Каторы дзень у галаве тахкае вось гэта гішпанскае «No pasa nada». Нічога не адбываецца. Выраз можа ўжывацца ў значэньні «нічога страшнага» або «ўсё ў парадку». Кожная дзяржава мае свой герб, гімн, сьцяг. Але ня мае афіцыйнага слогану. Чаму б не пачаць з нашай краіны, і слоган, вось гэты — не павесіць на кожным дзяржаўным сайце, на старонках турыстычных фірмаў і так далей, дзе гэта толькі магчыма. Білборды ўсталяваць уздоўж галоўных аўтамабільных магістраляў, што цягнуцца з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень і наадварот. Тут нічога не адбываецца — ласкава запрашаем!
Яны задаволеныя, што «іх» кандыдат «надраў зад» так нелюбімай імі чамусьці Гілары Клінтан.
«Но паса нада» — гучыць у маёй пустой галаве, калі я бадзяюся па кірмашы ў спальным раёне, і чую, як пэнсіянэры зь сіняватымі тварамі гучна абмяркоўваюць перамогу на амэрыканскіх выбарах Дональда Трампа. Яны задаволеныя, што «іх» кандыдат «надраў зад» так нелюбімай імі чамусьці Гілары Клінтан. На пэнсіянэрах аднолькавыя чорныя стандартныя куртачкі, вязаныя шапачкі, боты айчынныя з аблезлымі насамі ў тон і фасон сіняватых насоў. Яны так горача абмяркоўваюць заакіянскія падзеі, што аж зайздрасьць — няма ў людзей больш праблемаў. І вайны ня будзе. Настаўніца ў школе малому таксама днямі распавядала: як цудоўна, што перамог Трамп — вайны ня будзе, бо Гілары хацела ваяваць «з намі».
Тут нічога не адбываецца. То ў Польшчы нешта, то ў Расеі, то за акіянам. Тут няма чаго абмяркоўваць. На парлямэнцкіх выбарах я была ў адной вёсцы, вярталася поўным дызелем — ні слова нідзе пра выбары. Памідоры, агуркі, бульба, цяпліцы, печкі, дровы. Куры, гусі. Чую часта абмеркаваньні Пуціна, Абамы, падзей ва Ўкраіне ці Польшчы. У нас жа — но паса нада.
Прыедзеш у вёску — і тваю няшчасную галаву будуць сунуць гвалтам у дзіравы мяшок з плёткамі: хто, з кім, дзе, украў, пераспаў.
Гэта як ў вёсцы, жыхароў якой так цікавяць факты і аргумэнты з жыцьця суседзяў, але сваё ўласнае жыцьцё падаецца такім нецікавым, што ня варта і рот разяўляць, каб гаварыць пра яго. Прыедзеш у вёску — і тваю няшчасную галаву будуць сунуць гвалтам у дзіравы мяшок з плёткамі: хто, з кім, дзе, украў, пераспаў. Табе будуць з жарам і жахам распавядаць, якая гультайка суседка — у той час, калі ў саміх апавядальнікаў у гародзе будзе буяць асот і лебяда. З хваравітай цікаўнасьцю яны пазіраюць за суседзкі плот, і з такой жа грэблівасьцю — на ўласныя соткі і дом.
Твар яго адразу робіцца такім сумным-сумным, як быццам я прапанавала яму пагаварыць пра застарэлы гемарой ці адэному прастаты.
Прыходзіць прыяцель і пачынае маналёг, вочы ліхаманкава гараць: Пуцін, Трамп, акно Овэртана. І ў зваротным парадку — акно Овэртана, Трамп, Пуцін. Перабіваю: «Ды каб яны згарэлі ўсе разам, каб іх халера, каб іх качкі і пранцы! Ты лепш скажы — як твая жонка, як сын?». У таго вочы па яблыку: «А пры чым тут яны?». «Не пры чым, а пры кім! Пры табе, ты ж зь імі жывеш, а ня з Пуцінам! Табе лепш ведаць, а мне цікавей слухаць пра іх» — кажу. Твар яго адразу робіцца такім сумным-сумным, як быццам я прапанавала яму пагаварыць пра застарэлы гемарой ці адэному прастаты: «А што распавядаць, нармальна зь імі ўсё...»
Так неяк гадоў восем таму перада мной ласкава растуліў абдымкі «чароўны сьвет» сацыяльных сетак. З імпэтам пачала шукаць нейкіх згубленых аднаклясьнікаў, аднакурсьнікаў, яшчэ каго. Пісала ім паведамленьні: «О, крута, што я цябе знайшла, як ты? Давай распавядай хутчэй!». Адказы былі аднолькавыя. Но паса нада. «Нічога, памаленьку, жывём, як усе». Атрымаўшы зь дзесятак такіх паведамленьняў, я схапілася за галаву, а дэпрэсіўныя праявы ціхай сапай падкраліся да маёй шыі, каб здушыць мяне ў сваіх сутаргавых абдымках. Таму я хутчэй схапілася за зброю — «мышку», каб як мага хутчэй «павыпільвацца» з тых сетак, і не шукаць таго, «што раньш было».
Аўрэліяна часта плакаў у лоне маці і нарадзіўся з адкрытымі вачамі. Аўрэліяна падняў трыццаць два ўзброеныя паўстаньні, і ўсе прайграў. А далей было так: но паса нада. Вырабляў залатыя рыбкі, прадаваў, набываў золата і зноў выплаўляў рыбак. Дзяўчынка чытае тэкст «Мы — беларусы» — і роспачна плача, выйшаўшы з улоньня маці, зрабіўшыся маленькай грамадзянкай РБ: «Мы жывём у маленькай краіне, і нам усюды добра — у парку, у полі, у лесе».
Карыстальнікі сеціва рагочуць. Нам праўда ўсюды добра, у парку, у лесе і полі, як добра і гэтай дзяўчынцы, да сьлёз.
Так часта сваякі гавораць: «Ой, ды што гаварыць, няма чаго гаварыць».
Нічога не здараецца. Апошнія ўсе зацятыя бітвы ў сацыяльных сетках былі зьвязаныя ці з падзеямі ва Ўкраіне, ці з польскім заканадаўствам, ці з забаронай мастацкай выставы ў Маскве, ці з выбарамі ў ЗША. Што тут робіцца ў гэтым краі балацяным-азёрным — а што гаварыць, калі няма чаго гаварыць. Так часта сваякі гавораць: «Ой, ды што гаварыць, няма чаго гаварыць».
«Казюркі ў бурштыне». Пабыўшы сьведкам грандыёзнай бойні, калі на Дрэздэн скінулі столькі бомбаў, што хапіла забіць 135 тысяч чалавек, герой раману Білі Пілігрым нібыта застыў, зрабіўся «казюркай у бурштыне». Закрытыя прасторы... «Гэтыя пячоры могуць успрымацца як нешта непрыемнае і страшнае, для некага яны могуць быць сымбалем сьмерці, а для іншых — сымбалем выжываньня і бясьпекі» — пісалі крытыкі пра аднайменны фільм.
Толькі ці можам мы выбіраць для сябе сымбалі — сьмерць гэта ці такі своеасаблівы шлях выжываньня і бясьпекі?
Тут нічога не адбываецца. А калі і адбываецца — гэта ня вартае ўвагі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.