроўваем сваю кампанію на тое, каб гэтыя палітычныя рашэньні былі на карысьць абвінавачаных у сфабрыкаваных крымінальных справах, а для гэтага трэба праводзіць інфармацыйныя дзеяньні, працаваць на міжнародным узроўні, як зь міжнароднымі арганізацыямі — ААН, АБСЭ, Эўрапейскім парлямэнтам, Радай Эўропы — так і з асобнымі палітыкамі, каб павялічыць міжнародны ціск на Расейскую Фэдэрацыю і ёй стала нявыгадна незаконна ўтрымліваць грамадзян Украіны. Тады Расея прыдумае прававы спосаб, як іх вызваліць. Гэта можа быць памілаваньне, абмен, гэта можа быць выкарыстаньне Канвэнцыі 1973 году аб адбываньні пакараньня на тэрыторыі краіны паходжаньня. Гэта ўсё другаснае. Галоўнае — змагацца за палітычнае рашэньне на карысьць гэтых людзей», — кажа Аляксандра Матвійчук.