Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тысячы людзей стаяць вакол скрыні і хорам лічаць галасы», — беларуска параўнала выбары ў Гане і ў Беларусі


Ілона Ўрбановіч-Саўка з калегамі па місіі. Тут і далей — фота з архіву Ілоны Ўрбановіч-Саўкі
Ілона Ўрбановіч-Саўка з калегамі па місіі. Тут і далей — фота з архіву Ілоны Ўрбановіч-Саўкі

«У Беларусі шмат гадоў ніхто не абмяркоўвае выбары, наогул на ваколпалітычныя тэмы стараюцца не размаўляць. З аднаго боку, можна нажыць ворагаў, зь іншага — страціць сяброў. А вось у Гане якраз наадварот: дыскутуюць вельмі жвава, усе як адзін ідуць і галасуюць», — беларуская ўдзельніца назіральнай місіі пра выбарчую сыстэму ў гэтай афрыканскай краіне.

Кансультант у галіне фінансаў і кантрактаў Ілона Ўрбановіч-Саўка ў складзе інтэрнацыянальнай місіі больш за месяц адпрацавала ў Акры — сталіцы цэнтральнаафрыканскай дзяржавы Гана. Нягледзячы на тое, удакладняе суразмоўніца, што яе функцыі ў офісе абмяжоўваліся адміністрацыйнымі абавязкамі, за пяць тыдняў камандзіроўкі склалася пэўнае ўяўленьне пра адметнасьці тамтэйшага выбарчага працэсу:

«Гэта было назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Наша брыгада дапамагала забясьпечваць празрыстасьць. Я працавала ў досыць вялікім офісе ў Акры, у нас было каля 30 мясцовых супрацоўнікаў. Усе яны абмяркоўвалі выбары, сыходзіліся на думцы, што неабходныя пераўтварэньні; гаварылі, як і што яны будуць зьмяняць. Адным словам, тэма гарачая. І гэта для мяне было дзіўна, бо ў нашых офісах ужо шмат гадоў ніхто нічога перад выбарамі не абмяркоўвае, дый наагул на ваколпалітычныя тэмы стараюцца не размаўляць. Зразумела, што тэма надзвычай датклівая: з аднаго боку, можна нажыць ворагаў, зь іншага — страціць сяброў. Таму ў нашых офісах такія тэмы не ўсплываюць. А вось у Гане якраз наадварот, дыскутуюць вельмі жвава, усе як адзін хадзілі на выбары, галасавалі за розныя бакі і не хавалі гэтага».

Перадвыбарны плякат будучага прэзыдэнта Нана Акуфа-Адо
Перадвыбарны плякат будучага прэзыдэнта Нана Акуфа-Адо

Невыносная доля прэзыдэнта — аддаць пасаду іншаму

У фінале выбарнай гонкі сышліся дзейны на той час прэзыдэнт Джон Драмані Махама і лідэр «Новай патрыятычнай партыі» Нана Акуфа-Адо. За апазыцыянэра прагаласавалі 54% выбарцаў, пра татальную перавагу гаворкі няма. Тым ня меней, да гонару Махамы, той прызнаў сваю паразу і павіншаваў пераможцу. Да слова, абраны кіраўнік краіны — сын аднаго з заснавальнікаў незалежнай Ганы Эдварда Акуфа-Адо, які займаў найвышэйшую пасаду на пачатку 1970-х. Але сваяцтва ня стала аўтаматычным пропускам на вяршыню ўлады, якая скарылася прэтэндэнту толькі з трэцяй спробы. Ілона Ўрбановіч-Саўка дзеліцца ўражаньнямі са Свабодай:

«Што да ўражаньняў, то галоўнае асабістае — ёсьць адчуваньне таго, што выбары справядлівыя. Прынамсі, там, дзе арганізаванае галасаваньне. Нягледзячы на тое, што ўчасткі адкрываліся а 7-й раніцы, людзі зьбіраліся а 2-й ночы, і дзень выбараў пачынаўся са шматгадзінных чэргаў. І самае адметнае нават ня ў гэтым, а ў тым, што застаюцца на падлік галасоў. То бок кожны можа прычыніцца да такога важнага працэсу.

