Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр з Хойніцкага раёну адмовіўся даць малако на паўторную праверку ў Менску


Мікалай Чубянок на сваёй фэрме ў Губарэвічах
Мікалай Чубянок на сваёй фэрме ў Губарэвічах

Нашумелая гісторыя, як карэспандэнты агенцтва Аssociated Press знайшлі на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэньня ў Беларусі фэрму, якая вырабляе і прадае радыеактыўнае малако, абляцела інтэрнэт.

Нашумелая гісторыя, як карэспандэнты агенцтва Аssociated Press знайшлі на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэньня ў Беларусі фэрму, якая вырабляе і прадае радыеактыўнае малако, абляцела інтэрнэт.

Такая фэрма сапраўды ёсьць побач зь вёскай Губарэвічы Хойніцкага раёну — апошнім жывым паселішчам перад Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведнікам. І належыць яна фэрмэру Мікалаю Чубянку.

Зрэшты, яшчэ ня так даўно гэта была дзейная фэрма КСУП «Стралічава». Узімку 2012 году тут здарыўся пажар, і ад таго часу яна як саўгасны вытворца малака перастала існаваць. Бо за нейкія васямсот мэтраў — яшчэ адна, нашмат большая саўгасная фэрма. Там цяпер вядзецца рэканструкцыя. Зь іншага ж боку стралічаўскае сельгаспрадпрыемства дабудоўвае на ўезьдзе ў вёску яшчэ адну фэрму.

Мікалай Чубянок пераконвае, што малако ў яго чыстае, адпавядае беларускім нарматывам, бо сыравіну рэгулярна правярае Хойніцкі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта», куды фэрмэр малако прадае.

Дакумэнтаў аб праверцы якасьці малака фэрмэр паказаць ня можа:

«Усе паперы дома, імі займаецца жонка, а яна сёньня ў камандзіроўцы ў Менску. У нас праблемаў з малаком ніколі не было. Працуе малакаправод — малако з паветрам нідзе не кантактуе. Калі б былі праблемы зь якасьцю, нам бы малако вярнулі назад і фэрму паставілі б на карантын. Учора прыяжджалі з вэтлябараторыі й раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі — узялі яшчэ дзьве пробы нашага малака. Акты склалі, я падпісаўся».

Высокі ўзровень утрыманьня радыенуклідаў стронцыю-90 у малацэ з фэрмы (37,5 Бк/кг), выяўлены лябараторыяй Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, Чубянок схільны разглядаць ледзь ня як правакацыю карэспандэнтаў Аssociated Press:

«У любой канаве вазьміце вады і наліце ў тое малако — і яно пакажа. Яны ж мне расказвалі, што езьдзілі ў запаведнік, кудысьці туды ў Масаны. У маіх працаўнікоў яны папрасілі папіць малака, а павезьлі на аналіз. Чаго яны не ўзялі малака з саўгаснай фэрмы — вунь яна побач? Дый мала таго малака для аналізу — патрэбна тры літры».

Дойны статак
Дойны статак

Прапаную фэрмэру даць мне тры літры свайго малака, каб завезьці на аналіз у тую ж менскую лябараторыю для паўторнай праверкі. Бо паверыць у нейкія маніпуляцыі журналістаў з малаком цяжка. Да таго ж усякія «далівы» адбіваюцца на шчыльнасьці малака, наяўнасьці мэханічных прымесяў. Дый калі канаваў са стронцыевай вадою ўсюды поўна, то зь іх і каровы маглі напіцца, ходзячы на выпасе.

«Не, без прадстаўнікоў цэнтру гігіены ды „Мілкавіты“ я малака на аналіз ня дам, — кажа Чубянок. — Зь мяне й так ужо пасьмяяліся. Я столькі ўклаў сродкаў у гэтую фэрму, стварыў дзесяць працоўных месцаў. У маёй даяркі пяцёра дзяцей, у жывёлавода — шасьцёра. Яны працуюць, ім сем’і карміць трэба. А тут такое».

Будучы фэрмэр каля кармушак з маладняком
Будучы фэрмэр каля кармушак з маладняком

Пагаджаюся на прапанову ўзяць пробы малака ў прысутнасьці прадстаўнікоў згаданых фэрмэрам службаў. Мікалай Чубянок тэлефануе ў Хойнікі й кажа, што хутка адтуль прыедуць.

Пакуль чакаем, пытаюся пра кармы, якія спажываюць каровы, бо менавіта праз кармленьне радыенукліды ўключаюцца ў біялягічны ланцужок — мігруюць зь зямлі ў расьліны, зь іх — жывёле, і ўрэшце трапляюць праз харчы ў арганізм чалавека. У залежнасьці ад аб’ёму таго ці іншага прадукту, які спажывае чалавек, Міністэрства аховы здароўя і вызначае дапушчальныя ўзроўні ўтрыманьня радыенуклідаў у прадуктах харчаваньня. На малако й малочныя харчы дапушчальны ўзровень: цэзій — да 100 Бк/кг, стронцый — да 3,7 Бк/кг.

Чубянок распавёў, што летась яму не ўдалося нарыхтаваць уласных кармоў, таму быў вымушаны купляць іх нават у Вілейскім раёне Менскай вобласьці. Цяпер статак ганяюць на выпас — паднялася сьвежая трава. Уладзімер мае вакол фэрмы семдзесят гектараў зямлі.

«У мяне ў Хойніках свая фірма па продажы запчастак для тэхнікі. Я дапамагаў мясцовым сельгаспрадпрыемствам, і ў Хойніцкім райвыканкаме два гады таму мне й прапанавалі ўзяць у арэнду на 25 гадоў былую саўгасную фэрму ў Губарэвічах, каб яна была нашай даччынай структураю. Да 2017 году ў нас тут павінна быць пятнаццаць працоўных месцаў. І статак больш як на трыста кароў. Сілаў і сродкаў фэрма вымагае шмат, але ж калі ўзяўся, то буду дарабляць. Ёсьць указ прэзыдэнта пра фінансавую падтрымку будаўніцтва й рэканструкцыі малочнатаварных фэрмаў».

Уладзімер нарадзіўся ў Хойніках. Тут і жыў з бацькамі першыя дванаццаць гадоў. Праз колькі часу пасьля Чарнобылю бацькі пераехалі ў Смалявічы, што пад Менскам. Уладзімер пасьля школы набыў прафэсію кіроўцы, тым і зарабляў на хлеб. У 2010 годзе вярнуўся ў Хойнікі і заняўся прадпрымальніцтвам, якое й вывела яго на фэрмэрства.

Гадзіны паўтары чакаем прадстаўнікоў «Мілкавіты» і цэнтру гігіены. Фэрмэр яшчэ раз тэлефануе ў Хойнікі і нечакана паведамляе: «Сказалі, што не паедуць — учора бралі аналізы».

На фэрме ў Губарэвічах
На фэрме ў Губарэвічах

Свайго рашэньня Ўладзімер не мяняе — без прадстаўнікоў санслужбы і пакупніка малако на староньнюю праверку не дае, хоць, як падавалася, паўторная праверка ў той жа лябараторыі, якая й выдала скандальныя «37,5 бэкерэляў стронцыю», была б найлепшым абвяржэньнем. Так, дасьледаваньне ў менскай лябараторыі не аформлена пратаколам, але каму зь беларускіх грамадзянаў, якія прыносяць на праверку прадукцыю, такія пратаколы дасьледаваньняў лябараторыі выдаюць? У лепшым выпадку — цэтлік. Дый не правяраюць у грамадзянаў прадукцыю на стронцый, хоць ізатопы яго рэгулярна «вылазяць» у пробах, і асабліва на Гомельшчыне.

У суседнім з Губарэвічамі Стралічаве вяскоўцы, што яшчэ трымаюць кароў і здаюць малако праз зборшчыка на той жа хойніцкі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта», дзе вырабляюцца палескія сыры, ня маюць у сябе нават цэтлікаў. Ніхто зь іх і ня ведае, колькі і якіх радыенуклідаў утрымліваецца ў малацэ ад іхніх кароў. Адказваюць звычайна так: «Там жа яны правяраюць — кажуць, што нармальнае».

Вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках — «Палескія сыры»
Вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках — «Палескія сыры»

Інфармацыю агенцтва Аssociated Press пра ў дзесяць разоў вышэйшую за норму забруджанасьць малака стронцыем на фэрме ў Губарэвічах начальнік хойніцкага вытворчага ўчастка Альберт Дравіла пракамэнтаваў карэспандэнту БелаПАН гэтак: «Поўная лухта». Аднак паказьнікі ўтрыманьня радыенуклідаў у малацэ з фэрмэрскай гаспадаркі назваць адмовіўся. У той жа самы час «Сельская газета» ў сваёй інтэрнэт-вэрсіі за 27 красавіка іх назвала — 2,85 бэкерэля на кіляграм.

Як высьветлілася, Палескі ўчастак «Мілкавіты» за ўвесь час існаваньня фэрмэрскай гаспадаркі толькі тройчы рабіў аналіз малака на выяўленьне стронцыю — у ліпені і лістападзе 2015 году, а таксама сёлета ў лютым. Леташні сярэдні паказьнік радыеактыўнага стронцыю-90 у малацэ склаў 2,85 Бк/кг, сёлетні — 3,09 Бк/кг. На добры лад, праверку на стронцый варта было б рабіць на самым пачатку пашавага пэрыяду, але пакуль яе не рабілі.

«У нас няма праблемаў са стронцыем для пастаўкі малочнай прадукцыі ў бліжняе замежжа, у тым ліку і ў Расею», — кажуць у Хойніках, маючы на ўвазе той факт, што Тэхнічны рэглямэнт краін ЭўрАзЭС дапускае наяўнасьць да 25 бэкерэляў радыеактыўнага стронцыю ў кіляграме такой прадукцыі. Сыры ды іншыя малочныя тавары «Мілкавіта» пастаўляе на расейскі рынак ужо дзесяць гадоў і ня мела выпадкаў перавышэньня ў іх радыенуклідаў, у тым ліку і да зацьвярджэньня згаданага Тэхрэглямэнту ЭўрАзЭС.

Калі аналізаваць даступныя зьвесткі, якія падае Хойніцкі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (а ён займаецца найперш дасьледаваньнем малака ў прыватным сэктары, дзе выкарыстоўваюцца і праблемныя выпасы), то анамальна высокіх узроўняў цэнтар не зафіксаваў. Зрэшты, сам раённы цэнтар і не займаецца дасьледаваньнямі прадукцыі на ўтрыманьне стронцыю — ён толькі адбірае пробы, якія дастаўляе на аналіз у сваю вышэйшую структуру — абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Дарэчы, проба малака з фэрмы Чубянка, узятая 27 красавіка, акурат сёньня й накіравана ў Гомель на дасьледаваньне.

Спэцыялісты Хойніцкага раённага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі зьдзіўляюцца паказьніку ўтрыманьня радыеактыўнага стронцыю ў малацэ і схільныя лічыць гэта тэхнічнай памылкай. Бо ў раёне ў малацэ за апошнія паўтара дзясятка гадоў дзесяцікротнага перавышэньня ўзроўню РДУ-99 па стронцыі не зафіксавана. Пры нарматыве 3,7 Бк/кг перавышэньні ў розныя гады выяўляліся ў прыватных гаспадароў у Барысаўшчыне — 4,3 бэкерэля, Хойніках — 4,5, Глінішчах — 5,6, Судкове — 5,7 бэкерэля. І найбольшы паказьнік быў выяўлены ў 2000 годзе ў вёсцы Тульгавічы, дзе жывуць самасёлы, — 6,8 бэкерэля на літар малака.

Выглядае, што выпадак з радыеактыўным малаком у Губарэвічах, калі нават яго прычынай і стала тэхнічная памылка, кажа ва ўсякім разе пра адсутнасьць належнай галоснасьці і грамадзкага кантролю ў такой важнай справе, як радыяцыйная бясьпека прадуктаў харчаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG