Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На музэй Адамовіча ў Глушы сабрана больш за 11 тысяч рублёў


Будынак, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй Адамовіча
Будынак, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй Адамовіча

На музэй Алеся Адамовіча ў яго роднай вёсцы Глушы сабрана больш за 11 тысяч рублёў. Гэтай сумы дастаткова, каб пачаць падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі на рамонт будынку, у якім зьбіраюцца разьмясьціць установу. Днямі нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч ахвяравала 5 тысяч даляраў на патрэбы музэю. Тым часам фармальнага рашэньня аб яго стварэньні органы ўлады яшчэ не прынялі.

Летась 5 лістапада пры абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы была сфармаваная грамадзкая рада, у функцыі якой уваходзіць арганізацыя збору сродкаў на музэй і прыцягненьне ўвагі да творчасьці Алеся Адамовіча. На апошнім яе пасяджэньні гісторык Ігар Пушкін прапанаваў стварыць перасоўную выставу пра Алеся Адамовіча. Паводле задумы, выставу будуць паказваць у навучальных установах і на прадпрыемствах ды інфармаваць пра збор сродкаў на музэй.

Ігар Пушкін
Ігар Пушкін

«Гэта адна з ідэяў папулярызацыі творчасьці Алеся Адамовіча, аднак аб практычным яе ажыцьцяўленьні гаварыць зарана, — тлумачыць сытуацыю Ігар Пушкін. — Праблема ў тым, што Бабруйскі райвыканкам пакуль не прыняў рашэньня пра стварэньне музэю. Абяцаюць, што гэтае пытаньне будзе вырашанае. Акрамя таго, неабходна сфармаваць выставу і знайсьці пад яе фінансаваньне».

У школьнай праграме твораў Алеся Адамовіча няма. Ягоную творчасьць вывучаюць на факультатыўных занятках.

Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч

Паводле старшыні рады Нэлі Зігулі, Бабруйскі райвыканкам ужо шукае арганізацыі, якія б заняліся падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакумэнтацыі на рамонт музэю. Грамадзкая рада таксама працягвае пошук магчымасьцяў, каб як мага больш людзей дазналіся, што ў Глушы зьбіраюцца адкрываць музэй і на яго патрэбны ахвяраваньні.

Музэй зьбіраюцца разьмясьціць у будынку былой аптэкі. У ёй ад 1931 году — спачатку шараговай аптэкаркай, а потым загадчыцай — працавала маці Адамовіча Ганна Мітрафанаўна.

«Мы хочам, каб дом захаваў сваю аўтэнтычнасьць. Застаўся такім, якім быў у 1930-х гадах», — выказвала чаканьні дачка пісьменьніка Натальля Аляксандраўна.

Алесь Адамовіч зь землякамі. За дальнім пляне аптэка (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)
Алесь Адамовіч зь землякамі. За дальнім пляне аптэка (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

Падчас абмеркаваньня сытуацыі з адкрыцьцём музэю Адамовіча 5 лістапада гучалі перасьцярогі, што аварыйны будынак можа не перажыць сёлетняй зімы. Дом вымагае абсьледаваньня. Апошнія візуальныя агледзіны праводзілася тры гады таму. На працягу двух дзясяткаў гадоў дом пуставаў. Празь дзіравы дах будынак залівае вадой, што паскарае ягонае разбурэньне, казалі на «круглым стале».

Падчас дыскусіі і была створаная грамадзкая рада пра абласной арганізацыі ТБМ. У абмеркаваньні бралі ўдзел прадстаўнікі грамадзкасьці і ўлады. Удзельнікі круглага стала выказаліся за стварэньне агульнанацыянальнага аргкамітэту сьвяткаваньня 90-годзьдзя Алеся Адамовіча. Ён павінен «падрыхтаваць сэрыю мерапрыемстваў для ўшанаваньня памяці пісьменьніка, сярод якіх будзе і стварэньне музэю».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк выказаў спадзяваньне, што імпрэзы ў гонар Адамовіча будуць мець «радок у дзяржаўным бюджэце».

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

«Калі мы лічым, што Алесь Адамовіч — адзін з нацыянальных прарокаў і геніяў, то пытаньне пра музэй павінна вырашацца на агульнанацыянальным ўзроўні. Патрэбен рэспубліканскі аргкамітэт», — казаў Ігар Марзалюк.

Дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музэй Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалягічнай работы, культуры і спраў моладзі Бабруйскага райвыканкаму р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ СБ «Беларусбанк», код 760, г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэньне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакумэнтацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».
Увага! Указаньне прызначэньня плацяжу прынцыповае! Гэты доўгі сказ абавязкова павінен быць пазначаны на банкаўскім дакумэнце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG