Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі і Павал Севярынец заклікаюць да салідарнасьці з Уладзімерам Кондрусем


Меркавана, Уладзімер Кондрусь б'е шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году
Меркавана, Уладзімер Кондрусь б'е шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Былыя палітвязьні заклікаюць пісаць лісты 39-гадоваму Ўладзімеру Кондрусю, які ўтрымліваецца ў менскім СІЗА на Валадарскага і абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі даслаў паштоўку і заклікае ўсіх выказаць словы падтрымкі Ўладзімеру Кондрусю.

«Палітычны зьняволены Ўладзімер Кондрусь цяпер знаходзіцца ў турэмнай бальніцы, бо мае сур’ёзныя праблемы са здароўем пасьля галадоўкі. Да нядаўняга часу, каля паўтара месяца, пра яго зьняволеньне яшчэ ніхто ня ведаў, і ён не атрымліваў ніякай інфармацыі з волі, ня меў маральнай падтрымкі. Вось жа зараз я заклікаю ўсіх неабыякавых людзей напісаць хаця б некалькі словаў Уладзімеру Кондрусю, выказаць салідарнасьць зь ім. Уладзімер Кондрусь патрапіў у бяду, і наш маральны абавязак — дапамагчы яму», — цытуе Бяляцкага праваабарончы сайт spring96.org.

Актывісты валянтэрскай службы «Вясны» ўжо накіравалі першыя паштоўкі салідарнасьці Ўладзімеру Кондрусю. Паштоўкі і лісты яны прапануюць накіроўваць на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, г. Менск, 220030.

Раней да салідарнасьці з Уладзімерам Кондрусем у сваім Фэйсбуку заклікаў сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, прапанаваўшы пісаць яму лісты падтрымкі.

«Уладзімеру Кондрусю цяпер вельмі патрэбная вашая падтрымка і салідарнасьць, — адзначыў палітык, — Хлопец на мяжы жыцьця і сьмерці — амаль два месяцы галадоўкі скончыліся язвай».

Жыхар пасёлку Рудзенск Уладзімер Кондрусь 14 чэрвеня 2016 году быў зьмешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1. Ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці прызналі палітычна матываваным крымінальны перасьлед Уладзімера Кондруся.

На дадзены момант, апроч Уладзімера Кондруся, праваабаронцы прызнаюць палітычным вязьнем праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG