У сувязі са здарэньнем у Ніцы, у выніку якога загінулі прынамсі 84 чалавекі і якое ў Францыі называюць тэрактам, амбасада Францыі ў Менску адкрыла кнігу спачуваньняў.
Кніга спачуваньняў у амбасадзе па адрасе пл. Свабоды, 11 будзе адкрытая ў пятніцу 15 чэрвеня з 11 гадзін раніцы да 15:30 і ў панядзелак з 10 раніцы да 17:30. Беларусам рэкамэндуюць таксама пісаць электронныя лісты спачуваньняў на адрас webmestre.by@diplomatie.gouv.fr, бо амбасада працуе ў рэжыме Plan Vigipirate (сыстэма апавяшчэньня пра тэрарыстычную пагрозу) і ня мае дазволу прымаць шмат наведнікаў.
Усе спачуваньні, як праз кнігу ў амбасадзе, так і праз электронную пошту, будуць перададзеныя францускім уладам, абяцае амбасада ў прэс-рэлізе.
Пад амбасадай ужо зьявіліся першыя кветкі.
МЗС Беларусі тым часам асудзіла «жахлівае злачынства» ў Ніцы, выказала спачуваньні семʼям і блізкім загінулых, а таксама пажадала найхутчэйшага выздараўленьня ўсім пацярпелым.