У Полацку дзяўчына, якую абавязалі сабраць 50 подпісаў за вылучэньне дзейнай дэпутаткі парлямэнту Натальлі Гуйвік, зьвярнулася па дапамогу праз сацыяльную сетку «Вконтакте».
Асабістымі паведамленьнямі яна разаслала ліст з «дзікай просьбай» да сяброў: «Калі да вас яшчэ не прыходзілі з нагоды гэтай мадам такія самыя бедалагі, як я, аддаць свой голас (зь некаторымі дадзенымі)». Дзяўчына піша, што «сямейны падрад вітаецца». І што гатова пайсьці на парушэньне выбарчага заканадаўства: паведамляе, што ахвотныя могуць як уласнаручна пакінуць свой подпіс, так і даверыць ёй «гэтую «цёмную справу».
Дзяўчына, відавочна, не ўлічыла, што Полацак — досыць невялікі горад, і што празь некалькі гадзін яе допіс будзе перададзены незалежным журналістам. Пра аўтарку «дзікай просьбы» вядома, што яна працуе ў адной з установаў Полацка. Але няма магчымасьці высьветліць, ці яна проста трапіла ў шэрагі «адміністрацыйнага рэсурсу» на працы, ці насамрэч зьяўляецца цальцом ініцыятыўнай групы спадарыні Гуйвік, якая балятуецца ў Парлямэнт ужо другі раз.
Акруговая выбарчая камісія зарэгістравала даволі шматлікую ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за Натальлю Гуйвік — больш за 20 чалавек. Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму, дзейная дэпутатка хоча балятавацца па Полацкай гарадзкой выбарчай акрузе № 27. У выпадку рэгістрацыі, яе суперніцай стане Вольга Дамаскіна, загадчыца полацкага Музэю традыцыйнага ткацтва Паазер’я, актывістка Партыі БНФ і руху «За Свабоду». Як толькі спадарыня Вольга абвясьціла пра свой намер балятавацца, яна даведалася, што кіраўніцтва музэйнага комплексу адмовілася працягваць зь ёй працоўны кантракт.
Вольга Дамаскіна напісала заяву, што згодная на заключэньне новага кантракту на ранейшых умовах, і чакае канчатковага рашэньня начальства. А тым самым часам зьбірае подпісы за вылучэньне — і асабіста, і з дапамогай удзельнікаў ініцыятыўнай групы, у тым ліку на пікетах у Полацку. Такіх пікетаў было ўжо некалькі, апошні — 21 ліпеня, з удзелам менскіх лідэраў правацэнтрысцкай кааліцыі.