Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы спадзяваліся на розум Лукашэнкі». Удзельнікі падзеяў 1996 году прыгадваюць гістарычны рэфэрэндум


Удзельнікі круглага стала
Удзельнікі круглага стала

Якія памылкі зрабіў Вярхоўны Савет падчас палітычнага крызісу 1996 году? Ці магчыма было адхіліць ад улады Аляксандра Лукашэнку і ці быў фатальны «расейскі дэсант» напярэдадні рэфэрэндуму?

На гэтыя пытаньні падчас круглага стала ў офісе АГП адказвалі ўдзельнікі тых падзеяў — дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-скліканьня Сяргей Калякін, Аляксандар Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Мечыслаў Грыб і Вольга Абрамава, а таксама экс-судьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.

«Я вам дам міністэрскія зарплаты, Ціцянкоў вам купіць Volvо»

Сяргей Калякін кажа, што пасьля трыюмфальнай перамогі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году ягоныя прыхільнікі прайгралі выбары ў Вярхоўны Савет 1995-га:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Туды ўвайшло вельмі няшмат прыхільнікаў Лукашэнкі. Калі вы памятаеце, Лукашэнка ў другім туры выбараў у парлямэнт нават заклікаў насельніцтва не хадзіць на выбарчыя ўчасткі, таму што ён ужо тады бачыў, што абсалютнага яго поўнаўладзьдзя ў Вярхоўным Савеце ня будзе. Пасьля абраньня дэпутатаў Вярхоўнага Савету ён правёў кансультацыі з усімі кіраўнікамі фракцыяў. Пасыл быў такі: не перашкаджайце мне працаваць. Я вам дам міністэрскія зарплаты, Ціцянкоў вам купіць Volvо. Я буду два разы на год зьбіраць, вы будзеце зацьвярджаць законы. На гэта кіраўнікі фракцыяў адказвалі адмовай: за нас галасавалі, у нас ёсьць абавязаньні перад людзьмі. У гэтай сытуацыі яму нехта падказаў, што ёсьць выйсьце з гэтага становішча — давайце мы памяняем Канстытуцыю і дамо вам паўнамоцтвы, якія дазволяць вам прымаць рашэньні, не азіраючыся на Вярхоўны Савет. Таму было прынятае рашэньне правесьці рэфэрэндум», — успамінае палітык.

Калякін падкрэсьлівае, што сама Канстытуцыя Беларусі не прадугледжвае прыняцьця на рэфэрэндуме новай Канстытуцыі, а прапанаваныя Лукашэнкам папраўкі дэ-факта зьяўляліся менавіта новай Канстытуцыяй.

«У нас не хапіла 7 галасоў, каб цалкам адкінуць ідэю аб унясеньні паправак у Канстытуцыю»

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў прыгадвае, што калі ўпершыню зьявіўся праект зьмен Канстытуцыі, ужо стала відавочна, што гаворка ідзе фактычна пра захоп улады. Сваім рашэньнем ад 4 лістапада 1996 году Канстытуцыйны суд пастанавіў, што рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі можа насіць толькі кансультатыўны, а ніяк не абавязковы характар.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Канстытуцыйны суд зазнаваў ціск з боку Адміністрацыі прэзыдэнта. Адзінства не было. Склалася ўжо свая фракцыя на чале з Рыгорам Васілевічам (які падтрымліваў прэзыдэнта Лукашэнку. — РС), таму Канстытуцыйны суд ня змог сказаць, што на рэфэрэндум наогул ня могуць выносіцца гэтыя зьмены і дапаўненьні з тае прычыны, што яны фактычна ўяўляюць новую Канстытуцыю. Так, у судзьдзяў было разуменьне, што прапануецца новая Канстытуцыя, дзе прапісваецца аднаасобная ўлада кіраўніка дзяржавы, і што гэта недапушчальна. Але ў нас не хапіла 7 галасоў, каб цалкам адкінуць ідэю аб унясеньні паправак у Канстытуцыю. Было вырашана, што ў такім выглядзе папраўкі ня могуць выносіцца на абавязковы рэфэрэндум — галасаваньне гэтага пытаньня можа насіць толькі рэкамэндацыйны характар. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэта азначала, што нават калі 100% выбарнікаў прагаласуюць „за“, пытаньне аб унясеньні паправак у Канстытуцыю будзе вырашацца з выкарыстаньнем парлямэнцкіх працэдур. Гэта быццам бы задавальняла ўсіх», — успамінае Пастухоў.

У адказ на гэта Лукашэнка прыняў 5 і 7 лістапада ўказы, у якіх сьцьвярджаў абавязковы характар рэфэрэндуму і прызнаваў несапраўдным рашэньне Канстытуцыйнага суду, хоць паводле заканадаўства ён ня меў на гэта права, падкрэсьлівае Пастухоў.

«Ён ня мог адмяніць рашэньне Канстытуцыйнага суду, таму што яно само па сабе канчатковае. Гэта сусьветная практыка. Але мала таго, ён замест Вярхоўнага Савету прымае рашэньне ў гэтым указе аб правядзеньні рэфэрэндуму, вынікі якога будуць абавязковымі. Фактычна было ўведзена надзвычайнае становішча — адмянялася рашэньне Канстытуцыйнага суду», — адзначае Пастухоў.

Выгнаньне Віктара Ганчара

Старшыня ЦВК Віктар Ганчар, бачачы, як быў прызначаны рэфэрэндум і ў якіх умовах ідзе датэрміновае галасаваньне (яно пачалося 9 лістапада), правёў 14 лістапада прэс-канфэрэнцыю, на якой зрабіў заяву пра тое, што такі рэфэрэндум — гэта зьдзек з заканадаўства і здаровага сэнсу, і калі так пойдзе далей, то ён не зацьвердзіць вынікаў.

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

«Тут Лукашэнка выдае ўказ аб тым, што Ганчар вызваляецца з пасады старшыні ЦВК (на ягонае месца была прызначана Лідзія Ярмошына. — РС), хоць, паводле Канстытуцыі, толькі Вярхоўны Савет можа як выбіраць, так і здымаць — і то толькі пры наяўнасьці дастатковых падстаў, — успамінае Аляксандр Дабравольскі. — Як толькі мы даведаліся, што выдадзены такі ўказ, мы патэлефанавалі Ганчару. Ён кажа: пакуль у мяне спакойна, але вы прыяжджайце. Мы прыехалі з Паўлам Данейкам і глядзім, што вакол будынка ачапленьне. Я патэлефанаваў, прыехалі яшчэ 15 дэпутатаў. Яны паглядзелі, здаецца, усё было спакойна, і зьехалі, а мы з Паўлам засталіся. Тут заходзіць натоўп людзей у цывільным — імі камандаваў палкоўнік са службы аховы прэзыдэнта Міхаіл Цесавец — па тры чалавекі на нас накідваюцца і проста выносяць з гэтага кабінэта. Потым прыехаў Шарэцкі, прыехаў генпракурор Васіль Капітан, але адзінае, што яму дазволілі — гэта прайсьці ва ўжо пусты кабінэт Ганчара».

У той час усе падобныя сілавыя акцыі ажыцьцяўляла менавіта служба бясьпекі прэзыдэнта, нагадвае Сяргей Калякін:

«Сакрэтным указам Лукашэнкі была створаная служба бясьпекі прэзыдэнта ў колькасьці 250 чалавек, якая ўсё гэта потым ажыцьцяўляла. Гэта фактычна неканстытуцыйная ваенізаваная структура, штурмавы атрад. Яны падпарадкоўваліся толькі Лукашэнку, яны не прадстаўляліся і проста казалі, што выконваюць загад».

Згодна са словамі Дабравольскага, замена кіраўніцтва ЦВК — гэта ўжо было «жалезнай падставай» для таго, каб не прызнаваць рэфэрэндуму.

Удзельнікі дыскусіі сёньня не сумняваюцца, што Віктара Ганчара ў любым выпадку зьнялі б з займанай пасады да рэфэрэндуму — незалежна ад таго, выступіў бы ён з гучнымі заявамі напярэдадні ці не.

«Спачатку я думаў, што Ганчар пагарачыўся, — успамінае Калякін, — але цяпер я думаю, што незалежна ад таго, зрабіў бы ён гэтую заяву ці не, яго б замянілі напярэдадні рэфэрэндуму. Таму Ганчар зрабіў правільна, што, яшчэ карыстаючыся паўнамоцтвамі, заявіў, што гэта ўсё незаконна».

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава

«Я адразу зразумела, што яго зьнясуць. І я сказала сабе: як толькі прыбяруць Ганчара, я адразу ж падпішуся за імпічмэнт», — кажа Вольга Абрамава.

19 лістапада былі сабраныя 73 подпісы дэпутатаў Вярхоўнага Савету за імпічмэнт прэзыдэнта Лукашэнкі. У той жа дзень Канстытуцыйны суд прыняў да разгляду справу «Аб парушэньні прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» і пачалася праца над ёй. Разгляд быў прызначаны на 22 лістапада 1996 году.

«Нельга сказаць, што ўсё і ўсе былі на баку Лукашэнка. Вы памятаеце, мы выклікалі ў Вярхоўны Cавет сілавікоў. Мы запрашалі міністра ўнутраных спраў, камандзера ўнутраных войскаў, кіраўніка КДБ — і яны ўсё казалі, што будуць дзейнічаць строга адпаведна Канстытуцыі. І, агулам кажучы, яны ня ўдзельнічалі, былі адведзены ад Лукашэнкі ў бок, а дзейнічаў гэты неканстытуцыйны складнік — служба бясьпекі — пры поўным патураньні астатніх», — прыгадвае той момант Калякін.

Памылкі Вярхоўнага Cавету

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Вольга Абрамава ўпэўнена, што альтэрнатыўны варыянт Канстытуцыі, прапанаваны Вярхоўным Саветам, быў страшэннай памылкай. Гэта дазволіла ўладам яшчэ больш выразна супрацьпаставіць парлямэнт прэзыдэнту, што было вельмі ўдала скарыстана дзяржаўнай прапагандай.

«Я памятаю гэтыя плякаты — з аднаго боку сонца і радасныя натоўпы, а з другога ў цёмна-шэрым сьвятле Вярхоўны Савет. То бок сьвятло супраць цемры», — кажа яна.

Сяргей Калякін сёньня прызнае, што прапанова вынесьці на рэфэрэндум альтэрнатыўны прэзыдэнцкаму варыянт Канстытуцыі (які быў распрацаваны дэпутатамі парлямэнцкіх фракцыяў камуністаў і аграрыяў), магчыма, быў памылкай, хоць і не прынцыповай самой па сабе.

«У цэлым Вярхоўны Савет паступіў няправільна, калі мы прынялі рашэньне аб прызначэньні даты рэфэрэндуму. Мы ўцягнуліся ў гэты працэс. Нам трэба было адразу казаць, што гэта неканстытуцыйна, гэтага рэфэрэндуму быць ня можа. Але гэта сёньня мы разумеем, наколькі быў падрыхтаваны фактычна сілавы захоп улады. А тады мы ж спадзяваліся на розум людзей, на розум Лукашэнкі, што ён будзе выконваць нейкія рамкі прыстойнасьці, хоць нейкую літару закону. Альтэрнатыўны праект павінен быў заклікаць людзей: задумайцеся, хоць пачытайце, што мы будзем прымаць», — тлумачыць палітык.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Вярхоўны Савет вельмі памыліўся, што не падтрымаў ініцыятывы Ганчара, які неаднойчы прапаноўваў адмяніць нашу пастанову аб прызначэньні рэфэрэндуму. Ён неаднаразова гэта прапаноўваў, і падставы ў нас для гэтага былі. Але Шарэцкі гэтай пастановы баяўся, як чорт ладану. Магчыма, прэзыдэнт правёў бы і так гэты рэфэрэндум. Але б гэта ўжо па-іншаму разглядалася», — успамінае Мечыслаў Грыб.

Аляксандар Дабравольскі з гэтым згодны: Вярхоўны Савет не павінен быў пагаджацца на рэфэрэндум. Магчыма, гэта не прывяло б да канчатковай перамогі, але б стваралі прынцыпова іншую сытуацыю. А вось альтэрнатыўны праект Канстытуцыі камуністаў і аграрыяў сапраўды ўжо ня меў вялікага значэньня:

«Прапанавалі б камуністы і аграрыі свой праект ці не, Лукашэнка б ўсё роўна сказаў, што мая Канстытуцыя — гэта сьвятло, а Вярхоўны Савет — цемра. Таму, магчыма, гэта была тактычная памылка, але стратэгічная памылка была ў тым, што закон аб рэфэрэндуме забараняў выносіць пэўныя пытаньні на яго. Там было напісана прамым тэкстам, а гэта было вынесена, і Вярхоўны Савет прызначыў дату. Калі б Вярхоўны Савет стаяў на абароне Канстытуцыі і не прызначаў даты, была б іншая сытуацыя».

Праўда, Мечыслаў Грыб сумняваецца, што нават у такіх умовах атрымалася б прадухіліць захоп улады Лукашэнкам:

«Мы былі на мяжы грамадзянскай вайны, мы яшчэ ніколі да яе так блізка не былі. Ён ня здаў бы ўладу, адназначна ня здаў бы. У яго былі б сілавікі, можа, і Вярхоўны Савет хтосьці падтрымаў бы — і было б узброенае супрацьстаяньне».

«Расейскі дэсант»: ці быў ён фатальны?

Сяргей Калякін сьцьвярджае, што ініцыятыва кампрамісу Вярхоўнага Савету з Лукашэнкам першапачаткова зьявілася зусім не ў Маскве, а сярод дэпутатаў. У тым ліку і ён агучваў падчас адной з прэс-канфэрэнцый такую ідэю.

«Сьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі знаходзіўся ў прыяцельскіх стасунках з Ягорам Строевым, які ў той час узначальваў верхнюю палату расейскага парлямэнту. Ён папрасіў у яго дапамогі — вы, маўляў, як парлямэнтарыі павінны нам дапамагчы, у вас нядаўна быў расстрэл Вярхоўнага Савету, вы ледзь не прайшлі праз грамадзянскую вайну, і ў нас можа быць тое ж самае. Тады зь яго ініцыятывы адбылася першая нарада ў Смаленску, куды мяне зацягнуў сам Шарэцкі. Туды прыляцеў Строеў, Генадзь Селязьнёў і Валеры Сяроў (намесьнік прэмʼер-міністра Расеі). Сустрэча была нефармальная. Яны пыталіся, чаго мы хочам, як мы бачым вырашэньне гэтай сытуацыі. І там быў агучаны „нулявы варыянт“: Лукашэнка адклікае свае ўказы, а мы адмаўляемся ад імпічмэнту», — прыгадвае ён.

21 лістапада 1996 году ў Менск прыляцеў «расейскі дэсант» — прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін, старшыня Савета Фэдэрацыі Ягор Строеў і сьпікер Дзярждумы Генадзь Селязьнёў. У ноч з 21-га на 22-га лістапада пры іх пасярэдніцтве прайшлі перамовы паміж прадстаўнікамі Вярхоўнага Савету (Сямён Шарэцкі, Генадзь Карпенка, Пятро Краўчанка, Сяргей Калякін) і Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку бакі падпісалі дамову, паводле якой Лукашэнка пагаджаўся прызнаць рэкамэндацыйны характар рэфэрэндуму, а Вярхоўны Савет адклікаў прапанову аб імпічмэнце прэзыдэнта. Подпіс пад дакумэнтам таксама паставіў старшыня Канстытуцыйнага суду Валеры Ціхіня.

Сяргей Калякін, які сам прымаў удзел у перамовах, наогул адмаўляе фатальную ролю расейскіх пасярэднікаў. Ён нагадвае, што расейскі прэмʼер Віктар Чарнамырдзін пачаў сустрэчу з таго, што адзіная мэта расейскай дэлегацыі — дапамагчы пазьбегнуць кровапраліцьця, паўтору тых падзей, што адбыліся ў 1993 годзе ў Маскве. Ключавым жа было зусім не ўмяшаньне Расеі ва ўнутрыпалітычны крызіс у Беларусі, а пазыцыя на перамовах старшыні Канстытуцыйнага суду Валерыя Ціхіні, які дэ-факта прыняў бок Лукашэнкі.

Аднак у выніку і такога ўмоўнага кампрамісу не атрымалася: дамова ўсё роўна не была зацьверджаная Вярхоўным Саветам — Лукашэнка не пайшоў на саступкі і заклікаў сваіх прыхільнікаў у парлямэнце галасаваць супраць.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што гэтае пагадненьне было вялікай памылкай — Вярхоўны Савет павінен быў дамагацца імпічмэнту.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«На жаль, Вярхоўны Савет на той момант прайграваў. У нас быў толькі адзін шанец — імпічмэнт. Астатняе было толькі адтэрміноўкай часу», — кажа ён.

Між тым Калякін упэўнены, што на момант пачатку перамоваў імпічмэнт быў ужо немагчымы, таму нельга казаць у гэтым сэнсе пра страчаныя магчымасьці.

Першыя маштабныя фальсыфікацыі

Газэта «Звязда» ад 26 лістапада 1996 году
Газэта «Звязда» ад 26 лістапада 1996 году

Сяргей Калякін падкрэсьлівае, што рэфэрэндум 1996 году быў цалкам нелегітымны. Па-першае, нармальнага грамадзкага абмеркаваньня праекту Канстытуцыі не было, а праціўнікі прэзыдэнцкіх паправак ня мелі роўных магчымасьцяў для агітацыі.

«Падрыхтоўка новай рэдакцыі Канстытуцыі вялася ў поўнай таямніцы. Вярхоўны Савет атрымаў тэкст новай Канстытуцыі ўпершыню 9 верасьня. Але ж гэта сурʼёзны дакумэнт. Праект Канстытуцыі 1994 году рыхтаваўся 3,5 года, а тут укінулі ў верасьні новую Канстытуцыю і „праціскалі“ яе прыняць адразу. Я скажу, што многія дэпутаты нават да канца яе не прачыталі. А што казаць пра звычайных людзей — галасаваньне ішло ўсьляпую. Толькі на 4-ы дзень датэрміновага галасаваньня на ўчастках зьявіўся прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі (і то не на ўсіх), а альтэрнатыўны варыянт не зьявіўся зусім».

Па-другое, пад рэфэрэндум была праведзена чыстка дзяржапарату і выбарчых камісіяў — там пакідалі толькі ляяльных да Лукашэнкі людзей, сьцьвярджае Калякін.

Палітык упэўнены, што на рэфэрэндуме 1996 году ўпершыню адбылася шырокамаштабная фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня. Па-першае, адзначыў ён, упершыню было вельмі значнае датэрміновае галасаваньне — 15% (на рэфэрэндуме 1995 году датэрмінова прагаласавалі 3% выбарнікаў, на парлямэнцкіх выбарах — 2,5%).

«24 лістапада да 18 гадзін на рэфэрэндуме прагаласавалі 60% выбарнікаў. Калі хто памятае надворʼе, была слата, цёмныя вуліцы, пустыя ўчасткі, і раптам 25%, паўтара мільёна чалавек галасуюць пасьля 18 гадзін. Гэта было адназначнае ўкідваньне бюлетэняў», — падкрэсьліў Калякін.

Паводле зьвестак ЦВК, за прапановы Лукашэнкі ў 1996 годзе прагаласавалі 5,2 млн выбарнікаў — гэтую лічбу Калякін называе проста неверагоднай.

«У Лукашэнкі было значна больш жаданьня быць пры ўладзе любой цаной»

24 лістапада 1996 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум у пытаньні ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю. У выніку рэфэрэндуму былі значна пашыраныя ўладныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, а прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі павялічаны на 2 гады.

«На самой справе была цалкам перафарматаваная дзяржава, — разважае пра наступствы прыняцьця новай Канстытуцыі Вольга Абрамава. — Для гэтага былі ўсе перадумовы: нясталае грамадзтва, нацыянальныя і рэлігійныя асаблівасьці. А вось Лукашэнка паказаў сябе як вельмі цэльная асоба. Ён хацеў пабудаваць намэнклятурны сацыялізм, і ён яго пабудаваў. Усё што рабілася — рабілася ў гэтым кірунку».

Анатоль Лябедзька лічыць, што Лукашэнка ў 1996-м меў відавочную перавагу над Вярхоўным Саветам, бо, па-першае, меў магчымасьць прымаць рашэньні аднаасобна і хутка, а па-другое, з самага пачатку не зьбіраўся прытрымлівацца прававых рамак.

«Відаць, у Лукашэнкі, у адрозьненьне ад Вярхоўнага Савету, было значна больш жаданьня быць пры ўладзе любой цаной. Вярхоўны Савет — гэта розныя фракцыі і ідэалёгіі, і там далёка ня ўсе былі хаўрусьнікамі. А Лукашэнка — гэта адзін цэнтар. Прычым ня права, а сілы. Гэта была ягоная перавага — ён мог прымаць рашэньне хутка, не зьвяртаючы ўвагу на закон. А Вярхоўны Савет усё ж знаходзіўся ў прававым полі і спрабаваў прыняць рашэньне, не выходзячы з гэтага поля. Гэта было мінусам, які выкарыстаў Лукашэнка. Па-другое, Лукашэнка выкарыстаў расейскі фактар на сваю карысьць. Расея падчас канфлікту паміж парлямэнтам і выканаўчай уладай была на баку Аляксандра Лукашэнкі — сёньня гэта для мяне відавочна. Гэта ў выніку і прывяло да таго, што Лукашэнка пайшоў напралом, выцер ногі аб закон і ўсталяваў той фармат улады, які дзейнічае і сёньня», — рэзюмуе ў камэнтары Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Таксама, мяркуе Лябедзька, падзеі 1996 году паказалі, наколькі трагічным можа быць вынік няўдзелу грамадзян у палітычных працэсах у краіне:

«Калі грамадзяне не далучаныя да працэсаў, калі абыякавыя і не зьяўляюцца ўдзельнікамі падзеяў, тады могуць быць такія вынікі. Вядома, мы гаворым пра Вярхоўны Савет, пра Аляксандра Лукашэнку, пра расейскі фактар, але нідзе не чуваць пра грамадзян. Іх не было на вуліцы. І гэта самы вялікі мінус. Калі людзі ўдзельнічаюць, то яны ўплываюць і на палітыкаў, і на сытуацыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG