Аляксандар Лукашэнка ад імя беларускага народу і сябе асабіста накіраваў спачуваньні прэзыдэнту Францыі Франсуа Алянду, францускаму народу, родным і блізкім загінулых у выніку тэракту 14 ліпеня ў Ніцы.
Пра гэта паведамляе БЕЛТА. «Зь вялікім болем у Беларусі ўспрынялі вестку пра бязьлітасны тэрарыстычны акт, які адбыўся 14 ліпеня 2016 году ў Ніцы ў значны для ўсёй Францыі дзень, — гаворыцца ў спачуваньні. — Вялікая колькасьць загінулых і параненых мірных грамадзян, наяўнасьць сярод іх жанчын і дзяцей асабліва падкрэсьліваюць нечалавечую сутнасьць заказчыкаў і выканаўцаў тэрактаў».
«Беларусь рашуча асуджае любыя формы і праявы тэрарызму і экстрэмізму. Няма нічога больш важнага, чым мір і спакой у грамадзтве, якія зьяўляюцца асновай устойлівага разьвіцьця і дабрабыту кожнай дзяржавы», — падкрэсьліў Лукашэнка.