На экспанатах паказаная гарадзкая архітэктура, пашкоджаная бамбаваньнем, але яна дае ўяўленьне, як выглядаў абласны цэнтар пакуль не падпаў пад савецкую ідэалягічную перабудову. На фотаздымках дакумэнтальна зафіксаваныя трагедыі, зь якімі сутыкнуліся гараджане падчас акупацыі гітлераўцамі — Галакост, патоп на рэчцы Дубравенцы, публічныя пакараньні сьмерцю партызан і падпольшчыкаў ды ваеннае, поўнае небясьпекі жыцьцё.
У экспазыцыі «Невядомы Магілёў» больш за дзьве соткі фотаздымкаў, зробленых нямецкімі салдатамі. Большую частку з іх адшукаў руплівец магілёўскай даўніны, які жыве ў Нямеччыне, Алег Давід Лісоўскі.
Для мяне гэта выстава, кажа ён, «магчымасьць убачыць, як выглядаў горад да разбурэньня, калі яшчэ не было моцных бамбёжак, цяжкіх баёў за вызваленьне гораду, якія нанесьлі першыя вялікія страты гарадзкому абліччу».
«Ну і канечне да ўсіх „зачыстак“ гораду (канец 50-х, а потым 1975-85 гадоў), калі дзеля „сьветлай будучыні“ савецкая ўлада зьнішчала рэшткі старажытнага Магілёва», — адзначае Лісоўскі.
«Даваенныя здымкі вялікая рэдкасьць, бо далёка ня ў кожнага грамадзяніна меўся фотаапарат, ды і ня кожны наважыўся б адкрыта здымаць архітэктуру ў 30-я гады, — кажа ён. — І лёс склаўся так, што менавіта нямецкія акупанты ненаўмысна захавалі для нас стары Магілёў. І дзякуючы іх здымкам мы можам паглядзець неверагодную колькасьць раней ня бачных кутоў горада, а таксама ўбачыць вядомыя месцы ў іншых ракурсах».
«Вядома ж, гэтыя здымкі нясуць цяжкі адбітак жудаснай вайны, — заўважае руплівец магілёўскай гісторыі. — Яны сталі помнікам ня толькі страчаным славутасьцям даўніны, але і страчаным людзкім жыцьцям».
Выставу арганізаваў музэй гісторыі Магілёва. Яго дырэктар Аляксей Бацюкоў адзначае, што яна спалучае ў сабе розныя бакі гарадзкога жыцьця і гісторыі. На фотаздымках — страчаная архітэктурная спадчына гораду.
«Гэта выстава пра нашу гісторыю і нашу трагедыю», — перадае дух экспазыцыі дырэктар музэю.
«У архітэктуры мы бачыць наш сапраўды гістарычны горад да разбурэньняў і ідэалягічных трансфармацыяў. Гэтыя фотаздымкі няхай апасродкавана вяртаюць нам нашу мінуўшчыну, — даводзіць ён. — Мы бачым на фотаздымках канкрэтных асобаў і маем магчымасьць ім суперажываць. Кранаюць фотаздымкі пра катастрофу на Дубравенцы. Бачачы затоплены дом разумеем, што ў ім гіне чалавек. Бачым фотаздымкі з габрэямі, якім наканавана прайсьці праз Галакост».
Нават разбураным горад выглядае велічна, адзначае магілёўскі мастак Базыль Камароў.
«Гэтыя фотаздымкі паказваюць, што Магілёў быў эўрапейскім горадам. Нават пабураным яго ўяўляеш, якім ён быў да 1941 году. Уражваюць архітэктурныя дамінанты. Велічныя вежы нашых непаўторных магілёўскіх храмаў надавалі гораду адметнасьць. Цяпер мала чаго засталося ад іх», — заўважае мастак.