Расейскі байк-клуб «Начныя ваўкі» атрымаў грант прэзыдэнта Расеі памерам больш за тры мільёны рублёў (каля 50 тысяч даляраў) на праект «Славянскі свет». Пра гэта паведамляе расейская служба Бі-бі-сі са спасылкай на дакумэнты конкурсу.
У заяўцы гаворыцца, што сутнасьць праекту ў «матацыклетных і аўтамабільных пілігрымках, накіраваных на яднаньне братэрскіх славянскіх народаў шляхам грамадзкай дыпляматыі».
Таксама 3 мільёны на аўтапрабег ад Калінінграда да вострава Рускі на ўсходзе Расейскай фэдэрацыі выйграла арганізацыя вэтэранаў «Баявое брацтва», перадае Бі-бі-сі.
Раней паведамлялася, што «Начныя ваўкі» атрымалі з фэдэральнага бюджэту Расеі гранты на будаўніцтва спартова-патрыятычнага цэнтру «Патрыёт» і на правядзеньне дзіцячых елак у байк-цэнтры Sexton.
Клуб «Начныя ваўкі» ўзначальвае Аляксандр Залдастанаў (вядомы як «Хірург»), які зьяўляецца адным зь лідэраў пракрамлёўскага руху «Антимайдан».