Уладзімера Кондруся, новага фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках падчас прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году, упершыню за два месяцы наведалі бацькі.
Як распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна» ягоны бацька Ўладзімер Расьціслававіч, 9 жніўня ім нарэшце дазволілі сустрэцца ў СІЗА-1 Менску. Стан здароўя свайго 39-гадовага сына, які знаходзіцца ў санітарнай частцы «Валадаркі», бацькі ацэньваюць як «крытычны» — той вытрымаў толькі некалькі хвілін першага дазволенага спатканьня:
«Сын — напалову труп, у пакой для перамоваў вынесьлі на насілках. Яго хапіла на пяць хвілін гутаркі. Ён абсалютна зьнясілены. Гаварыў вельмі невыразна. Здаецца, што ён як у тумане, дрэнна разумее, вочы паўпустыя», — сказаў бацька вязьня.
У СІЗА Ўладзімер Кондрусь трымаў працяглую галадоўку на знак пратэсту супраць свайго зьняволеньня, што і стала прычынай рэзкага пагаршэньня стану здароўя. Паводле бацькі, нягледзячы на ранейшую пазыцыю, сёньня сын папрасіў дапамогі:
«Папрасіў нас дамагчыся, каб яму зрабілі зонд. У яго язва, і з гэтай прычыны нават не ўзялі ў войска. Цяпер ён харкае крывёю. Відавочна, язва абвастрылася. А ў санчастцы ніякай дапамогі не аказваюць. Ён просіць абязбольвальнае — не даюць. Маці сьлёзна прасіла перавесьці яго ў нармальны шпіталь... Нашаму сыну неабходная тэрміновая дапамога», — кажа Ўладзімер Расьціслававіч.
Жыхар пасёлку Рудзенск Уладзімер Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расьсьледаваньня за яго меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас выбараў прэзыдэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — «Масавыя беспарадкі». На час сьледзтва ён утрымліваецца ў СІЗА № 1 Менску.
У 2011 годзе ў сувязі з тымі падзеямі было асуджана блізу паўсотні чалавек, многія з пазбаўленьнем волі на розныя тэрміны.