Знаёмы быў на ўчастку і вось што назіраў. Паколькі горача, усё арганізавана пад адкрытым небам. Пасьля завяршэньня галасаваньня па пэрымэтры шыхтуецца ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч выбарцаў. Чальцы камісіі пачынаюць падлік бюлетэняў, натоўп уголас дапамагае. Калі на лічбе 78, 79 старшыня камісіі стамляецца, пачынае заплятацца язык, натоўп хорам падхоплівае — 80, 81...»

Ранішні прабег прыхільнікаў Джона Драмані Махама
Ранішні прабег прыхільнікаў Джона Драмані Махама

Суразмоўніца ўдакладняе, што сама чула, едучы ў аўтамабілі, як адзін з такіх падлікаў трансьляваўся па радыё. А значыць, кожны з выбарцаў можа быць упэўнены, што ягоны голас ня страчаны, не прыпісаны іншаму кандыдату, а палічаны і зафіксаваны:

«Якраз у гэтым для мяне было адкрыцьцё — на мяжы са зьдзіўленьнем, ну і, само сабой, таксама вялікая радасьць за жыхароў краіны, — кажа Ілона. — Бо важна пабачыць, што недзе ў сьвеце простыя людзі ставяцца да выбараў крыху іначай, чым у нас. Яны вераць у магчымасьць станоўчых зьменаў, яны ходзяць на ўчасткі для галасаваньня, а галоўнае — удзельнічаюць ва ўсіх этапах выбарчага працэсу. Магчыма, узьнікаюць нейкія пытаньні, калі потым акумулююцца і падсумоўваюцца зьвесткі з розных участкаў, аднак, як на маё адчуваньне, у Гане ўсе мае знаёмыя былі ўпэўненыя — выбары справядлівыя і правільныя. Таму яшчэ раз кажу: для мяне гэта стала вялікім, нечакана прыемным сюрпрызам».

Выбарчая агітацыя партыі ўлады
Выбарчая агітацыя партыі ўлады

Нашмат больш закручаны сюжэт атрымала прэзыдэнцкая кампанія ў геаграфічна блізкай Гамбіі. Яг'ю Джамэ, які кіраваў краінай ад 1994 году, адмовіўся саступіць уладу свайму апанэнту Адамэ Бэраў, чыя перамога па выніках сьнежаньскіх выбараў была афіцыйна зафіксаваная. Спачатку Джамэ прызнаў перамогу суперніка, але нечакана даў задні ход, і на нейкі час у краіне ўсталявалася дваяўладзьдзе. Урэшце «самапралянгаваны» лідэр абвясьціў ваеннае становішча, а апазыцыянэр без прэзыдэнцкіх рэгаліяў зьехаў у Сэнэгал.

Тыдзень таму сэнэгальская армія заявіла пра пачатак апэрацыі «Аднаўленьне дэмакратыі» (Restore Democracy) і ўвайшла на тэрыторыю Гамбіі. Неўзабаве да Сэнэгалу далучыліся Гана і Нігерыя. Пакуль аб’яднаныя сілы дэманстравалі свае аргумэнты незгаворліваму дыктатару, Бэраў прыняў прысягу ў амбасадзе Гамбіі ў Дакары.

Элітная школа ў ганскай сталіцы
Элітная школа ў ганскай сталіцы

Такім чынам, пажыцьцёва трымацца за высокую пасаду ўсё складаней нават у Афрыцы, дзе дагэтуль мясцовыя «царкі» ня мелі праблемаў з электаратам:

«Па вялікім рахунку, суцішыць амбіцыі Джамэ прымусіла лякальная міжнародная супольнасьць, — кажа Ілона Ўрбановіч-Саўка. — Асабіста ў мяне не было ніякага зьдзіўленьня, што аб’яднаныя вайсковыя сілы на чале з Сэнэгалам узялі і ўвайшлі ў Гамбію. У тамтэйшых людзей ёсьць вельмі вострае пачуцьцё справядлівасьці. А паколькі нават суседзі прыйшлі да высновы, што іх захады справядлівыя, то і пайшлі на такія крокі. Адпаведна, для мяне разьвіцьцё падзеяў у Гамбіі было лягічнае, празрыстае і цалкам зразумелае. Такая мэнтальнасьць у людзей, зусім адрозная ад нашай».

Прыхільніца «Новай патрыятычнай партыі»
Прыхільніца «Новай патрыятычнай партыі»

Бачыць наяўнасьць альтэрнатывы — заўсёды можна замяніць

Паводле экспэрта, усё больш афрыканцаў разумее: вышэйшых кіраўнікоў, якія, трапіўшы на «трон», заклапочаныя выключна карысьлівымі інтарэсамі і не выконваюць перадвыбарных абяцаньняў, ня толькі можна, а неабходна зьмяняць:

«Цяпер усё іначай. У Гане казалі: нам патрэбныя зьмены, гэты прэзыдэнт нам надакучыў, усё неабходна мяняць. Я запытвала: а што будзе, калі новы кіраўнік празь нейкі час стане такі самы, як стары, і таксама вам надакучыць? У адказ пачула: ну што, тады мы і яго памяняем... Людзі вераць, што зьмены магчымыя. Ці не баяцца перасьледу? На ўзроўні базавым, побытавым, падставовым тэма спэцслужбаў, сілавікоў практычна не ўзьнікала, у гутарках грамадзянаў паміж сабой яе няма. Відаць, не настолькі іх баяцца, калі пра гэта ня думаюць. Затое рэальна вераць, што сытуацыю пры неабходнасьці можна зьмяніць. Трэба ехаць дзьве гадзіны ў нейкую вёску, каб прагаласаваць — падымаюцца і едуць. І для мяне было дзіўным, што яны гатовыя стаяць у чэргах, сачыць, лічыць. У выніку такіх арганізаваных дзеяньняў працэсы адбываюцца больш-менш спакойна».

Калі ў выбарчым заканадаўстве ўзяты курс на дэмакратызацыю, то ці пасьпявае за цывілізацыйным скачком само грамадзтва? «Гана — краіна кантрастаў», — кажа Ілона Ўрбановіч-Саўка:

Сьціплыя фантаны гарадзкога цэнтру
Сьціплыя фантаны гарадзкога цэнтру

«Там кантрасты проста вялізарныя. Пры тым, што Гана лічыцца краінай дастаткова пасьпяховай, з высокім паказьнікам эканамічнага росту. Тым ня меней перапады ўражваюць, яны ўсюды: ад вельмі заможных да вельмі бедных, хто жыве на вуліцы. Увогуле Гана ў нечым нагадвае позьні ня позьні, але Савецкі Саюз, гэта калі параўноўваць нас і іх. Тым ня меней, ёсьць рэчы, якія нам засталіся ў спадчыну, а ім — не. І калі гэта бачыш, тады цэніш крыху інакш. Напрыклад, практыка рабіць прышчэпкі дзецям. Ніхто ў нас ня ставіць гэта пад сумнеў, яно было і 40, і 20 гадоў таму, і цяпер. Раз-пораз людзі абмяркоўваюць, ці варта іх рабіць, але магу сказаць: там, дзе агульнага доступу да прышчэпак няма, карціна сумная. Скажам, можна пабачыць на вуліцах дарослых людзей, якія ў дзяцінстве перахварэлі на поліяміеліт, і гэта, паверце, вельмі цяжкае відовішча».

Аддаленасьць і адносная ізаляванасьць экватарыяльнай часткі Афрыкі накладае свой адбітак — працэсы глябалізацыі чапляюць насельнікаў хіба па датычнай, тым самым даючы шанец захаваць сваю нацыянальна-культурную адметнасьць. Як кажа Ілона, з аднаго боку гэта стрымлівае глябалізацыю, зь іншага — адцяняе сваю ўнікальнасьць:

Від на «мажорны» раён Акры
Від на «мажорны» раён Акры

«Яны ў меншай ступені інтэграваныя ў міжнародную культуру, якой сёньня шмат у сьвеце, у Эўропе, у нас у тым ліку. Там няма масавых брэндаў, якія ёсьць у Беларусі. У іх свая мода, фэшн-індустрыя, яна зусім іншая. У іх сваё ўяўленьне пра прыгажосьць, яно таксама іншае. Так, будуюць гатэлі, офісы; працуюць казіно, сеткавыя крамы, якія прыйшлі з Паўднёвай Афрыкі. Відаць, што яны хочуць прагрэсу, нешта пераймаюць. Ёсьць добрыя дарогі зь цікавымі складанымі разьвязкамі. І побач — проста страшная галеча. Сама па сабе Акра — горад нізкай забудовы, у літаральным сэнсе. Цэлыя раёны — напаўбудачкі, напаўшалашы. Жытло, зробленае з таго, што ляжыць побач, фактычна трушчобы, вялізныя паселішчы такога тыпу. Трапляюцца 1—2-павярховыя камяніцы. Ня вельмі шмат, але ёсьць сучасныя высотныя будынкі, іх мала, толькі ў цэнтры».

Дык якія цывілізацыйныя мэты ставяць перад сабой жыхары гэтага цэнтральнаафрыканскага рэгіёну? Якую будучыню бачаць для сябе і сваёй краіны, галасуючы за новыя пераўтварэньні ва ўладзе?

Фатасэсія ў адным з гатэляў Акры
Фатасэсія ў адным з гатэляў Акры

«Гэта асобны сьвет, які з нашым мала перакрыжоўваецца, — кажа Ілона. — Яны вельмі традыцыйныя людзі. У тым сэнсе, што для іх важныя перадусім іхнія традыцыі. І як бы яны ні бачылі сваё цывілізацыйнае разьвіцьцё, усё адно будуць успрымаць яго па-свойму. То бок зусім не абавязкова, што яно супадзе з тым, як, напрыклад, мы разумеем свой цывілізацыйны шлях. Несумненна, яны будуць браць самае цікавае і лепшае, што напраўду прывабіць і зацікавіць. Аднак усё роўна гэта будзе іх традыцыйнае разьвіцьцё, шанаваньне сваіх адвечных каштоўнасьцяў. Па-ранейшаму будуць есьці сваю ежу, насіць традыцыйную адзежу, захоўваць звычкі, якія выпрацоўваліся стагодзьдзямі. Гэта адназначна. Рабіць пэўны прагрэс, але правілы не мяняць».

Мадэль афрыканскага бізнэсу — бездакорныя імідж і рэпутацыя

А вось дзелавым якасьцям ганцаў, перакананая Ілона Ўрбановіч-Саўка, беларусы могуць толькі пазайздросьціць. Па яе словах, няма патрэбы ў арміі кантралёраў, калі найлепшай гарантыяй зьдзелкі — уласнае сумленьне:

«Бізнэс працуе зусім іначай, у нас ён надзвычай павольны ў параўнаньні зь іхнім. Там за пару хвілін можна пра ўсё дамовіцца, заплаціць пасьля — і яно працуе! Прывозяць, удараюць па руках без усялякага разьліку. Я цікавілася: як так? У Беларусі нічога ня зробіш безь перадаплаты, без дамоваў, цьвёрдых гарантыяў. А ў іх справы робяцца вельмі хутка: ад замовы да моманту, калі маеш тавар у офісе — пару гадзін. Мне патлумачылі: калі раптам здарыцца, што нехта нешта набыў і не заплаціў, гэта будзе апошняя зьдзелка. Сыстэма грамадзкага стаўленьня, рэпутацыі выбудаваная так, што чалавек ня можа не заплаціць — інакш страціць імя, ніколі ня зробіць ніякага бізнэсу, зь ім ніхто ня будзе мець справу. Імідж, рэпутацыя — гэта ўсё. У нейкім сэнсе там працаваць значна прасьцей, чым у нас».

Рукатворны міні-аазіс у сталіцы
Рукатворны міні-аазіс у сталіцы

Ілона шкадуе, што больш чым за месяц, праведзены ў Гане, з прычыны надзвычайнай загружанасьці па працы самастойныя вылазкі былі зьведзеныя да мінімуму — збольшага ўсё абмяжоўвалася кавярнямі ды банкамі. Але адчуць мясцовы калярыт усё ж удалося:

«Не скажу пра бясьпеку, але будзьце пэўныя: калі белая жанчына сярод белага дня ідзе па вуліцы ў Акры, кожны аўтамабіль пасыгналіць, на яе зьвернуць увагу ўсе. Белых там практычна ня ўбачыш. Ёсьць адзінкі, хто пабраўся шлюбам зь мясцовымі жыхарамі, але такога, як у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, каб белыя стагодзьдзямі жылі побач з карэнным насельніцтвам, — такога няма. Зрэшты, ніякага страху не адчувала. Гэта як у прыказцы: „А за Гомляй людзі ё?“ — „Ё-ё“... Людзі ёсьць усюды, і правілы таксама існуюць. Важна пастарацца хутка іх зразумець і дастасавацца. Там грамадзтва досыць кансэрватыўнае. Каб больш-менш пасьпяхова функцыянаваць, трэба паважаць правілы, дэманстраваць іх веданьне. Нельга старэйшаму за сябе сказаць „хэй“ ці зьвярнуцца па імені. Не, можна, але павагі пасьля гэтага мець ня будзеш. Такія традыцыйныя рэчы трэба разумець і трэба мець на ўвазе».

Як прызнаецца Ілона Ўрбановіч-Саўка, асабіста для яе самым вялікім адкрыцьцём былі нават не карцінкі з натуры, а гукі, якія Афрыка прадукуе ў неверагоднай колькасьці:

Уяўленьне аб прыгажосьці па-ганску
Уяўленьне аб прыгажосьці па-ганску

«Для мяне самымі цікавымі былі не карцінкі, бо гэтага дабра хапае ў інтэрнэце: збольшага ўсе ведаюць, што ўсё тут трымаецца на кантрастах, суседнічаюць татальная галеча і багацьце. Гэта агульныя веды, не эксклюзіў, і яны мала што дадаюць да ўспрыманьня краіны. Тут карцінка аднаго колеру, тут іншага, але ў прынцыпе ўсё роўна карцінка. У Афрыцы цікавыя гукі. І гэта для мяне было самае вялікае адкрыцьцё. Гукі, не падобныя да нашых, разносяцца з ранку да ночы. Яны зусім іншыя: пачынаючы ад птушак, якія сьпяваюць на досьвітку за вакном, сканчаючы тым, што проста немагчыма ўгадаць, чым займаюцца людзі. У суседнім будынку з офісам была царква, яе арандавалі мэтадысты, англікане і прэсьбітэрыяне. Там былі розныя імпрэзы. Часам гучала жвавая музыка, гэткі афрыканскі поп, вельмі прыгожыя сьпевы. Я неяк запытала: а што там адбываецца, мабыць, вясельле? Не, адказалі мне, гэта пахаваньне...»

Кансультант у галіне фінансаў і кантрактаў Ілона Ўрбановіч-Саўка спадзяецца, што ўнікальны досьвед, набыты падчас працы ў Гане, саслужыць добрую службу ў будучыні. Яна марыць пра магчымасьць ізноўку вярнуцца ў Афрыку — магчыма, ужо ў новую краіну.

Індустрыяльныя краявіды Акры
Індустрыяльныя краявіды Акры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG