Якія вынікі вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў? Ці будуць адмаўляць у рэгістрацыі кандыдатам, якія на этапе збору подпісаў атрымалі папярэджаньні?
Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.
Дракахруст: Выніковых лічбаў пакуль няма, але паводле папярэдніх дадзеных вядома, што на 110 мандатаў будуць прэтэндаваць прыкладна 500 кандыдатаў, недзе 4.5 чалавека на месца.
Даволі актыўна правам вылучаць сваіх кандыдатаў карысталіся партыі: на сваіх адмысловых зьездах БНФ вылучыў 74 кандыдаты, АГП — 72, Справядлівы сьвет — 50, сацыял-дэмакраты — 30, ЛДП — 110.
Кампанія «Гавары праўду» сабрала подпісы за 25 прэтэндэнтаў. Правацэнтрысцкая кааліцыя — АГП, БХД і Рух «За свабоду» — агулам вылучылі 90 кандыдатаў.
Актыўнасьць даволі высокая, хаця папярэднія падлікі паказваюць, што хіба ня большая частка — вылучэнцы ад партыяў.
У вашай, Віталь, перадачы, Юрась Губарэвіч казаў, што паводле яго назіраньняў на пікетах, у грамадзтве пануе апатыя, збор подпісаў ішоў даволі цяжка.
Характэрнай зьявай гэтай кампаніі зьяўляюцца папярэджаньні, якія выбарчыя камісіі шчодра раздаюць апазыцыйным кандыдатам.
Характэрнай зьявай гэтай кампаніі зьяўляюцца папярэджаньні, якія выбарчыя камісіі шчодра раздаюць апазыцыйным кандыдатам. Анатоль Лябедзька паведаміў пра папярэджаньні тром прадстаўнікам АГП, Віталь Рымашэўскі — пра папярэджаньні двум яго аднапартыйкам. Намесьнік старшыні Руху За Свабоду Алесь Лагвінец атрымаў ужо нават два папярэджаньні, апошняе — за канцэрт Лявона Вольскага на сваім пікеце.
Таксама мае папярэджаньне і адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
У гэтых выпадках камісіі выкарыстоўвалі двухсэнсоўнасьць у законе. Зьбіраць подпісы можна, але агітаваць за сябе да рэгістрацыі кандыдатам нельга. Дык як зьбіраць подпісы, вады ў рот набраўшы?
Як вы лічыце, калегі, вось гэтыя папярэджаньні — гэта абазначэньне тых, каго здымуць з дыстанцыі, гэта «чорная метка» ці своеасаблівы дамоклаў меч, каб прэтэндэнты не забывалі, у якой краіне жывуць?
Цыганкоў: Папярэджаньні — гэта дзеяньні дзяржаўнай машыны, якая павінна рэагаваць на парушэньні заканадаўства на выбарах, і тут, як ні парадаксальна прагучыць, няма вялікага палітычнага складніка. Калі чалавек пераходзіць вуліцу на чырвонае сьвятло, яго аштрафуюць незалежна ад таго, апазыцыянэр ён ці не.
Кіраўнікі апазыцыйных структураў лічаць, што зараз няма такой жорсткай устаноўкі ва ўлады адкідаць многіх кандыдатаў, яны чакаюць даволі лібэральнага падыходу.
Папярэджаньне Алесю Лагвінцу структуры не маглі ня вынесьці, паколькі гэта было самае гучнае і прыкметнае парушэньне выбарчага заканадаўства. Улада ж ужо склала сьпісы тых, каго прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў, і будзе ў Лагвінца нуль ці некалькі папярэджаньняў, яго усё роўна туды ня пусьцяць. Калі ня здарыцца нічога экстраардынарнага.
Зусім нядаўна я выкарыстоўваў нагоду футбольнага турніру на кубак імя Карпенкі, дзе ўдзельнічаюць многія прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый, для таго, каб пагаварыць з палітыкамі на тэму выбараў. Некаторыя казалі: у нас 25-30 кандыдатаў — я думаю, зарэгіструюць зь іх 20-25. Астатнія проста недастаткова добра падрыхтавалі свае дакумэнты, ня вельмі добра спрацавала каманда.
І тут нават без усялякай палітыкі кіраўнікі апазыцыйных структураў разумеюць, што адбудзецца пэўны адсеў хаця б з-за гэтага. Яны лічаць, што зараз няма такой жорсткай устаноўкі ва ўлады адкідаць многіх кандыдатаў, якраз на гэты момант яны чакаюць даволі лібэральнага падыходу.
Карбалевіч: Калі Лідзія Ярмошына адказвала на прэтэнзіі з боку апазыцыйных лідэраў, што не дапусьцілі апазыцыянэраў у выбарчыя камісіі, то тлумачыла гэта так: ну што вы хочаце, яны ж маргіналы, у іх жыцьцё не ўдалося. Вось гэтае самае тлумачэньне будзе і цяпер адносна апазыцыйных кандыдатаў.
Калі казаць пра вынікі этапу выбарчай кампаніі, які ўжо прайшоў. Збор подпісаў ішоў цяжка. Найперш, лета, шмат людзей выехала за межы свайго пражываньня — ці то на мора, ці на лецішча, шмат пустых кватэраў. Па-другое, цікавасьць да парлямэнцкіх выбараў нізкая. Бо абывацель разумее, што дэпутат у Беларусі не зьяўляецца носьбітам улады. Да таго ж вера ў выбары, паводле апытаньняў НІСЭПД, невялікая.
Камунікацыя камандаў кандыдатаў з насельніцтвам паказала, што адбываецца радыкалізацыя настрояў у грамадзтве, недавер да ўлады вырас. Узьнікла сытуацыя, калі людзі гатовыя слухаць альтэрнатыву.
Але камунікацыя камандаў кандыдатаў з насельніцтвам паказала, што адбываецца радыкалізацыя настрояў у грамадзтве, недавер да ўлады вырас. Роля ўкраінскага чыньніка рэзка зьменшылася ў параўнаньні зь мінулагодняй прэзыдэнцкай кампаніяй. Апазыцыя ўжо не выклікае алергіі, як раней, нават у правінцыі. Людзі нармальна рэагуюць на бел-чырвона-белы сьцяг. То бок узьнікла сытуацыя, калі людзі гатовыя слухаць альтэрнатыву.
Яшчэ адзін цікавы момант. Чакаецца даволі вялікі конкурс: больш за 4 прэтэндэнты на месца. Вось у акрузе, дзе вылучаецца Юрась Губарэвіч, будзе восем кандыдатаў. У акрузе, дзе ідзе былы намесьнік міністра замежных спраў Варанецкі, — дзевяць кандыдатаў.
У частцы акругаў вылучаецца больш чым адзін прадстаўнік намэнклятуры. Пакуль невядома, што гэта азначае. Ці гэта такая тонкая гульня ўладаў, каб паказаць беларускай і замежнай грамадзкасьці, што, маўляў, у нас адбываюцца сапраўдныя выбары, глядзіце: ня толькі апазыцыянэры канкуруюць у акругах паміж сабою, але і праўладныя кандыдаты робяць тое ж самае.
Ці то адбываецца канкурэнцыя намэнклятурных клянаў, а ў адміністрацыі прэзыдэнта яшчэ ня вырашылі канчаткова, на каго ставіць, канчатковыя сьпісы яшчэ не зацьверджаныя.
Цыганкоў: Калі ёсьць некалькі намэнклятурных кандыдатаў, то ўжо ёсьць той, каго ўлада вырашыла зрабіць дэпутатам, а іншыя вылучыліся альбо з прычыны свайго неадэкватнага аптымізму, альбо памылкова, альбо разьлічваючы, што з першым нешта здарыцца. Гэта ня кажа пра барацьбу ўнутры клянаў, а хутчэй пра адміністратыўныя выпадковыя рэчы.