Грамадзкага актывіста абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году. Тады ў Менску прайшоў мітынг пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, у якім, паводле незалежных крыніц, бралі ўдзел больш за 30 тысяч чалавек. Позна ўвечары 19 сьнежня на загад уладаў мітынг на плошчы Незалежнасьці быў брутальна разагнаны АМАПам, міліцыянты зьбілі, затрымалі і арыштавалі больш за 500 чалавек, зь іх 49, у тым ліку 4 кандыдаты на прэзыдэнта, пазьней былі асуджаныя на розныя тэрміны: ад умоўнага пакараньня да 6 гадоў зьняволеньня.
У падзеях на плошчы Незалежнасьці, паводле сьледзтва, удзельнічаў і Ўладзімер Кондрусь. У інтэрнэце ёсьць фота, на якіх, магчыма, ён б’е вокны на першым паверсе Дома ўраду. Цяпер вядома, што ў 2011-2012 гадах Уладзімер Кондрусь таксама браў удзел у акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі, за што быў аштрафаваны і адбываў адміністрацыйны арышт. Увесну 2016 году актывіст прысутнічаў на мітынгах у абарону прадпрымальнікаў і, як мяркуюць ягоныя сваякі, трапіў пад увагу спэцслужбаў.
Затрымалі Ўладзімера Кондруся ў чэрвені 2016 году. Вядома, што больш за месяц на «Валадарцы» ён трымаў галадоўку пратэсту. Бацькі актывіста распавядалі, што на сустрэчу зь імі, якая адбылася ў вязьніцы, сына прывезьлі ў інвалідным вазку, ён выглядаў вельмі схуднелым і стомленым. Перад судом маці Кондруся сказала, што ягонае здароўе нібыта палепшала.
Дакладна невядома, ці прызнае сябе Ўладзімер Кондрусь вінаватым. Актывісту пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня ды спыненьня крымінальнага перасьледу.
Судзіць актывіста будзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка.