Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе разгружаюць танкер з азэрбайджанскай нафтай для Беларусі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Груз прыбыў з порту Супса. Пасьля адкаткі ў берагавыя ёмістасьці адной з адэскіх нафтабазаў нафту павязуць чыгуначнымі цыстэрнамі на Мазырскі НПЗ.

Транзытная нафта для Беларусі не ўпершыню праходзіць праз Адэскі порт.

У 2010–2011 гадах было перапрацавана 1 455,1 тыс. тон нафты вэнэсуэльскага і азэрбайджанскага паходжаньня, у тым ліку 156,3 тыс. тон азэрбайджанскай нафты паводле схемы своп «шляхам замяшчэньня вэнэсуэльскай нафты паводле кантрактаў паміж Беларускай нафтавай кампаніяй, азэрбайджанскай SOCAR і вэнэсуэльскай PDVSA».

Прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што азэрбайджанская нафта прызначаная для Мазырскага НПЗ.

Яна нагадала, што кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з дэпутатамі заявіў, што Беларусь будзе разглядаць розныя варыянты забесьпячэньня беларускіх НПЗ нафтай.

Яна адмовілася камэнтаваць сытуацыю, зьвязаную з пастаўкамі расейскай нафты ў Беларусь, у прыватнасьці, не сказала, ці павялічыліся гэтыя пастаўкі, як абяцаў расейскі бок. Аднак яна адзначыла, што канцэрн гатовы перапрацаваць усе пастаўленыя аб’ёмы.

Раней Лукашэнка​ заявіў, што Беларусь вядзе перамовы пра пастаўкі нафты з Іранам. Паводле кіраўніка краіны, гэта робіцца з прычыны складанасьцяў у перамовах па нафце і газе з Расеяй.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што пакуль занадта мала інфармацыі, каб казаць адназначна, чаму Беларусь аднавіла пастаўкі азэрбайджанскай нафты на свае НПЗ.

«Гэта можа быць зьвязана з тым, што Беларусь хацела б правесьці тэставаньне альтэрнатыўных шляхоў дастаўкі нафты. Што яна не давярае Расеі, тым дамоўленасьцям, якія нібыта былі падпісаныя.

Я думаю, што ёсьць нейкія падводныя камяні, якія трэба ўлічваць. І Лукашэнка проста хацеў бы на будучыню паглядзець, як у сытуацыі нізкіх цэнаў на нафту працуюць беларускія НПЗ бяз значнай часткі расейскай сыравіны.

А магчыма, дамовы былі падпісаныя яшчэ да таго, як былі дасягнутыя дамоўленасьці з Расеяй, і таму трэба купляць тое, што купілі.

Альбо нехта з Азэрбайджану дамовіўся зь Беларусьсю правесьці тэставаньне менавіта схемы, калі на давальніцкіх варунках перапрацоўваецца нафта ў Беларусі, а потым ужо сумесна адбываецца гандаль нафтапрадуктамі альбо ў Беларусі, альбо яны экспартуюцца ў краіны Эўразьвязу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG