Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які парадак дня ў беларускай апазыцыі пасьля парлямэнцкай кампаніі?


Карбалевіч: 19 верасьня моладзевыя актывісты адзначылі 25-годзьдзе наданьня «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў акцыяй «Праспэкт нацыянальнага сьцяга» ў цэнтры Менску. Акцыя доўжылася больш за гадзіну і прайшла без затрыманьняў і нават складаньня пратаколаў.

Парлямэнцкая кампанія скончылася. Сама кампанія давала апазыцыі легальную магчымасьць стаяць зь пікетамі, праводзіць сустрэчы з выбарцамі і нават ладзіць вулічныя акцыі. Кампанія скончылася, але, як можна зразумець, частка апазыцыі будзе рабіць стаўку менавіта на вуліцу. Гэта найперш тая частка, якая гуртуецца вакол лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколы Статкевіча, Уладзімера Някляева. Да іх прымыкае «Малады фронт».

Але які патэнцыял у вулічнага руху? Падаецца, што і ўчорашняя акцыя, і шэсьце 12 верасьня паказваюць, што патэнцыял невялікі. І ня бачна асаблівых прыкметаў, што ён будзе павялічвацца. Бо грамадзтва сьпіць.

І ўзьнікае пытаньне: што рабіць цяпер апазыцыі? Які новы парадак дня? Наступныя выбары ў Беларусі пройдуць толькі праз паўтара года. І гэта будуць мясцовыя выбары. Сам іх фармат ня надта натхняе. То бок будзе даволі працяглы бязвыбарны пэрыяд.

Ці то выкарыстоўваць дэпутатку ў парлямэнце дзеля рэальнай заканатворчай дзейнасьці? Ці то выкарыстоўваць Палату прадстаўнікоў як трыбуну, з дапамогай якой можна апэляваць да грамадзтва?

У АГП, напрыклад, значная частка высілкаў будзе накіраваная на тое, каб выкарыстаць свайго чальца ў Палаце прадстаўнікоў Ганну Канапацкую. Тут трэба будзе з нуля распрацоўваць сваю стратэгію і тактыку. Ці то выкарыстоўваць дэпутатку ў парлямэнце дзеля рэальнай заканатворчай дзейнасьці, рыхтаваць законапраекты? Ці то выкарыстоўваць Палату прадстаўнікоў як трыбуну, з дапамогай якой можна апэляваць да грамадзтва? Ці спалучаць тое і другое? Ва ўсялякім разе, ёсьць чым заняцца.

На мой погляд, пэўны канцэптуальны крызіс цяпер перажывае кампанія «Гавары праўду». Бо тая стратэгія, якую спрабавалі рэалізаваць ейныя лідэры, правалілася. Гэта стратэгія, якая палягала ў тым, каб заняць нішу канструктыўнай апазыцыі. І падчас прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч, і пасьля яе, і падчас парлямэнцкай кампаніі «Гавары праўду» крытыкавала ўладу вельмі асьцярожна. Караткевіч і Дзьмітрыеў сустракаліся з чыноўнікамі, хадзілі па высокіх кабінэтах, правялі сустрэчы з старшынямі камісіяў Палаты прадстаўнікоў. Разьлік быў на тое, што ў межах новай стратэгіі ўладаў па палітычнай лібэралізацыі, размарожваньня адносін з Захадам уладам патрэбная канструктыўная апазыцыя, якая будзе дапушчаная ў палітычную сыстэму. Таму была ўзятая стратэгія на тое, каб стаць сыстэмнай апазыцыяй. І ўсе надзеі былі зьвязаныя з парлямэнцкімі выбарамі. Былі спадзяваньні, што пад ціскам Захаду Тацяну Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў. Такі варыянт разглядаўся як рэальны іншай часткай апазыцыі. І тая нават рабіла адмысловыя захады, выпускала заявы, казала пра непрыгожую зьдзелку. Але выйшаў аблом. Высьветлілася, што рэжыму ніякая канструктыўная апазыцыя не патрэбная. Уся стратэгія ляснулася. І што ім цяпер рабіць?

А як вы лічыце, калегі, які парадак дня цяпер у апазыцыі?

Цыганкоў: Пляны апазыцыі на будучыню варта аналізаваць зь дзьвюх пэрспэктываў — тактычнай і стратэгічнай. Калі казаць пра стратэгію, то відавочна, што мясцовыя выбары — ня тая кампанія, на якую яна будзе рабіць стаўку. А галоўная думка будзе пра прэзыдэнцкія выбары, пра тое, як пабудаваць стратэгію на 2020 год. Шмат будзе залежаць ад таго, ці адчуе апазыцыя, што ёсьць магчымасьць даць рэальны бой Лукашэнку? Ці будзе адчуваньне, што, як і ў 2015 годзе, апазыцыя пойдзе на выбары чыста «для галачкі», паводле прынцыпу «не даганю — дык хоць сагрэюся»?

Вядома, гэта будзе залежаць ад розных геапалітычных абставінаў, ад эканамічнага крызісу і гэтак далей — таму тут загадзя прагназаваць нейкія канкрэтныя крокі не выпадае.

У найбліжэйшыя тыдні высьветліцца, як будзе магчыма выкарыстаць той факт, што ў Палаце прадстаўнікоў цяпер ёсьць дзьве апазыцыйныя дэпутаткі.

Што да тактычных рэчаў, то ў найбліжэйшыя тыдні высьветліцца, як будзе магчыма выкарыстаць той факт, што ў Палаце прадстаўнікоў цяпер ёсьць дзьве апазыцыйныя дэпутаткі. Ці пагодзяцца яны самі быць трыбунай для ўсёй апазыцыйнай і дэмакратычнай грамадзкасьці? І тут, мне здаецца, нельга чакаць ад іх надта шмат. Нельга чакаць ад іх процістаяньня з усімі іншымі дэпутатамі, надта радыкальных падыходаў — бо гэта адрэжа іх ад магчымасьці падтрымкі сваіх законапраектаў.

Глод: Пачынаць трэба з той новай сытуацыі, у якой апынулася цяпер беларуская апазыцыя. Цяпер у яе ёсьць свой прадстаўнік у парлямэнце — Ганна Канапацкая. Алену Анісім я разглядаю як вылучэнца дэмакратычнай супольнасьці, а не апазыцыі.

Вядома, Палату прадстаўнікоў немагчыма назваць паўнавартасным парлямэнтам. Упэўнены, ён па-ранейшаму будзе ручны. Аднак наяўнасьць там, скажам так, сваіх людзей дае пэўныя шанцы на новую палітыку для апазыцыі.

Але спадзявацца, што ўсё будзе проста, не выпадае. Калі ўжо ў самой Аб’яднанай грамадзянскай партыі ідуць дыскусіі, што рабіць з Ганнай Канапацкай, дык што тады казаць пра ўсю апазыцыю цалкам! Хтосьці зайздросьціць спадарыні Канапацкай, хтосьці шчыра ўпэўнены: яна наагул, зыходзячы з маральных каштоўнасьцяў, павінна адмовіцца ад дэпутацкага мандата.

Цяпер можна будзе і «засьвечвацца» ў парлямэнце, і надаваць сваім акцыям вышэйшы статус дзякуючы ўдзелу ў іх афіцыйна абранага дэпутата.

У «Трайным удары» мы ўжо абмяркоўвалі гэтую тэму і сышліся ў думках, што зьяўленьне прадстаўніка АГП у Палаце прадстаўнікоў — гэта тактычныя гульні ўлады. Але ж і апазыцыя можа паспрабаваць выкарыстаць сытуацыю на сваю карысьць. І тут, зразумела, шмат што залежыць ад традыцыйнага беларускага пытаньня: ці зможа наша апазыцыя нарэшце аб’яднацца? Я асабіста ўпэўнены, што калі браць усю апазыцыю, то адказ будзе традыцыйны: не, ня здолее. А вось правацэнтрысты (а гэта АГП, БХД і рух «За свабоду»), якія ўжо паспрабавалі быць разам падчас апошняй парлямэнцкай кампаніі, магчыма, і здолеюць захаваць крохкае адзінства і надалей. Можна паспрабаваць выкарыстоўваць гэтую пляцоўку, каб пашырыць свой уплыў. Бо, урэшце, цяпер можна будзе і «засьвечвацца» ў парлямэнце, і надаваць сваім акцыям вышэйшы статус дзякуючы ўдзелу ў іх афіцыйна абранага дэпутата.

Але ж у цэлым беларуская апазыцыя падзеленая на некалькі плыняў са сваімі ўласнымі інтарэсамі. І ня думаю, што абраньне ў Палату прадстаўнікоў Канапацкай і Анісім нешта тут зьменіць. Хутчэй, наадварот, прыклад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая спрабавала наладзіць дыялёг з уладамі, а ўзамен нічога не атрымала, можа дадаткова ўмацаваць непрымірымую апазыцыю ў вернасьці сваім падыходам.

Але паколькі я згадаў «Гавары праўду», то ў рамках тэмы, якую мы сёньня абмяркоўваем, я зьвярнуў увагу на пасьлявыбарныя нататкі Андрэя Дзьмітрыева. Ён піша пра пагрозу завышаных чаканьняў, а значыць, і няспраўджаных надзеяў дэмакратычнай супольнасьці адносна двух дэпутатаў. Два мандаты прынясуць посьпех толькі ў тым выпадку, калі дакладна разумееш, чаго яны могуць дамагчыся. І не патрабаваць ад іх, можа быць і прынцыповых, але нерэальных задач. Гэта створыць падмурак для станоўчай ацэнкі іх працы, што палепшыць імідж усіх дэмакратычных сіл. А значыць, і павялічыць шансы дэмакратаў на наступных мясцовых і парлямэнцкіх выбарах. Але ж ці хопіць на гэта цярпеньня ў апазыцыі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG