Кіраўнікі NATO, Эўрапейскай рады і Эўрапейскага парлямэнту заявілі, што схільныя да жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да дзеяньняў Расеі, але гатовыя працягнуць дыялёг з гэтай краінай. На форуме ў Нямеччыне 10 кастрычніка патрэбу збалянсаванай палітыкі ў дачыненьні Масквы адзначылі генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрґ, старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск і прэзыдэнт Эўрапарляменту Марцін Шульц.
«Мы не павінны абвяшчаць Расею ізгоем. Замест гэтага мы мусім сказаць Маскве: мы асуджаем тое, што вы робіце няправільна, але трымаем канал для дыялёгу адкрытым, калі вы будзеце гатовыя», — адзначыў Шульц.
Столтэнбэрґ заклікаў да канструктыўных стасункаў з Расеяй, нягледзячы на найбольшае вайсковае разьвіцьцё NATO з часоў халоднай вайны, якое, паводле кіраўніка альянсу, пераважна завершана.
«Мы ня хочам павялічваць сваю прысутнасьць далей, але мы працягнем пасылаць сыгнал, што нашы войскі могуць быць ўзмоцнены, калі гэта будзе неабходна. Вельмі важна пазьбегнуць новай халоднай вайны. Мы не жадаем новай гонкі ўзбраенняў», — падкрэсьліў генэральны сакратар NATO.
Туск таксама адзначыў, што мэтаю зьяўляюцца нармальныя дачыненьні з Расеяй, але з часу пашырэньня санкцый ЭЗ, уведзеных пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе, нічога не зьмянілася. Гэта азначае, што санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць падоўжаныя яшчэ раз, падкрэсьліў старшыня Эўрапейскай рады.
Эўрасаюз сумесна з ЗША і некаторымі іншымі краінамі Захаду ў некалькі этапаў увёў санкцыі супраць Масквы: спачатку з прычыны расейскай анэксіі ўкраінскага Крыму, затым праз ролю Расеі ва ўзброеным канфлікце на Данбасе.
Баявыя дзеяньні на Данбасе працягваюцца з красавіка 2014 году. За гэты час, па зьвестках ААН, тут загінула каля 10 000 чалавек.
Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачаньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма расейскіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».