Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч: Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэдні заробак на ўзровень $500. «Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у $500 у наступным годзе», — заявіў ён.
Пры гэтым дадаў: «Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да $500 наблізіліся».
Нагадаю, што ў 2010 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка даў загад павялічыць сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. Ён назваў гэта «сьвятой лічбай». На выніку на працягу 2010-га сярэдні заробак вырас з 350 да 530 даляраў ЗША. Потым увесну 2011 году здарыўся абвал і вялізная дэвальвацыя. Апошні раз Лукашэнка абяцаў заробак 500 даляраў у 2014 годзе. «Пяцьсот даляраў — гэта той мінімум, які павінен быць у кішэні чалавека», — казаў ён.
Потым 2015-2016 гады — гады крызысу. У 2015 годзе заробкі упалі больш, чым на 5% , гэтым годам — яшчэ на 7%. Цяпер у сярэднім беларусы атрымліваюць 377 даляраў у эквіваленце. Да апошняга часу Лукашэнка маўчаў наконт сярэдняга заробка ў далярах. Прэм’ер Кабякоў нават разважаў, што вымяраць заробкі ў далярах няправільна, непісьменна.
Зьяўляецца ўсьведамленьне, што беларуская сацыяльная мадэль — гэта тупіковы варыянт.
Чаму раптам Лукашэнка зноў вярнуўся да гэтай «сьвятой лічбы»? Дзеля піяру і папулізму. Сярод насельніцтва зьявілася расчараваньне і роспач. Прыходзіць усьведамленьне, што крызыс, падзеньне узроўню жыцьця — гэта не часовыя цяжкасьці. выкліканыя вонкавымі чыньнікамі, як спрабуе уверыць ўлада, а надоўга, можа назаўсёды. Таму ў грамадзтве у дадатак да эканамічнага насьпявае псыхалягічны, каштоўнасны крызыс. Зьяўляецца ўсьведамленьне, што беларуская сацыяльная мадэль — гэта тупіковы варыянт, што 20 гадоў Сусанін вёў краіну не туды.
І Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як зноў вярнуцца да абяцанай лічбы 500 даляраў. Маўляў, трэба даць людзям надзею. Тут важна ацаніць крызыс жанру. Гэта прыкмета таго, што на новыя выклікі Лукашэнка рэагуе па-старому. Ні да чаго іншага ён не здольны.
Цяпер ўсе загаварылі пра нерэальнасьць гэтага абяцаньня. Заўважыў бы, што тэарэтычна дасягненьне сярэдняга заробку 500 даляраў магчыма. Пры трох умовах. Калі раптам сусьветныя цэны на нафту і калій вырастуць у 2-3 разы. Калі запусьціць пячатны станок. Калі закрыць нерэнтабэльныя прадпрыемствы, звольніць усіх лішніх работнікаў у дзяржаўным сэктары, скараціць дзяржапарат.
А калі задача ня будзе выкананая, то можна будзе абвінаваціць урад, мясцовую вэртыкаль, дырэктарат. Маўляў, не выканалі даручэньне прэзыдэнта. Цар добры, баяры дрэнныя.
Цыганкоў: У візыце Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёў я зьвярнуў увагу на такую някідкую рэч. Ён увесь час казаў пра тое, што горад трэба зрабіць прыгожым да 2020 году. Таксама ён згадаў не толькі Магілёў, але і Горадню, Берасьце, іншыя гарады. Што будзе ў Беларусі ў 2020 годзе? Наступныя прэзыдэнцкія выбары.
Аляксандар Лукашэнка і паказвае, што зьбіраецца вылучацца — у многіх людзей былі сумневы альбо спадзяваньні.
Абяцаньні Лукашэнкі зноў давесьці заробак да 500 даляраў ужо ў наступным 2017 годзе я таксама зьвязаў бы з гэтым. Кажуць, сапраўдны палітык пачынае думаць пра наступныя прэзыдэнцкія выбары пасьля заканчэньня гэтых. Вось Аляксандар Лукашэнка і паказвае, што зьбіраецца вылучацца — у многіх людзей былі сумневы альбо спадзяваньні.
Пагаджуся, што 500 даляраў — не такая ўжо і нерэалістычная задача. Яе можна выканаць рознымі шляхамі, перш за ўсё тым, пра які гаварылі незалежныя эканамісты — шляхам далейшага звальненьня людзей з прадпрыемстваў.
Эфэктыўнасьць прадпрыемства ацэньваецца дзяленьнем аб’ему прадукцыі на колькасьць працоўных. Можна скараціць так званы абслугоўны пэрсанал, ахоўнікаў і прыбіральшчыкаў, бюракратыю, і тады нават пры нязьменным выпуску прадукцыі эфэктыўнасьць падвысіцца. Тое, што патрабуе кіраўнік дзяржавы ад прадпрыемстваў.
Калі рубель будзе заставацца стабільным, то сапраўды гэтыя 500 даляраў можна дасягнуць.
Апошнія паўгода заробак фармальна хоць і вельмі павольна, але расьце. Пакуль інфляцыя яго апярэджвае, і даходы насельніцтва падаюць. Але ж Лукашэнка не казаў, што даходы вырастуць у 2017 годзе! Ён казаў пра лічбу 500 даляраў. І калі рубель будзе заставацца стабільным, то сапраўды гэтыя 500 даляраў можна дасягнуць. Іншая рэч, што на іх можна будзе купіць меней, чым два гады таму.
Так што я думаю, гэта зусім не авантурная задача, яна ў эканамічным сэнсе можа быць цалкам дасягальная. Але пры сёньняшнім стане эканомікі эфэкт можа быць такім: усё менш будзе працоўных, якія будуць атрымліваць гэтыя запаветныя 500 даляраў, а таксама падвысяцца цэны на паслугі. Кіраўніцтва зможа з гонарам сказаць, што выканала сваю задачу, і гэта псыхалягічна будзе ўзьдзейнічаць, але рэальныя даходы не павялічацца.
Дракахруст: Згодны, што мэта гэтага абяцаньня — усяліць у народ аптымізм, пераламіць тэндэнцыю роспачы, адчуваньня, што гэта надоўга, а можа быць, назаўжды. Канешне, можна сказаць, што надта гэта проста, а вось што можна было паабяцаць? Што ў нас ВУП вырасьце на 0,5%, ці што экспарт вырасьце, ці што стаўка рэфінансаваньня зьнізіцца? Гэта неяк не па-чалавечы. А тут: у вас вырастуць даходы да нейкай круглай лічбы.
Лукашэнка паўтарае звычкі беларусаў, якія дагэтуль лічаць у далярах.
Дарэчы, нягледзячы на пярэчаньні Кабякова, нягледзячы на дэнамінацыю, якая нібыта ўвяла паўнавартасны, прыгожы беларускі рубель, Лукашэнка паўтарае звычкі беларусаў, якія дагэтуль лічаць у далярах. Ён мог бы сказаць: будзе заробак 1000 рублёў — таксама лічба прыгожая. Не, ён кажа «па старому».
Якія б ні былі ўрадавыя экспэрты, ня поўныя ж яны дурні і няздары. Раней усё ж такі Лукашэнка маўчаў, паўгода таму ён гэтага не абяцаў. Відаць, яму зрабілі нейкія прагнозы, паказалі нейкую дынаміку, прынамсі, ёсьць імавернасьць таго, што вось на 500 даляраў сярэдняга заробку можна нейкім чынам выцягнуць.
Прыгадайце алярмічныя прагнозы многіх паважаных эканамістаў у 2011 годзе: усё, канец, сыстэма ў агоніі, мадэль абрынулася, у 2012 годзе сярэдні заробак будзе 100 даляраў. У мяне нават у перадачы такое казалі. Прыйшоў 2012 год — 500 даляраў вярнуліся. Так што гэтая лічба рэальная.
Іншая справа, што гэтыя 500 даляраў не прынясуць вялікага шчасьця, гэта не будзе 100 гадоў працьвітаньня. Лукашэнка як палітык робіць правільна: тут трэба ці рабіць рэформы ці прынамсі неяк падтрымліваць добры настрой у свайго народу.