Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзільнік і ўставаньне


Нярэдка даводзіцца чуць ад пацыентаў пытаньне: «Доктар, я кожную раніцу прачынаюся і падымаюся з ложка зь вялікімі цяжкасьцямі, бо не магу нармальна ўспрымаць сыгнал будзільніка. Я абавязкова яго пераводжу на 10-15 хвілін наперад, трошкі падрамлю і толькі потым магу нармальна падняцца і пачынаць ранішнія гігіенічныя працэдуры. Як да гэтага трэба ставіцца? Гэта нармальна ці сьведчыць пра парушэньні сну?»

Справа ў тым, што сон чалавека цыклічны і кожны цыкл ў норме складаецца зь некалькіх фаз. Спачатку ідзе фаза засынаньня, потым наступае фаза так званага павольнага сну, калі працягваецца працэс расслабленьня арганізму, які пачаўся ў фазе засынаньня. Фазу павольнага сну працягвае так званая фаза хуткіх рухаў вачэй. У гэты пэрыяд актыўнасьць галаўнога мозгу, паводле дадзеных электраэнцэфалаграмы, амаль не адрозьніваецца ад таго, як мозг працуе падчас бадзёрасьці, але мышцы дасягаюць максымальнай ступені запаволенасьці. Такіх цыклаў за ноч рэгіструецца ад чатырох да пяці, мы, паводле глыбіні сну, то падымаемся на паверхню, то апускаемся долу, пераходзім то ў павярховы сон, то зноў патрапляем у глыбокі.

Што атрымліваецца тады, калі мы ня ў стане падняцца пасьля сыгналу будзільніка? Гэты сыгнал нас пабудзіў якраз у стадыі глыбокага сну, калі вельмі цяжка адразу «вынырнуць з глыбіні» і прачнуцца. І сапраўды, перавёўшы стрэлкі будзільніка на 10-15 хвілін наперад, мы трошачкі падрамаем, паварочаемся і сон пераходзіць ў стан больш павярховы. Таму, калі сыгнал будзільніка гучыць паўторна, ён засьпявае чалавека ў стадыі значна больш павярхоўнага сну, калі прачнуцца і падняцца з ложка лягчэй.

Таму, адказваючы на пастаўленае пацыентам пытаньне, можна сказаць, што ніякіх парушэньняў сну ў людзей, якія ня могуць падняцца адразу пасьля першага сыгналу будзільніка, няма — гэта пытаньне звычайнай фізіялёгіі сну.

Парада на кожную раніцу: калі ня можаце прачнуцца адразу пасьля таго, як празвоніць будзільнік — не турбуйцеся, проста сыгнал засьпеў вас у стадыі глыбокага сну. Сьмела перастаўце стрэлкі гадзіньніка на дзесяць хвілін наперад і прачнуцца будзе нашмат больш лёгка. А каб не турбавацца наконт спазьненьня на працу ці па іншых справах — наўмысна прадумайце гэты момант і заплянуйце першы сыгнал будзільніка з часавым запасам, каб заставалася магчымасьць паспаць яшчэ колькі хвілін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG