Турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu абвінаваціла дзьве грамадзкія арганізацыі, якія дзейнічаюць у Менску, у сувязях з «тэрарыстамі» — прыхільнікамі Фэтхулаха Гюлена.
Ісламскі прапаведнік Фэтхулах Гюлен, які знаходзіцца ў апазыцыі да прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, міжнароднай супольнасьцю не прызнаны экстрэмістам. Гюлен вядомы як заснавальнік грамадзка-палітычнага руху «Гізмет», былы імам, пісьменьнік. З 1999 году жыве ў штаце Пэнсыльванія, ЗША. Паводле ангельскага часопіса The Economist, «Гізмет» грунтуецца на ідэях пацыфізму, прапануе сучасны погляд на іслам, а таксама супрацьстаіць экстрэмісцкай плыні — салафізму.
Але турэцкія ўлады лічаць Гюлена тэрарыстам і арганізатарам спробы вайсковага перавароту, які адбыўся ў ноч на 16 ліпеня. У Турэччыне прыхільнікаў Гюлена нават афіцыйна называюць — Тэрарыстычная арганізацыя Фэтхулаха Гюлена (Fetullahçı Terör Örgütü — FETÖ).
Моўныя курсы і дзелавая асацыяцыя
У матэрыяле Anadolu Agency згадваюцца дзьве турэцкія грамадзкія арганізацыі, якія дзейнічаюць у Менску: адукацыйна-культурная ўстанова «Достлук» і Беларуска-турэцкая дзелавая гандлёва-прамысловая арганізацыя BETİD. Паводле агенцтва, абедзьве арганізацыі былі створаныя і фінансуюцца непасрэдна FETÖ.
«Достлук» (па-турэцку «сяброўства») — гэта курсы турэцкай мовы, якія былі створаныя яшчэ ў 2005 годзе. BETİD была створаная ў 2010 годзе, як паведамляецца на іх афіцыйным сайце, быў заснаваны «прадпрымальнікамі-добраахвотнікамі» і мае на мэце «разьвіцьцё існуючага эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі». Сайты BETİD і «Достлук» выглядаюць цалкам бяскрыўдна, і інфармацыя на іх тычыцца толькі профільных напрамкаў дзейнасьці.
На сайтах абедзьвюх арганізацыяў фігуруе адзін і той жа юрыдычны адрас — Менск, вуліца Эўфрасіньні Полацкай, 1-117. Але, як даведалася Свабода, па гэтым адрасе BETİD і «Достлук» ужо не разьмяшчаюцца.
Як распавялі супрацоўнікі суседніх офісаў, туркі зьехалі каля месяца таму (то бок незадоўга да путчу ў Турэччыне, у сувязях з арганізатарамі якога іх абвінавачваюць у СМІ). Нічога падазронага ці незвычайнага ў працы турак не заўважалі, праваахоўнікі туды не прыходзілі. Але і падрабязна расказаць пра супрацоўнікаў турэцкіх арганізацый суседзі не змаглі, бо блізка зь імі не сябравалі.
Кіраўніцтва — недасяжнае
Нягледзячы на тое, што туркі пакінулі памяшканьне на вуліцы Эўфрасіньні Полацкай і цяпер ня маюць ніякага офісу наогул, самі арганізацыі не былі ліквідаваныя. Але пагутарыць зь іхнім кіраўніцтвам аказалася справай няпростай. Прадстаўнік BETİD пагадзіўся сустрэцца з карэспандэнтам Свабоды, але ў апошні момант адмяніў сустрэчу. Зьвязацца з кіраўніцтвам «Достлук» не ўдалося наогул. Адміністратар суполкі «Достлук» «Укантакце», якому мы напісалі ў сацсетках, хутка выдаліў сваю старонку.
Між тым Свабода зьвязалася з сакратаркай «Достлук». Спачатку тая заявіла, што цяпер увесь пэрсанал, у тым ліку і кіраўніцтва, у адпачынку да верасьня, а з пачатку сэзону плянуецца новы набор студэнтаў для вывучэньня турэцкай мовы. Паводле словаў сакратаркі, курсы працягнуць працу ў тым жа офісе па вуліцы Эўфрасіньні Полацкай. Яна паабяцала, што паразмаўляе з дырэктарам Ахмэтам Гюлемаглу і, магчыма, той дасьць згоду на інтэрвію. Празь дзень адказу не было, таму Свабода паўторна патэлефанавала сакратарцы. Гэтым разам інфармацыя значна адрозьнівалася:
«На сёньняшні дзень мы шукаем іншае памяшканьне для курсаў. Мы былі вымушаныя зьехаць з папярэдняга офіса зь фінансавых і асабістых прычын. Мабыць, проста было занадта дорага. Спадар Гюлемаглу ў адпачынку і не зьбіраецца гутарыць з журналістамі, а я ня маю права даць вам нумар яго мабільнага. Калі б вы былі прадстаўнікамі ўлады ці праваахоўных органаў, было б прасьцей. У любым выпадку, „Достлук“ — цалкам мірная арганізацыя, мы займаемся культурна-асьветніцкай працай, шмат дапамагалі людзям».
Сакратарка не змагла дакладна адказаць на пытаньне, калі офіс быў зачынены.
У акаўнце кіраўніка «Достлука» Ахмэта Гюлемаглу ў Фэйсбуку бачна, што ён упадабаў старонкі, прысьвечаныя Гюлену, а значыць, у пэўнай ступені цікавіўся ідэямі «Гізмэту».
Злачынцы ці дысыдэнты?
Трэба адзначыць, што ў матэрыяле Anadolu Agency гаворыцца толькі пра датычнасьць BETİD і «Достлук» да арганізацыі Фэтхулаха Гюлена, але пра іхнюю супрацьзаконную дзейнасьць нічога не паведамляецца. Таксама застаецца незразумелым, ці ёсьць у турэцкіх уладаў прэтэнзіі да сябраў гэтых грамадзкіх структураў і ці сапраўды Анкара лічыць, што BETİD і «Достлук» зьвязаныя зь мяцежнікамі.
Свабода зьвярнулася з гэтымі пытаньнямі да амбасады Турэччыны ў Менску і цяпер чакае адказу.
Між тым ёсьць падставы сьцьвярджаць, што турэцкія арганізацыі, якія разьмяшчаліся ў Менску па вуліцы Эўфрасіньні Полацкай, калі не адкрытыя прыхільнікі Гюлена, то прынамсі сымпатызуюць турэцкаму апазыцыянэру.
Супрацоўнік суседняга офіса паказаў карэспандэнтам Свабоды фірмовы каляндар, які яму падаравалі людзі з «Достлуку».
Арганізацыя, пазначаная на ім — грамадзкае аб’яднаньне «Дыялёг Эўразія». Высьветлілася, што аб’яднаньне мае той жа юрыдычны адрас, што і BETİD, і «Достлук». На афіцыйным сайце паведамляецца, што ініцыятыва была створаная ў 2009 годзе з мэтай «згуртаваць інтэлігенцыю для распаўсюду ідэяў талерантнасьці і міру паміж народамі». У тым жа годзе ў Менску пры падтрымцы БДУ прайшла канфэрэнцыя «Альянс цывілізацыяў», дзе выступіў з прамовай сам Фэтхулах Гюлен. На мерапрыемстве прысутнічалі амбасадар Турэччыны ў Беларусі Вэка Інал і дэпутаты турэцкага парлямэнту.
На сайце «Дыялёг Эўразія» можна знайсьці шмат публікацыяў, прысьвечаных Гюлену. Аб’яднаньне таксама выдавала кнігі турэцкага апазыцыянэра.
Дырэктар «Дыялёгу Эўразія» — Сэзэр Чакмак, ён жа сустаршыня BETİD — аўтар шэрагу публікацыяў пра Гюлена ў аднайменным часопісе «Diyalog Avrasyа». Цікава, што ганаровым старшынём аб’яднаньня быў абраны пісьменьнік Мікалай Чаргінец.