Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Карбалевіч: 7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, выступаючы са зваротам да парлямэнту, заявіў, што перад урадам пастаўленая задача па пошуку альтэрнатывы расейскай нафце. Ён паведаміў, што Беларусь вядзе перамовы з Іранам па пастаўках нафты. І там была такая фраза: «Сёньня загружаны танкер ідзе ў Адэсу, і пачнём пастаўляць праз Украіну на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». Тады шмат хто гэта палічыў блефам. І нават на нашай перадачы «Трайны ўдар» мы дыскутавалі на гэтую тэму.
І вось высьветлілася, што гэта не блеф. Танкер з нафтай для Беларусі сапраўды прыйшоў у Адэсу. Але нафта не іранская, а азэрбайджанская, 84,7 тыс. тон.
Вядома, што з-за газавага канфлікту Расея скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ амаль удвая. І заводы сталі недагружаныя. Што шкодна для нафтаперапрацоўчай вытворчасьці.
Няма інфармацыі, па якой цане купленая гэтая нафта. Зразумела, што яна значна вышэйшая за цану расейскай нафты.
Зьвярнуў бы ўвагу вось на якую акалічнасьць. Папярэдні досьвед пастаўкі спачатку вэнэсуэльскай, потым азэрбайджанскай нафты у 2010-2012 гг. быў трохі іншы. Тады нафта пастаўлялася па трубаправоду Адэса-Броды, потым да Мазыра. Цяпер нафта будзе транспартавацца да Мазыра у цыстэрнах па чыгунцы. Гэта значна даражэй.
Гэта такі палітычны ўкол Расеі.
Таму ня думаю, што Мазырскі НПЗ атрымае нейкі прыбытак ад такой зьдзелкі. Яна ладзіцца дзеля таго, каб, па-першае, проста загрузіць завод напоўніцу. І па-другое, гэта такі палітычны ўкол Расеі, маўляў, глядзіце, сьвет клінам не сышоўся на вас, мы можам купіць нафту і ў іншым месцы.
Што далей? Газавы канфлікт нібыта закончаны і Расея паабяцала аднавіць ранейшыя аб’ёмы паставак нафты. Але пры ўмове, што Беларусь сплаціць доўг «Газпрому» у памеры 280 млн даляраў. Праўда у тэрмінах бакі заблыталіся: расейскія прадстаўнікі даводзілі, што доўг павінен быць пагашаны да 20 кастрычніка, беларускія афіцыйныя асобы — да 25 кастрычніка. Сёньня 25-е, але інфармацыі пра выплату доўгу пакуль няма. А значыць, няма і аднаўленьня паставак нафты ў ранейшым аб’ёме.
Думаю, Беларусь і Расея ўсё ж паразумеюцца і адновіцца ранейшы аб’ём паставак расейскай нафты. Бо ў гэтым зацікаўленыя і расейскія нафтавыя кампаніі. Беларусь мае маржу ад перапрацоўкі нафты толькі пры умове, што на яе льготныя цэны. А такія цэны можа даць толькі Расея.
Мяркую, што, як і падчас папярэдняга досьведу альтэрнатыўных паставак нафты, працягу гэта ня будзе мець.
Дракахруст: Я не зусім з вамі згодны. Я памятаю нашу дыскусію ў «Трайным удары», і мне здаецца, ня ўсе з нас казалі, што гэта проста лухта, што Лукашэнка блефуе.
Мы якраз казалі пра тое, што ў сытуацыі, калі з самым выгодным пастаўніком узьнікаюць праблемы, то мець альтэрнатыву, хай нават горшую і больш дарагую, у любым выпадку варта. Гэта спосаб дыялёгу з тым самым першым пастаўніком: паказаць яму, што на ім сьвет клінам не сышоўся, што ўрэшце можам і іншыя крыніцы знайсьці.
Невялічкія, пробныя пастаўкі — гэта тэст лягістыкі.
Акрамя таго, вось такія невялічкія, пробныя пастаўкі — гэта тэст лягістыкі. Як гэта арганізаваць, ад каго, якім шляхам? Такі тэст — крок разумны і карысны, можа гэта і працягнецца, нават калі з Расеяй пра ўсё дамовяцца і пастаўкі з РФ пойдуць у ранейшым аб’ёме.
Ну і дарэчы гэтая транзакцыя паказвае, што той самы скандал вакол самалёту «Белавія» насамрэч не такі і страшны, і бакі хочуць яго залагодзіць. Бо з аднаго боку, робяцца рэзкія заявы беларускім МЗС, патрабаваньні прабачэньняў, а з другога боку праз Адэсу спакойна ідзе нафта. Гэта значыць, што бакі разумеюць адзін аднаго і сварыцца ня хочуць.
Карбалевіч: Калі б гаворка ішла пра забесьпячэньне ўнутранага рынку нафтапрадуктамі, тады, зразумела, можна купляць нафту па любым кошце, таму што не можа краіна існаваць без бэнзіну і г. д. Але калі гаворка ідзе пра тое, каб зарабіць грошы, то ў гэтай сытуацыі азэрбайджанская нафта гэтую задачу ніяк не выканае.
Дракахруст: Безумоўна, але зараз не ідзе гаворка пра тое, каб зарабіць грошы. А пра тое, што, па-першае, як вы сказалі, загрузіць няспынны працэс, каб нафтаперапрацоўчы завод не стаяў пусты, а па-другое, вытрымаць.
Да таго ж, гэта ж ня так робіцца, што шчоўкнуў пальцамі, сказаў: заўтра мне танкер, і вось табе танкер. Пра гэты танкер, я мяркую, дамоўленасьць была дасягнутая можа месяц таму, у самы разгар канфлікту. І зараз, калі канфлікт залагодзіўся (і яшчэ не факт, што залагодзіўся), але ў Адэсу прыйшоў танкер, што было казаць беларускаму боку? Не, хлопцы, нам ваш танкер ужо непатрэбны? Зразумела ж не.
Цыганкоў: Як у тым анэкдоце, і ты маеш рацыю, і ты маеш рацыю. Я лічу, што рацыя на баку Валера ў тым, што гэта ганьба, што за 25 гадоў Беларусь так і не наладзіла альтэрнатыўныя пастаўкі нафтапрадуктаў і застаецца адной з нямногіх краінаў у сьвеце, якія цалкам залежаць ад аднаго пастаўніка.
Нагадаю, у Эўропе нават прыняты адпаведны закон, паводле якога адзін пастаўнік не можа займаць больш за нейкую долю рынку нафтапрадуктаў, па-мойму, каля 30%.
Альтэрнатыўныя крыніцы паставак патрэбныя не для таго, каб іншая нафта пераважала на беларускім рынку, бо ўсё ж такі расейская нафта застаецца самай выгаднай па многіх прычынах. А менавіта проста для наяўнасьці альтэрнатывы, каб пры любых канфліктах і перамовах з Расеяй Беларусь ужо мела запасны варыянт.
Улада зразумее, што гэтую лягістыку трэба адпрацаваць, наладзіць — ну проста на ўсялякі выпадак.
На баку Юрыя тое меркаваньне, што вось гэтая канкрэтная сытуацыя з танкерамі ў Адэскім порце — гэта сапраўды канкрэтныя дзеяньні, і хочацца спадзявацца, што зараз беларуская ўлада зразумее, што гэтую лягістыку трэба адпрацаваць, наладзіць — ну проста на ўсялякі выпадак.
Канешне, не для таго, каб зарабляць на азэрбайджанскай нафце, а толькі для таго, каб мець альтэрнатыву, палітычную падушку і сродак палітычнага ціску на Маскву ў выпадку новых канфліктаў.
З усіх магчымых варыянтаў, калі прыкінуць геаграфічна, азэрбайджанская нафта выглядае лягістычна самым аптымальным варыянтам, другім паводле выгады пасьля расейскага. То бок гэта не зусім чыста палітычнае рашэньне, а і спроба знайсьці найлепшы альтэрнатыўны варыянт нафты.