Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павел супраць аўтакефаліі БПЦ


Чаму мітрапаліт Павел ня лічыць ідэю «рускага сьвету» палітычнай і выступае супраць нацыянальнай беларускай царквы?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.


Карбалевіч: Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел у інтэрвію праваслаўнаму парталу Sobor.by выступіў з шэрагам гучных заяваў на грамадзка-палітычную тэму.

Найперш ён адзначыў, што ў ягоным разуменьні паняцьце «рускі сьвет» не адносіцца да палітыкі: «Калі мы кажам, і патрыярх кажа, пра „рускі сьвет“, то тут няма ніякай палітыкі, — заявіў Павел. — Калі мы кажам пра „рускі сьвет“, то гаворка ідзе пра тых, хто жыў у тыя далёкія часы, гэта русы, якія выйшлі з дняпроўскай купелі, у якіх адна вера, адна царква, адна культура, адзін альфабэт, адна мова».

І таму лягічнае яго наступнае рэзкае адмоўнае стаўленьне да нацыянальнай беларускай царквы. Павел назваў гэтую ідэю «спакусай д’ябла».

Якая можа быць нацыянальная царква ў межах «рускага сьвету»?

Таксама мітрапаліт Павел асудзіў прарасейскіх блогераў, супрацоўнікаў расейскага сайту «Рэгнум», якія, на ягоны погляд, «сеялі нянавісьць і разлад». Ён выступіў супраць абортаў і полавага выхаваньня ў школах.
Тут можна запярэчыць, што любы ідэалягічны канцэпт апрыёры становіцца палітычным. Ідэя «рускага сьвету» адначасова зьяўляецца і элемэнтам культуры, і ідэалёгіі, і палітыкі, і прапаганды, і мастацтва, і рэлігіі. Бо на гэтай ідэі РПЦ будуе падмурак для кантролю над цэрквамі па-за межамі Расеі. Асабліва пасьля Крыму, калі кіраўніцтва Расеі абʼявіла, што будзе сілай абараняць і кантраляваць «рускі сьвет», і тысячы расейскіх грамадзянаў пад узьдзеяньнем прапаганды расейскіх тэлеканалаў ішлі ваяваць на Данбас і гінуць за гэтую ідэю.

Фактычна мітрапаліт Павел і абверг сам сябе, калі абрынуўся з крытыкай ідэі беларускай нацыянальнай царквы. Бо гэта ўжо палітыка, ва ўсялякім разе, царкоўная палітыка, хоць і ня толькі.

Але тут мітрапаліт Павел пасьлядоўны. Якая можа быць нацыянальная царква ў межах «рускага сьвету»? Адно выцякае з другога. Маўляў, трэба не падзяляць, а абʼядноўваць людзей. Ну, зразумела, пад эгідай РПЦ. Гэта ж палітыка ў чыстым выглядзе.

Варта зьвярнуць увагу на асуджэньне Паўлам прарасейскіх блогераў. Дарэчы, ад іх падтрымкі адхрысьціўся і расейскі МЗС вуснамі кіраўніка дэпартамэнта інфармацыі міністэрства Марыі Захаравай. А чакалася, што Расея, уся палітыка-ідэалягічная інфраструктура «рускага сьвету» заступіцца за іх. Як яна заступаецца за прыхільнікаў «рускага сьвету» ва Ўкраіне, іншых краінах. А вось у Беларусі — не. Гэта таксама цікава і даволі паказальна. Бо, зь гледзішча расейскай эліты, Беларусь — свая, не чужая.

пытаньне нацыянальнай царквы, аўтакефаліі беларускага праваслаўя — пытаньне не толькі кліру, не толькі герархіі, не толькі Маскоўскага патрыярхату

Дракахруст: Варта сказаць пра двухсэнсоўнасьць самога паняцьця «рускі сьвет». Прыгадаю Сьвятлану Алексіевіч, нобэлеўскага ляўрэата: «Я люблю добры „рускі сьвет“, гуманітарны „рускі сьвет“. Той „сьвет“, перад якім дагэтуль схіляе галаву ўвесь сьвет. Перад той літаратурай, балетам, музыкай вялікай. Гэты „сьвет“ я люблю. Але я не люблю „сьвет“ Берыі, Сталіна, Пуціна, Шайгу. Гэта ня мой сьвет».

Так што інтэрпрэтацыі гэтага паняцьця бываюць розныя. Што тычыцца Расейскай праваслаўнай царквы, то яна хітруе, можна сказаць, крыху, а можна сказаць, вельмі моцна. Нават у гэтым пераліку мітрапаліта Паўла прагучала: адна мова, адна вера, але не адна дзяржава. Адна дзяржава як бы выносіцца за дужкі.

Усё ж такі хоць ён герарх царквы, цэнтар якой знаходзіцца ня ў Беларусі, але служыць-та ён у Беларусі, і абсалютна відавочныя пэўныя супярэчнасьці гэтых паняцьцяў. Так, мы ведаем палітыку расейскай царквы ва Ўкраіне, дзе фактычна ідэя «рускага сьвету» робіцца проста інструмэнтам экспансіі, у тым ліку і ваеннай.

У Беларусі царква паводзіць сябе значна больш асьцярожна, ведаючы межы, і гэтыя межы задаюцца шмат чым: і пазыцыяй беларускай улады, але, дарэчы, і пазыцыяй паствы таксама.

Гэтае пытаньне нацыянальнай царквы, аўтакефаліі беларускага праваслаўя — пытаньне не толькі кліру, не толькі герархіі, не толькі Маскоўскага патрыярхату. Так, пазыцыя мітрапаліта Паўла такая. Гэта тлумачыцца і яго біяграфіяй, і яго пазыцыяй у царкоўнай герархіі.
Але ці так мы ўпэўненыя, што менавіта паства беларуская так ужо настойвае, імкнецца да аўтакефаліі беларускага праваслаўя? Для мяне гэта не відавочна.

Памятаем, былі адпаведныя вельмі асьцярожныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт, як уласна ва ўсім сьвеце адбываецца, па формуле «чыя ўлада — таго і вера». Ён не адзін раз мякка намякаў, а як бы гэты працэс фармаваньня беларускай праваслаўнай царквы больш залежаў ад Беларусі?

У свой час расейская праваслаўная царква таксама была пад Канстантынопалем

Ён, здаецца, не казаў наўпрост пра аўтакефалію, але гэта вельмі натуральны мэханізм у любой краіне, што ўлада хоча неяк кантраляваць царкву, якая дзейнічае на тэрыторыі краіны. І гэта стагодзьдзямі адбывалася і адносна каталіцкай царквы, ня ў тым сэнсе, што адпаведныя нацыянальныя цэрквы імкнуліся да аўтакефаліі — яе няма ў каталіцкай царкве, але даволі тонкія адносіны паміж уладай і царквой палягалі і ў тым, што, скажам, прызначэньне біскупаў нейкім чынам узгаднялася з уладамі. Гэты працэс адбываўся з Сярэднявечча.

На мой погляд, у Беларусі, калі казаць пра беларускую праваслаўную царкву, то галоўным чыньнікам утварэньня аўтакефаліі зьяўляецца пазыцыя ўлады, а не паствы. Улада гэтага хоча больш, чым паства.

А як вось гэты балянс усталюецца — пытаньне складанае. Урэшце нічога на сьвеце няма вечнага. У свой час расейская праваслаўная царква таксама была пад Канстантынопалем. І таму казаць, што ніколі так не здарыцца, што беларуская праваслаўная царква заўсёды будзе пад Масквой — жыцьцё доўгае. Гісторыя самой расейскай праваслаўнай царквы сьведчыць пра тое, што падпарадкаваньне можа быць і ня вечным.

Цыганкоў: Трыадзінства трох славянскіх народаў, як гэта называюць, па-ранейшаму застаецца адным з базавых прынцыпаў ідэалёгіі расейскай праваслаўнай царквы. Мітрапаліт Павел чарговым разам гэта пацьвердзіў. І пытаньне беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы даўно ўзьнікае ў Беларусі, прынамсі ад 1991 году, набыцьця незалежнасьці, але на дзіва дасюль ніякіх рэальных крокаў не было зроблена.

Сапраўды, тут вельмі цьмяная і невыразная рыса паміж тым, хто ўсё-такі галоўнай перашкодай зьяўляецца. Безумоўна, калі б беларуская ўлада паставіла б гэтае пытаньне радыкальна, то гэта можна было б зрабіць.

Але па-першае і такое жаданьне канчаткова яшчэ не сфармуляванае ў рэзкай форме, перш за ўсё таму, што яны разумеюць усе нэгатыўныя наступствы і рэакцыі і Расейскай праваслаўнай царквы, і афіцыйнай Масквы.

Мы ведаем, якія падзеі адбываліся ва Ўкраіне, калі там ажно тры праваслаўныя царквы: Кіеўскага патрыярхату, украінская аўтакефальная і расейская праваслаўная. Паміж сабой яны ня вельмі сябруюць. І ўсё гэта стала прычынай расейскай інфармацыйнай вайны супраць Украіны ў свой час, а менавіта падзел праваслаўных цэркваў і спроба ўкраінскай праваслаўнай царквы набыць аўтакефалію.

Урэшце гэта адбылося, але мы бачым, якую рэакцыю гэта выклікала ня толькі ў праваслаўных герархаў, але і ў палітычнага кіраўніцтва Расеі. Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, усё гэта разумее.

шараговая паства ўсё-такі на 50-60% — прыхільнікі таго самага «рускага сьвету»

Зь іншага боку, калі сапраўды гаварыць пра паству, то і тут далёка ня так усё адназначна. Памятаю, рабіў перадачу з прагрэсіўнымі і актыўнымі чальцамі праваслаўнай царквы — палітолягам, царкоўнай дзяячкай Наталкай Васілевіч і сьвятаром Аляксандрам Шрамко. І яны вельмі асьцярожна выказваліся пра аўтакефалію менавіта таму, што нават на іх думку, на думку самых прагрэсіўных людзей у праваслаўнай царкве, гэта можа аслабіць саму праваслаўную царкву як інстытут у Беларусі, унесьці раскол. Такім чынам гэта разумеюць і людзі, якія і ня супраць аўтакефаліі.

А шараговая паства ўсё-такі на 50-60% — прыхільнікі таго самага «рускага сьвету», не разьбіраючы добрага і кепскага значэньня гэтага слова. Такая частка напэўна ж выступала б супраць беларускай аўтакефаліі, паколькі ім звыкла ўспрымаць праваслаўную царкву менавіта як расейскую.

Можна адзначыць розьніцу ў падыходах да нацыянальных пытаньняў у каталіцкага касьцёлу і ў праваслаўнай царквы. За гэтыя 25 гадоў касьцёл зрабіў вялікія крокі наперад на шляху да беларусізацыі службаў, сваёй друкаванай прадукцыі. Калі ў заходніх рэгіёнах Беларусі можна сустрэць службы і на польскай мове, то, напрыклад, у Менску большасьць службаў у касьцёле праходзяць на беларускай мове. Ніякай беларусізацыі ў праваслаўнай царкве не адбываецца. Размовы ідуць даволі доўга, але крокі вельмі сьціплыя, і нельга сказаць, што адбыўся нейкі прагрэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG