Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь уводзіць пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 8 «Аб устанаўленьні бязьвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», паведамляе БелаПАН.

Дакумэнт устанаўлівае бязьвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін ня больш за 5 сутак пры ўезьдзе праз пункт пропуску праз аэрапорт Менск-2 для грамадзянаў 80 дзяржаваў.

Указ распаўсюджваецца на 39 краінаў Эўропы, уключаючы ўвесь Эўразьвяз, а таксама Бразылію, Інданэзію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы. У першую чаргу, гэта спрыяльныя ў міграцыйным пляне краіны, стратэгічныя партнэры Беларусі, дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязьвізавы рэжым у дачыненьні да беларускіх грамадзян. Новыя правілы ахопліваюць таксама такую катэгорыю, як не грамадзяне Латвіі і асобы без грамадзянства Эстоніі.

Для ўезду ў бязьвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы, якi яго замяняе для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжаньня суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную ня менш чым двум базавым велічыням), мэдыцынскі страхавы поліс на суму ня менш за 10 тыс. эўра, які дзейнічае ў Беларусі.

Бязьвізавы парадак перамяшчэньня не распаўсюджваецца на асобаў, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама тых, хто маюць намер ажыцьцявіць вылет у аэрапорты Расеі. Указ уступіць у сілу празь месяц пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Летась у сьнежні было абвешчана, што Беларусь у 2017 годзе Беларусь зьменшыць цану ўязной гадавой візы для грамадзян краін Шэнгенскай зоны ў 2,5 разы.

Для грамадзян Віетнама, Гаіці, Гамбіі, Гандурасу, Індыі, Кітаю, Лібану, Намібіі, Самоа, як падае агенцтва БелаПАН, абавязковым дадатковым патрабаваньнем зьяўляецца наяўнасьць у дакумэнце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЭЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уезьдзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацьвярджэньнем у іх вылету з нацыянальнага аэрапорту Менск на працягу пяці дзён з даты ўезду.

Тэкст указу пакуль не апублікаваны.

З 22 жніўня 2013 году ўсе замежныя грамадзяне, якія прыбываюць у Беларусь цераз нацыянальны аэрапорт Менск, могуць атрымаць уязныя візы ў аэрапорце.

На прэс-канфэрэнцыі 14 сьнежня 2016 году намесьнік дырэктара дэпартамэнту па турызьме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч паведаміў, што рашэньне аб бязьвізавым уезьдзе ў Беларусь для іншаземцаў цераз нацыянальны аэрапорт можа быць прынятае ў найбліжэйшы час. «Пытаньне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі, яго вырашэньне магчымае да канца гэтага году. Для нас вельмі важна апрабаваць бязьвізавы ўезд цераз нацыянальны аэрапорт. Калі гэта дасьць штуршок разьвіцьцю ўязнога турызму, то можна казаць пра магчымасьці ўезду і цераз іншыя пункты пропуску», — дадаў прадстаўнік ведамства.

Падчас Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства ў 2013 годзе тагачасныя прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Герман Ван Ромпэй і прэзыдэнт Эўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу заявілі, што Беларусь пачынае перамовы аб падпісаньні дамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам. У сьнежні мінулага году дырэктар Дэпартамэнта Расеі, Усходняга партнэрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд паведаміў, што тэксты пагаднентняў пра спрашчэнтне візавага рэжыму і пра рэадмісію паміж Беларуссю і ЭЗ гатовыя да парафіраваньня і падпісаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG