Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымая адмоўная рэакцыя з боку Масквы, — палітоляг пра беларускі «бязьвіз» для замежнікаў


Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў
Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў

Указ Аляксандра Лукашэнкі пра пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў не прывядзе да паляпшэньня палітычных дачыненьняў Беларусі і Захаду, але можа паскорыць спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам.

Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

«Гэтае рашэньне дастаткова даўно абмяркоўвалася з мэтай паляпшэньня турызму ў краіне, дэманстрацыі таго, што краіна адкрыта для інвэстыцыяў. У выніку яно было прынятае. Вядома, на гэта паўплывалі эканамічныя цяжкасьці, якія перажывае Беларусь», — кажа палітоляг.

Ягораў лічыць, што ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму наўрад ці паўплывае на стасункі Беларусі з Захадам на палітычным узроўні.

«Наўпрост гэта, вядома, не ўплывае, бо сутнасныя супярэчнасьці і праблемныя моманты ляжаць трошкі ў іншых сфэрах і ня тычацца гэтых бязьвізавых перамяшчэньняў. Хоць я спадзяюся, што гэта падштурхне нашы краіны нарэшце да падпісаньня дакумэнту аб спрашчэньні візавага рэжыму Беларусі і ЭЗ».

На думку Ягорава, указ Лукашэнкі наўрад ці выкліча вялікі рэзананс у Маскве:

«Магчыма, адмоўная рэакцыя з боку Масквы будзе, але наўрад ці гэта стане публічнай рэакцыяй. Хутчэй, гэта будуць нейкія скрытыя дыпляматычныя захады ўзьдзеяньня на Беларусь. Зноў жа, пасьля таго, як Расея ўвяла кантроль замежнікаў пры перасячэньні беларуска-расейскай мяжы і стала іх адпраўляць назад, Беларусь можа рабіць што заўгодна і ў Расеі няма аргумэнтаў, каб ціснуць на Беларусь у гэтым кірунку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG