Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мілкавіта» падала ў суд на журналіста Юрася Карманава. «Гэта хутчэй акцыя не „Мілкавіты“, а нейкіх вышэйшых органаў», — Карманаў


Юрась Карманаў
Юрась Карманаў

5 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца разгляд пазову ААТ «Мілкавіта» супраць журналіста Associated Press Юрася Карманава аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Прадпрыемства патрабуе ад журналіста «абвергнуць заведама ілжывыя зьвесткі», пададзеныя ў артыкуле ня толькі на сайце АР, але і яшчэ на 7 сайтах зь Беларусі, Польшчы і Расеі, якія яго перадрукавалі.

«У красавіку 2016 году мы правялі расьсьледаваньне пра актыўнае выкарыстаньне забруджаных радыяцыяй зямель у сельскай гаспадарцы. Мы знайшлі фэрмэра Мікалая Чубянка, які арганізаваў малочную фэрму за некалькі кілямэтраў ад знакаў „Стоп! Радыяцыя!“. Гэты фэрмэр штодня здае каля дзьвюх тон малака на завод ААТ „Мілкавіта“ ў Хойніках. Каля 90% прадукцыі „Мілкавіты“ з Хойнікаў ідзе на экспарт у Расею. Яны вырабляюць так званыя „палескія сыры“, а менавіта палескі пармэзан.

Аналіз малака ў галоўнай лябараторыі Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі паказаў, што дапушчальныя нормы па ўтрыманьні радыеактыўнага стронцыю перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з заключэньнем цэнтру, якое мы атрымалі на рукі, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг пры дапушчальнай норме 3,7. Мы паінфармавалі пра вынікі гэтага дасьледаваньня кіраўніцтва „Мілкавіты“ і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніка „Мілкавіты“ Маі Феданчук. Яна сказала, што ўласны аналіз лябараторыі паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг. Пасьля таго як артыкул выйшаў, пачаўся скандал», — распавёў Свабодзе Юрась Карманаў.

Пасьля публікацыі дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС правёў сваю праверку.

«Гэтая праверка ня выявіла перавышэньня па стронцыі-90. На гэтыя вынікі чарнобыльскага дэпартамэнту і спасылаецца „Мілкавіта“ ў сваёй заяве ў суд. „Мілкавіта“ патрабуе „абвергнуць заведама ілжывыя зьвесткі“, прычым ня толькі на сайце АР, але і на 7 беларускіх, польскіх і расейскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.

Адзначу, што апублікаваныя намі зьвесткі тычацца кожнага грамадзяніна, які ходзіць у краму. Гэтае расьсьледаваньне ўяўляе грамадзка значны інтарэс. Яно было праведзена па ўсіх канонах жанру і заснавана на фактычных зьвестках. У артыкуле прыведзеныя і дадзеныя лябараторыі аб 10-разовым перавышэньні стронцыю ў малацэ, і таксама меркаваньне прадстаўніка „Мілкавіты“. Я хачу заўважыць, што пасьля публікацыі галоўны рэдактар газэты „Советская Белоруссия“ Павал Якубовіч і кіраўнік БелТА Дзьмітры Жук у праграме БТ „Клюб рэдактараў“ заклікалі разабрацца ў судзе. Я думаю, што гэты судовы пазоў — гэта хутчэй рэакцыя не „Мілкавіты“, а нейкіх вышэйшых органаў на тое, што мы распавялі пра сытуацыю на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі», — сказаў Юрась Карманаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG