Добры вечар! У Стакгольме сапраўды дзьмуць новыя вятры. Пасьля леташняга Нобэля за літаратуру для «нефарматнай» Сьвятланы Алексіевіч, сёлетнюю прэмію атрымаў яшчэ больш «нефарматны» Боб Дылан.
ДАНЧЫК УХВАЛЯЕ ШВЭДЗКІХ АКАДЭМІКАЎ. «Я лічу, што Нобэлеўскі камітэт сёлета зрабіў наватарскае, але вельмі слушнае рашэньне прысуджэньнем Боб Дылану прэміі па літаратуры» – піша наш рэдакцыйны калега Багдан Андрусышын.
ТАЦЯНА КАРАТКЕВІЧ БАЧЫЦЬ НОВУЮ ЯКАСЬЦЬ. «Мы бачым невялікія якасныя зьмены, і вельмі важна зрабіць так, каб яны пашыраліся, залучаючы грамадзтва ў працэс прыняцьця рашэньняў. Мы вітаем зьяўленьне альтэрнатывы ў парлямэнце; важна працягваць, каб па выніках мясцовых выбараў альтэрнатыва зьявілася і на рэгіянальным узроўні» – сказала лідэрка кампаніі «Гавары праўду» ў швэдзкім парлямэнце. А потым са Стакгольму паляцела ў Брусэль.
МАКС ШЧУР СТАІЦЬ ПА-ЗА ТУСОЎКАМІ. Нечаканы галоўны ляўрэат сёлетняй літаратурнай прэміі імя Гедройця Макс Шчур сказаў нам, што ён сам быў вельмі зьдзіўлены рашэньнем журы, паколькі ўжо 18 гадоў жыве па-за Беларусьсю, выдае кніжкі па-за яе межамі і не належыць да «правільных тусовак, якія абумоўліваюць нейкую вядомасьць».
ПАЛЬЧЫС ЧЫТАЕ РАМАН ЖОРЖ САНД. Напярэдадні закрытага судовага працэсу па крымінальнай справе Эдуарда Пальчыса, які пачынаецца 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе, Свабода пагаварыла зь Вікторыяй Пальчыс, жонкай палітвязьня, якога абвінавачваюць у экстрэмізьме і распаўсюдзе парнаграфіі. «Эдуард папрасіў, каб мы перадалі яму вялікую торбу кніжак, шашак, нардаў – усяго, што дазваляюць у калёніі. Гэта на выпадак, калі яго туды адправяць» – сказала Вікторыя, якая паведаміла, што ў СІЗА, дзе цяпер знаходзіцца яе муж, «вельмі шмат савецкай літаратуры, якую ён не пераносіць».
«СВЯТЛАНА АЛЕКСІЕВІЧ НА СВАБОДЗЕ» ПА-РАСЕЙСКУ. Кніга, якая летась выйшла па-беларуску, цяпер зьявілася і ў расейскамоўнай вэрсіі. У ёй сабраныя інтэрвію пісьменьніцы, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі за некалькі дзесяцігодзьдзяў. Спампаваць кнігу ў фармаце PDF можна тут.