Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінсельгасхарч: стронцый у беларускім малацэ — дэзінфармацыя


Першы намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Марыніч назваў дэзінфармацыяй публікацыі ў СМІ пра забруджанасьць беларускага малака стронцыем.

Паводле Марыніча, аўтары публікацый спасылаюцца на вынікі аналізу на стронцый-90, зроблены цягам двух-трох гадзін, пры тым, што такія даследаваньні праводзяцца цягам сямі дзён.

«Як на працягу двух-трох гадзін зрабілі такі аналіз, ніхто нам не патлумачыў, таму мы лічым, што гэта дэзінфармацыя», — цытуе БелТА Леаніда Марыніча.

Па пэўнай інфармацыі, якая паступіла ў Мінсельгасхарч з Расеі, там у беларускай прадукцыі ніколі не выяўляліся радыяцыйныя рэчывы:

«Калі камусьці трэба нашкодзіць і зьнізіць экспарт харчовай групы тавараў Беларусі, то няхай адказвае за свае словы, якія апублікавалі».

Паводле Марыніча, напярэдадні і сёньня дадзеныя абвяржэньні. У Беларусі ў зонах радыяцыйнага забруджваньня вядзецца вельмі сур’ёзны кантроль за вытворчасьцю прадуктаў харчаваньня, асабліва малочных.

Апошні раз у малацэ небясьпечныя рэчывы выяўляліся ў 2014 годзе, у мясе — у 2011 годзе, нагадаў прадстаўнік Мінсельгасхарча. Карэспандэнты агенцтва Аssociated Press знайшлі на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэньня ў Беларусі фэрму, якая вырабляе і прадае забруджанае радыёнуклідамі малако. Яны аднесьлі малако з фэрмы Хойніцкага раёну ў радыёлягічную лябараторыю Менскага гарадзкога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Там ледзьве дамагліся, каб ім далі раздрукоўку прыбора пасьля праверкі малака.

З раздрукоўкі вынікае, што ў малацэ, якое паступае з фэрмы на прадпрыемства «Мілкавіта», утрыманьне стронцыю-90 у 10 разоў вышэйшае за норму. Але Менскі гарадзкі цэнтар абверг гэтую інфармацыю — маўляў, «ацэнка ўтрыманьня стронцыю-90 не праводзілася».

Карэспандэнты Радыё Свабода прыйшлі да высновы, што ў сёньняшніх беларускіх умовах шараговы грамадзянін ня можа атрымаць афіцыйную інфармацыю пра ўтрыманьне радыенуклідаў у прадуктах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG