Менчукі выйшлі на плошчу
Але мы разумелі, што наўрад ці здолеем нешта зрабіць без падтрымкі людзей.
А з гэтым было цяжка. У нас не было доступу да тэлебачаньня і радыё (кіраўнік дзяржтэлерадыё Аляксандар Сталяроў у той дзень памяняў праграмную сетку, каб трансьляваць распараджэньні ГКЧП), афіцыйныя газэты назаўтра зьмясьцілі загады ГКЧП на першых палосах. У нас заставаліся «Свабода», «Навіны БНФ», вядома, была сувязь і з карэспандэнтамі радыё «Свабода». Асноўныя мітынгі мы разьлічвалі правесьці 20 жніўня (эфір «Свабоды» быў толькі ўвечары 19-га, а раніцай 20-га маглі ўжо выйсьці нашыя газэты, раней паведаміць пра месца і час акцыяў не было як), але праз «каналы» БНФ мы заклікалі прыйсьці людзей да Дому ўраду ўжо сёньня, увечары 19-га.
Некаторыя прыйшлі на гэты заклік, некаторыя — самі.
Людзей было мала.
У параўнаньні з колькасьцю, якую сабрала падвышэньне цэнаў у красавіку (тады штодня стаяла некалькі дзясяткаў тысяч), прыйшла, можна сказаць, мізэрная колькасьць, добра калі дзьвесьце чалавек. А магчыма, і менш.
Людзей было ў той, першы дзень путчу, няшмат, але галоўнае — яны прыйшлі.
І гэта былі людзі, якія прыйшлі бараніць свабоду і Беларусь, і ніякія падачкі не прымусілі б іх адмовіцца ад сваіх намераў.
Мы выступілі ўсе — маю на ўвазе тых дэпутатаў БНФ, якія былі ў Доме ўраду, — распавялі пра паход да Дземянцея, пра пазыцыю Ельцына, патлумачылі, чаму вымушаныя падтрымаць Гарбачова і чаму патрабуем склікаць нечарговую сэсію, і папрасілі людзей прыйсьці на плошчу заўтра і прывесьці знаёмых.
Падзеньне: Дваццаць гадоў пасьля распаду СССР (Мікрасайт, 2011)
Мы імкнуліся трымацца бадзёра — хаця ўсьведамлялі ўсю складанасьць сытуацыі. Магчыма, было б лягчэй, калі б на плошчу прыйшло ня дзьве сотні, а некалькі тысяч. І ўсё ж бачыць твары аднадумцаў тады, увечары 19 жніўня, было для нас важна.
Нехта з калег-дэпутатаў сказаў мне напаўжартам «Можа быць, мы выступаем на гэтай плошчы апошні раз!»
Ніхто з нас ня ведаў, што выказваньне магло спраўдзіцца: 20 жніўня на станцыю Менск-Радыятарная падагналі тыя восем закратаваных вагонаў...
Але ўвечары 20-га на наш заклік на плошчы сабраліся ўжо тысячы.
19-20 жніўня 1991 году мы ў апазыцыі абмяркоўвалі, колькі працягнецца дзейнасьць ГКЧП? Здаецца, пагадзіліся на тым, што нядоўга: год-паўгода.
Потым мне распавядалі, як на некаторых «інтэлігенцкіх кухнях» у Менску дэмакратыю пахавалі і абмяркоўвалі, ці хутка закрыюць межы: эміграцыя выглядала рэальнай альтэрнатывай шматгадовай палітычнай і духоўнай багне. Мы, дэпутаты, ужо больш ведалі пра «рэсурс» апарату і разумелі, што «доўгіх гадоў» у новай улады ня будзе. Але гэта было слабым суцяшэньнем: году хапіла б, каб загнаць пад асфальт усё тое, што прабілася на сьвятло ў апошні час.
І толькі Пазьняк сказаў: «Пратрымаюцца дні тры, ну максымум — тыдзень».
Мне гэта падалося проста нерэальным.
На тыдзень я не разьлічваў. Думаў, што год хунта дакладна пратрымаецца, і таму часы наперадзе цяжкія. (Пэўна, так меркаваў і Валянцін Голубеў, які на мітынгу сказаў: «Надыходзяць часы цяжэйшыя».)
У тыя тры «путчаўскія» дні да мяне вярнулася адчуваньне, якое я перажыў сем гадоў раней, калі «забралі» ў войска: тады было поўнае ўсьведамленьне, што наперадзе — два страчаныя, выкрэсьленыя зь біяграфіі гады, якія пройдуць без усякага плёну, і пакуль былыя аднакурсьнікі будуць нешта рабіць і нечага дасягаць, я буду марнаваць час у казарме і на палігонах. (Памыляўся: войска сапраўды забрала час, але і дало нешта такое, чаго не атрымаў бы, працуючы ў газэце.) Але разам з адчуваньнем наканаванасьці лёсу, які на бліжэйшыя два гады ня зьменіш, была і пэўнасьць: толькі два гады. Цяпер жа наперадзе — невядомасьць. І пры гэтым ніякага выбару — у тым сэнсе, што адмовіцца ад палітыкі, выйсьці з Народнага Фронту, «залегчы на дно» ці вярнуцца ў «чыстую журналістыку» — такія варыянты я не разглядаў. Пэўнасьць што да характару маёй будучай палітычнай дзейнасьці была абсалютнай. І разуменьне таго, што назад дарогі няма, давала нейкую лёгкасьць.
Але тады на рэфлексіі не было часу. Мы, дэпутаты, разумелі, што ні на сэкунду не павінны выказваць сумненьне ў перамозе, што на нас глядзяць, і што калі хочам арганізаваць супраціў — трэба выглядаць аптымістамі.
Праз дваццаць гадоў мне перадалі з архіву Ўладзімера Кармілкіна некалькі сотняў здымкаў, на якіх зафіксаваныя тыя жнівеньскія дні і нашыя мітынгі. І толькі на адным Кармілкін «падлавіў» момант, дзе ў нас з Пазьняком нейкі «небаявы» настрой. Але гэта падманлівае ўяўленьне: насамрэч настрой быў самы рашучы, можа, проста на некалькі сэкундаў выявілася стомленасьць (у тыя дні мы моцна недасыпалі). На астатніх здымках усе выглядаем бадзёра.
Але што змоўшчыкі пратрымаюцца тры дні — не, тут я з Пазьняком быў нязгодны.
«Захоўваць спакой» — адчуваць сябе быдлам
Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі сустрэла путч з энтузіязмам: Бюро ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром Малафеевым падтрымала членаў ГКЧП.
Зрэшты, сакратары ЦК Малафееў, Камай, Ціхіня мелі досьвед стасункаў у самых верхніх эшалёнах улады і ведалі, якім зьменлівым бывае тое, што яшчэ сёньня выглядае несакрушальным. У дачыненьні да камуністычнай партыі яны такога, вядома, уявіць сабе не маглі, а вось датычна асобных палітычных фігур — тое выглядала рэальным. Сёньня Янаеў замяніў Гарбачова, а заўтра нехта заменіць Янаева. За тры дні путчу ня ўсе сакратары ЦК асабіста выказаліся публічна (ва ўсякім разе, у друку), хоць палітычная іх пазыцыя падтрымкі путчу была выразна выяўленая ў заяве Бюро ЦК КПБ. Магчыма, проста не пасьпелі.
Затое ў правінцыі — ці, як любілі казаць камуністычныя кіраўнікі, «на месцах» — партыйныя органы раскрыліся напоўніцу.
«Першыя ж дакумэнты Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР, абнародаваныя 19 жніўня 1991 году, паказваюць, што абвешчаныя надзвычайныя меры па выхаду краіны з глыбокага ўсебаковага крызісу адпавядаюць інтарэсам людзей працы і ня супярэчаць прынцыпам і бліжэйшым мэтам Камуністычнай партыі. Падтрымліваем дзеяньні Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі ў краіне, і заклікаем камуністаў, працоўных гораду захоўваць вытрымку, спакой, узважанасьць у закліках і дзеяньнях, усямерна садзейнічаць аднаўленьню дысцыпліны і парадку, стабільнасьці ў рабоце працоўных калектываў», — гаварылася ў заяве сакратароў пярвічных партыйных арганізацый камуністаў Магілёву, прынятай празь некалькі гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча.
І такіх заяваў у кожнай вобласьці былі дзясяткі.
Празь некалькі дзён створаная Вярхоўным Саветам адмысловая камісія на чале зь Ігарам Пырхам выявіць, што падтрымка хунты камуністычнымі кіраўнікамі ў рэгіёнах была татальнай.
У Мазыры старшыня гарвыканкаму Іван Замулка 20 жніўня выступіў па кабэльным тэлебачаньні і абвясьціў пра стварэньне «мясцовай камісіі па надзвычайным становішчы» (маскоўскага ГКЧП падавалася недастаткова).
У Рэчыцы старшыня гарвыканкаму Іван Бамбіза (наш калега па парлямэнце) сказаў на нарадзе, што падзяляе кожны пункт заявы путчыстаў. На гэтай нарадзе іншы дэпутат Вярхоўнага Савету, Анатоль Турак, спрабаваў асудзіць хунту — але намэнклятура была маналітнай у сваім жаданьні скончыць з дэмакратычнымі пераменамі.
У Лагойску бюро райкаму КПБ сумесна з кіраўніцтвам райсавету выказаліся ў падтрымку хунты.
У Бабруйску першы сакратар райкаму КПБ сумесна з камандуючым 5-ай арміяй сабраў сход у Доме афіцэраў і агітаваў прысутных падтрымаць КГЧП. У самім гаркаме хуценька арганізавалі камітэт у падтрымку хунты і, як даведаўся наш калега дэпутат Эдуард Багаўцоў, пачалі складаць «чорныя сьпісы» з прыхільнікаў дэмакратыі.
У Воршу 20 жніўня быў уведзены АМАП, байцы якога адразу ж затрымалі ўдзельнікаў інфармацыйнага пікету БНФ З. Дзядзенку і Г. Сініцыну, вызваліць якіх удалося толькі пасьля ўмяшаньня дэпутата Вярхоўнага Савету Яўгена Глушкевіча.
(Празь некалькі дзён па шмат якіх фактах падтрымкі хунты пракуратура распачне справы — але ніводная ня скончыцца судом альбо нават нейкімі вялікімі непрыемнасьцямі для фігурантаў. Напрыклад, прыгаданы Іван Бамбіза праз пару гадоў зойме пасаду віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету, а пры Лукашэнку будзе прызначаны членам ураду. Увогуле, найбольш зацятых прыхільнікаў хунты Лукашэнка ўзьнясе на высокія пасады (да прыкладу, Малафееў узначаліць так званы «сэнат»).
«Захоўваць вытрымку і спакой» — гэта значыла, не зьбірацца на мітынгі, не пратэставаць, адчуваць сябе быдлам.
Разам з партыйнымі сакратарамі, кіраўнікамі рэгіёнаў падтрымалі путч і шмат якія кіраўнікі прадпрыемстваў.
Генэральны дырэктар Менскага гадзіньнікавага заводу Ўладзімер Абрамчык 19 жніўня выдаў загад № 489, у якім абавязваў «строга і рашуча спыняць якія заўгодна парушэньні працоўнай дысцыпліны і ўнутрызаводзкага распарадку... Увесьці на пэрыяд надзвычайнага становішча дзяжурствы на прадпрыемстве адказных работнікаў».
Газэта «Свабода» потым паведамляла, што адразу пасьля абвяшчэньня заявы ГКЧП на гадзіньнікавы завод прыбег другі сакратар Менскага гаркаму партыі Віктар Чыкін, і на інфармацыйных стэндах зьявіліся пастановы путчыстаў. На другі дзень сябры страйкаму вывесілі ўлёткі з асуджэньнем хунты, аднак заводзкая адміністрацыя выклікала міліцыю, і міліцыянты «паўдня лазілі па цэхах, зрываючы ўлёткі».
Журналісты газэты «Свабода» высьветлілі, што падпісаны дырэктарам загад рыхтаваў начальнік так званага «першага» аддзелу заводу Бабіцкі, які раней кіраваў управай КДБ Савецкага раёну Менску.
Увогуле пра тое, чым займаліся ў тыя дні гэбісты, мы ўжо ніколі не даведаемся. Навідавоку іх дзейнасьць, як заўсёды, не была, пазьней старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі даводзіў, што «камітэт» не падтрымліваў путчыстаў, а, як яму і належыць, быў «на варце законнасьці». Але некаторыя гэбісты ўсё ж сваю пазыцыю выказаць пасьпелі. Так, у віцебскай газэце «Віцьбічы» (якая заўсёды вызначалася антыбеларускай, антынацыянальнай і праімпэрскай накіраванасьцю, узначальвала яе добра вядомая мне па працы ў Віцебску Ніна Тулінава), адзін з кіраўнікоў абласной управы КДБ Віктар Бурак пра канстытуцыйнасьць сказаў крыху больш, чым потым ягоны шэф Шыркоўскі: «Як орган дзяржаўнага кіраваньня мы стаім на варце канстытуцыйнага ладу. Камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР створаны ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй СССР, з гэтага вынікае, што мы будзем кіравацца ягонымі рашэньнямі».
Ні Канстытуцыяй БССР, ні Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а загадамі праімпэрскай хунты зьбіраўся кіравацца кадэбісцкі начальнік.
Шаладонаў: «Застаўся дагавор 1922 году»
У той самы дзень, 20 жніўня, адбылося пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі. Дэпутаты Апазыцыі спрабавалі на ім пераканаць Прэзыдыюм асудзіць ГКЧП — але безвынікова. На тым пасяджэньні я выказаў пратэст генэральнаму пракурору Георгію Тарнаўскаму з прычыны забароны выхаду газэты «Знамя юности» (у нумары меліся зьявіцца меркаваньні тых, хто не падтрымаў путч).
Стэнаграма таго пасяджэньня Прэзыдыюму захоўваецца недзе ў архівах
, а ў мяне захаваўся толькі фрагмэнт запісу, калі дэпутат Апазыцыі БНФ Алег Трусаў, заклікаючы членаў Прэзыдыюму падтрымаць прэзыдэнта РСФСР Ельцына ў ягоным супраціве ГКЧП, апэляваў да нядаўна падпісаных паміж БССР і РСФСР пагадненьняў (іх падпісалі Ельцын і Дземянцей). Паказальная пазыцыя двух юрыстаў — генэральнага пракурора Георгія Тарнаўскага і намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Васіля Шаладонава:
«Трусаў: Беларусь падпісала з Расеяй адпаведныя юрыдычныя пагадненьні.
Тарнаўскі: Я ў падпісаньні ня ўдзельнічаў.
Шаладонаў: Не было абмену ратыфікацыйнымі граматамі!
Заблоцкі: Майце сорам! Павінна быць сумленьне!
Гаркун: Спакойна!
Дземянцей: Напэўна, не безь ягонай, Гарбачова, згоды гэта адбывалася. Янаеў (сказаў), у самым цяжкім становішчы ён цяпер.
Булахаў: Я — за абноўлены Саюз. Але парадак і дэмакратыя (павінны ўсталёўвацца) толькі мэтадамі, якія абапіраюцца на законы».
Дзьмітры Булахаў быў не адзіным членам Прэзыдыюму, хто ацаніў ГКЧП як антыканстытуцыйнае ўтварэньне: акрамя яго гэта зрабілі Станіслаў Шушкевіч, старшыні парлямэнцкіх камісій Генадзь Карпенка, Валер Курдзюкоў, Аляксандар Сасноў, Міхаіл Сьлямнёў і, канешне, фронтавец Пётра Садоўскі.
Сьлямнёў паспрабаваў выказаць стаўленьне да перавароту па радыё, але кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё даць яму эфір адмовілася.
Затое раніцай 20 жніўня, на Беларускім радыё прагучала інтэрвію намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Васіля Шаладонава. Ён сказаў, што верыць «тым людзям, якія заяўляюць, што прэзыдэнт хворы, і хацеў бы нагадаць, што сёньня дзейнічае Канстытуцыя Саюзу ССР. Мы не падпісалі новага саюзнага дагавору, а таму няма новай прававой базы. Застаўся дагавор 1922 году. Таму мы павінны выконваць усе законы, якія дзейнічаюць і прынятыя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Саюзу ССР».
Пра Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі Шаладонаў нават і не ўзгадаў. Затое выказаўся пра нашае патрабаваньне неадкладна сабраць сэсію.
«Сёньня я прачытаў у „Народнай газеце“ заяву народных дэпутатаў склікаць нечарговую сэсію, — працягваў Шаладонаў. — Я ня бачу ў гэтым неабходнасьці. Калі Прэзыдыюм палічыць, што нейкае рашэньне патрабуе ацэнкі шырокага кола дэпутатаў, ён у любым выпадку зьбярэцца, і ня будзе Прэзыдыюм ніколі прымаць рашэньні, якія супярэчылі б разьвіцьцю дэмакратыі й стабілізацыі становішча ў цэлым па рэспубліцы».
Што да інтарэсаў дэмакратыі, дык Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР ніколі ня быў заўважаны ў сымпатыі да дэмакратычных сілаў і ўвогуле дэмакратычных працэсаў. Якраз заклікі да «стабільнасьці» былі традыцыйнай прапагандысцкай шырмай дзеля таго, каб спыніць усялякія дэмакратычныя перамены.
Шаладонаў таксама заклікаў «больш надаць увагі ўборцы ўраджаю» і выказаў спадзяваньне, што «будзем імкнуцца да навядзеньня правапарадку ў цэлым па краіне, гэта відаць, надасьць сілы і ўпэўненасьці ў рабоце праваахоўных органаў».
Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету прыняў заяву, у якой шмат гаварылася пра «канстытуцыйнасць» і «спакой», але — ні слова з асуджэньнем путчу.
Потым члены Прэзыдыюму ВС БССР апраўдваліся, што ў Беларусі надзвычайнага становішча ня ўводзілася. Але насамрэч іх нежаданьне супрацьстаяць хунце, адсутнасьць асуджэньня ГКЧП і яго антыканстытуцыйнай дзейнасьці азначала згоду зь дзеяньнямі змоўшчыкаў, фактычную легітымізацыю іх намераў на тэрыторыі Беларусі.
Вось чаму мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, пасьля правалу путчу прапанавалі Вярхоўнаму Савету «асудзіць бязьдзейнасьць і безадказнасьць у справе абароны Канстытуцыі і сувэрэнітэту Беларускай ССР членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Дземянцея М.І., Шаладонава В.І., Гаркуна У.Г., Гілевіча Н.С., Грыба М.І., Жуковіча Я.Б., Жукоўскага М.Д., Капытава М.Я., Каратчэні І.М., Козіка Л.П., Кулічкова А.М., Котава С.М., Леўчыка У.К., Міцько П.Я., Савіцкага Б.П., Смоляра І.М., Сівіцкага Д.А., Унучкі Р.І. у часе спробы дзяржаўнага перавароту 19-21 жніўня г.г. ... Лічыць немагчымым далейшае выкананьне імі абавязкаў членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР».