Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская грамадзкасьць заклікала актывізаваць збор сродкаў на музэй Алеся Адамовіча


 Куток з кнігамі Адамовіча ў школьнай бібліятэцы. Глуша, 4 сакавіка 2016 году.
Куток з кнігамі Адамовіча ў школьнай бібліятэцы. Глуша, 4 сакавіка 2016 году.

Магілёўскія гісторыкі і філёлягі не задаволеныя ходам збору сродкаў на стварэньне музэю Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну.

Як інфармуе БелаПАН, у канцы лютага ўлады Бабруйскага раёну адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў на стварэньне музэю на радзіме пісьменьніка. Каб адрамантаваць дом, які два дзесяткі гадоў быў без гаспадара, патрабуецца ня менш за мільярд недамінаваных рублёў. Пакуль сабрана каля 10 млн.

«Неабходна зрабіць нейкія актыўныя дзеяньні, каб справа хутчэй рухалася наперад, у тым ліку падключыць дзяржаўныя ўстановы да збору сродкаў на стварэньне музэю Алеся Адамовіча. Гэтага патрабуе ня толькі памяць пра чалавека. Гэта дыктуе і сам час, каб пра людзей, якія актывізавалі грамадзкасьць у ХХ стагодзьдзі, ведалі нашчадкі», — заявіў кандыдат філялягічных навук, старшыня магілёўскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Яраслаў Клімуць.

На стварэньне музэю неабходна прыцягнуць ня толькі сродкі грамадзкасьці, але і бюджэтныя грошы, упэўнены кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін. Ён лічыць, што стварэньне музэю дазволіць нагадаць людзям пра творчасьць Адамовіча, пра яго ўклад у захаваньне агульнанароднай памяці пра Вялікую Айчынную вайну". Гэта дазволіць моладзі далучыцца да яго творчасьці, тым больш што пісаў ён і на рускай мове. Алесь Адамовіч — гэта агульная спадчына ўсіх нас«, — сказаў гісторык.

Пакуль ёсьць дом, дзе жыў Адамовіч, існуюць рэчы, да якіх ён дакранаўся, гэта ўсё трэба мэмарыялізаваць, заявіў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў. «І ў гэтым сэнсе мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, пакуль не сышоў час, каб гэты музэй паўстаў на нашай зямлі», — падкрэсьліў Аляксандр Агееў.

Плянуецца, што музэй у Глушы будзе ня толькі музэем, прысьвечаным пісьменьніку. У экспазыцыі будуць прадстаўлены і яго літаратурныя героі, прататыпамі якіх сталі жыхары тых месцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG