Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч: Група экспэртаў па ядзернай бясьпецы Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) завяршыла 12-дзённы візыт (з 2 па 14 кастрычніка) у Беларусь, падчас якой яны правялі ацэнку мераў па забесьпячэньні ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі ў працэсе будаўніцтва АЭС. Яны сустракаліся з прадстаўнікамі міністэрства па надзвычайных сытуацыях і супрацоўнікамі яго дэпартамэнту па ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі.
Паколькі самой атамнай станцыі яшчэ няма, яна будуецца, то ацэньваць захады па яе бясьпецы трохі рана. Таму місія засяродзіла сваю ўвагу на нарматыўна-прававой базе. Як і належыць міжнароднай арганізацыі, ацэнкі місіі даволі дыпляматычныя. З аднаго боку, экспэрты пахвалілі Беларусь, назвалі Беларусь адной з самых перадавых краінаў сярод «ядзерных пачаткоўцаў».
Магчыма, у Вільні спадзяваліся на жорсткія ацэнкі міжнародных экспэртаў. Але, відаць, гэтыя надзеі не спраўдзіліся
Зь іншага боку, кіраўнік місіі генэральны дырэктар Цэнтру радыяцыйнай і ядзернай бясьпекі Фінляндыі Петэры Тыпана адзначыў: «Беларусі трэба будзе вырашаць пытаньні, зьвязаныя з бясьпечнай эксплёатацыяй сваёй першай атамнай электрастанцыі. Трэба стала імкнуцца да таго, каб рэгулятыўныя нормы па эксплёатацыі АЭС былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з нормамі МАГАТЭ. У прыватнасьці, гэта датычыцца здольнасьці рэагаваньня ў надзвычайных сытуацыях». То бок, трэба разумець, што такіх распрацаваных нормаў пакуль няма.
Суседняя Літва, якая вельмі жорстка крытыкуе дзейнасьць беларускіх уладаў па будаўніцтву АЭС з гледзішча бясьпекі, ускладала вялікую надзею на гэтую місію. Магчыма, у Вільні спадзяваліся на жорсткія ацэнкі міжнародных экспэртаў. Але, відаць, гэтыя надзеі не спраўдзіліся. МАГАТЭ — ня тая арганізацыя, якая можа моцна крытыкаваць краіны, якія будуюць АЭС.
галоўная праблема, якая ўзьнікне пасьля будаўніцтва АЭС — куды дзяваць электраэнэргію, якая вырабленая на станцыі
Але, думаю ў ходзе будаўніцтва АЭС нас чакае яшчэ шмат сюрпрызаў. Будзе павялічвацца аб’ём выдаткаў на будаўніцтва і бясьпеку ў параўнаньні зь першапачатковымі плянамі. Будуць увесь час адцягвацца тэрміны завяршэньня будаўніцтва. Лукашэнка марыць, каб станцыю можна было б адкрыць акурат да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Гэта павінна стаць галоўнай піяр-акцыяй яго перадвыбарчай кампаніі, бо больш жа ганарыцца ня будзе чым. Таму будаўніцтва будуць фарсіраваць, ігнаруючы нормы бясьпекі. Ужо афіцыйныя асобы кажуць пра аптымізацыю тэрмінаў.
Але галоўная праблема, якая ўзьнікне пасьля будаўніцтва АЭС — куды дзяваць электраэнэргію, якая вырабленая на станцыі. Экспэрт Юрый Варонежцаў прагназуе, што, каб убудаваць атамную электрастанцыю ў энэргетычную сыстэму краіны, трэба яшчэ паўтара мільярда даляраў на будаўніцтва станцыяў, якія павінны кампэнсаваць ваганьні спажываньня электраэнэргіі, на будаўніцтва лініяў электраперадачаў ад станцыі. А яшчэ ж трэба сродкі на перавод транспарту на электрамабілі. Гэтая АЭС можа стаць для Беларусі як БАМ для СССР. Нагадаю, БАМ стаў апошняй будоўляй камунізму.
Дракахруст: Вынікі гэтай місіі, яе высновы, наўрад ці паставяць апошнюю кропку ў гэтай спрэчцы паміж Менскам і Вільняй наконт беларускай АЭС. Варта нагадаць, што ў Літве зусім нядаўна прайшлі парлямэнцкія выбары і даволі пераканаўчую перамогу на іх атрымала ўчорашняя апазыцыя, партыя кансэрватараў. Менавіта партыя кансэрватараў найбольш востра крытыкавала Беларусь за будаўніцтва АЭС, за тое, як яна будуецца і за тое, што яна ўвогуле будуецца.
Некаторыя выказвалі меркаваньне, што гэта была проста такая перадвыбарчая тэма, на якую кансэрватары селі, маўляў, выбары скончацца і яны пра яе калі не зусім забудуцца, але вастрыня крытыкі прынамсі істотна зьнізіцца. Пакуль так не адбылося.
Што да высноваў місіі МАГАТЭ, то досьвед падказвае, што калі ёсьць вострая палітычная канфрантацыя, ніякія экспэрты, нават міжнародныя, не могуць быць трацейскім судзьдзём, іх высновы пераасэнсоўваюцца, пераінтэрпрэтуюцца, кожны з тых высноваў бярэ свой кавалачак, які яму падабаецца, і выкарыстоўвае ў тых мэтах, якія ў яго былі, і якія ніяк не зьмяніла гэтая экспэртная місія.
Вы, Валер, цытавалі заяву кіраўніка місіі, які сказаў, што Беларусі «трэба стала імкнуцца да таго, каб рэгулятыўныя нормы па эксплёатацыі АЭС былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з нормамі МАГАТЭ». Я ўяўляю сабе, як у Вільні гэта будзе ўспрынята. Там з гэтых словаў зробяць выснову, што зараз гэтыя нормы не адпавядаюць нормам МАГАТЭ. Ну дык гэта тое, пра што гаворыць Вільня.
А Менск будзе адпаведна апэраваць іншымі высновамі гэтай місіі, паводле якіх будаўніцтва ідзе нармальна і ніякіх асаблівых небясьпекаў няма. Як пытаньне было ў палітычнай плашчыні, так яно там, гледзячы па ўсім, і застанецца.
сытуацыя вось такога супрацьстаяньня Беларусі і Літва — на гады
І тут ужо пытаньне ў тым, наколькі Брусэль, суседзі па Эўразьвязе, будуць ахвотныя падтрымаць пазыцыю Літвы. Бо зразумела, АЭС будуецца на сувэрэннай тэрыторыі Беларусі і фізычна гэтаму перашкодзіць Літва абсалютна ня ў стане. Ну а для таго, каб арганізаваць больш-менш моцны ціск, для гэтага ў адной Літвы мала сілаў — ёй патрэбныя партнэры.
Цыганкоў: Давайце задумаемся, нават калі Брусэль падтрымае па максымуму пазыцыю Літвы, то да чаго гэта ў выніку можа прывесьці? Беларусь спыніць будаўніцтва?
Дракахруст: Не, безумоўна не. Але гэта можа прывесьці да большых выдаткаў на будаўніцтва рознага кшталту сыстэмаў бясьпекі, гэта можа прывесьці да стварэньня, па згодзе Менску, нейкай назіральнай ці экспэртнай рады з прадстаўнікоў і Брусэлю, і Вільні, якія будуць адсочваць будаўніцтва ў рэжыме рэальнага часу. Я думаю, што можна дасягнуць толькі гэтага. Спыніць будаўніцтва — не, немагчыма.
Цыганкоў: Не ўсе актывісты антыядзернага руху так лічаць. У перадачах з Варонежцавым, калі некалькі месяцаў назад мы рабілі інтэрвію тыдня, ён заявіў, што будаўніцтва беларускай АЭС трэба спыняць і прыводзіў прыклады, калі ў гісторыі фактычна дабудаваныя станцыі праз тыя ці іншыя прычыны, пратэсты грамадзкасьці ці эканамічныя прычыны, спыняліся і ператвараліся ў помнікі безгаспадарчасьці.
Сапраўды, сытуацыя вось такога супрацьстаяньня Беларусі і Літва — на гады. Гэта яшчэ раз прымушае задумацца, пра што думалі беларускія ўлады, калі выбіралі менавіта такую пляцоўку для пабудовы АЭС. Не так ужо рэдка міжнародныя адносіны азмрочваюцца будоўляй нейкіх экалягічна небясьпечных аб’ектаў недалёка ад мяжы.
Цэны зьмяніліся ў сьвеце, і немагчыма будзе Беларусі так лёгка дамовіцца пра экспарт гэтай энэргіі, а менавіта для экспарту яна будавалася
А яшчэ ёсьць такая асаблівасьць, што беларускія ўлады да апошняга моманту, асабліва калі яны прымалі рашэньне пра будаўніцтва АЭС, не вельмі былі звыклыя дзейнічаць у полі дамовы з суседзямі, паводле міжнароднага права. Вось мы так вырашылі, і ўсё. А цяпер ужо трошкі іншая міжнародная сытуацыя, цяпер ідзе нармалізацыя адносінаў з Захадам, і трэба рабіць выгляд, што прыслухоўваесься да меркаваньня суседзяў.
Раней Беларусь, як аўтарытарная закрытая краіна, не мела звычкі абмяркоўваць свае рашэньні не толькі з суседзямі, але і з уласным насельніцтвам. Менавіта так і было прынятае рашэньне аб пабудове АЭС.
Іншы аспэкт, які мы амаль не закранулі, але які кожны раз можна закранаць пры размове пра пабудову АЭС — эканамічны. Электраэнэргія, якая будзе выпрацоўвацца на гэтай АЭС, будзе даражэйшай, чым было заплянавана.
Як і пабудова — лічбы ўвесь час мяняюцца, і яшчэ давядзецца Беларусі свае грошы патраціць, а не толькі крэдыт, які ўзяты на пабудову. Такім чынам, нават у выпадку пабудовы АЭС яна стане помнікам безгаспадарчасьці, калі высьветліцца, колькі гадоў трэба, каб яна акупілася.
Цэны зьмяніліся ў сьвеце, і немагчыма будзе Беларусі так лёгка дамовіцца пра экспарт гэтай энэргіі, а менавіта для экспарту яна будавалася. Так што шмат нэгатыўных чыньнікаў, якія кажуць пра патэнцыйную эканамічную неабгрунтаванасьць гэтага праекту.