Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз Банку разьвіцьця і «Картаген» нерэфармаванасьці


Якія галоўныя праблемы для беларускай эканомікі прагназуе Банк разьвіцьця? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Спэцыялісты Банку разьвіцьця падрыхтавалі эканамічны агляд, у якім прааналізавалі бягучую сытуацыю з плацёжным балянсам і далі прагноз на бліжэйшую пэрспэктыву. Праграма дзейнасьці ўраду на 2016-2020 гады прадугледжвае, што дэфіцыт рахунку бягучых апэрацыяў не павінен перавышаць 3% ВУП. Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, прымальны для Беларусі дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый складае 2,5-3% ВУП. Гэта дазваляе краіне яго фінансаваць без прыцягненьня надзвычайных запазычаньняў.

А ў рэальнасьці дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый склаў у першым квартале 2016 года склаў 1,5 млрд даляраў ЗША (14% да ВУП) супраць 1,3 мільярда даляраў ЗША ў першым квартале 2015 году.

Золатавалютныя рэзэрвы ў краіне расьлі у першыя месяцы году за кошт росту чыстага продажу замежнай валюты з боку насельніцтва і ажыцьцяўленьня новых дзяржаўных запазычаньняў. У прыватнасьці, Беларусь атрымала ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця першы транш крэдыту памерам 500 млн даляраў. Вось днямі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка расказваў, што ёсьць пазытыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы.

Трэба плаціць старыя даўгі. А тым часам балянс зьнешняга гандлю пагаршаецца.

Аднак адмыслоўцы Банку разьвіцьця кажуць пра дрэнныя пэрспэктывы. Трэба плаціць старыя даўгі. А тым часам балянс зьнешняга гандлю пагаршаецца. За пяць месяцаў зьніжэньне экспарту склала 16,5%. Адмоўнае сальда экспартна-імпартных апэрацыяў з таварамі і паслугамі за студзень-травень 2016 года склала мінус 332,9 млн даляраў супраць станоўчага сальда памерам 421,6 млн даляраў у студзені-траўні мінулага года.

І тэндэнцыя пагаршаецца. Зноў пайшлі ўніз цэны на нафту. Да таго ж у ліпені Расея скараціла на 40% пастаўку нафты ў Беларусь. Яшчэ адзін нэгатыўны для валютных запасаў момант. У чэрвені насельніцтва купіла больш валюты, чым прадало.

Усё гэта стварае ціск на золатавалютныя рэзэрвы і курс нацыянальнай валюты, сьцьвярджаюць адмыслоўцы і робяць выснову: цягам наступных 12 месяцаў адток актываў у замежнай валюце можа скласьці больш за 4 млрд даляраў ЗША, што патрабуе рэфінансаваньня абавязаньняў у мэтах захаваньня рэзэрвовых актываў.

Ключавое слова — рэфінансаваньне, то бок, адтэрміноўка выплаты доўгу. І гэта таксама значыць, што неабходнасьць атрыманьня крэдыту ад МВФ становіцца больш вострай.

Дарэчы, паводле намесьніка міністра фінансаў Беларусі Уладзімера Амарына Беларусь павінна атрымаць у пачатку ці сярэдзіне ліпеня новы транш ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця памерам 300 млн даляраў. Але ці атрымае на тле газавай, нафтавай і малочнай вайны, якая ідзе паміж Беларусьсю і Расеяй? Вось сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэнецца ў Маскве з расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Цяжка сказаць, ці будуць перамовы пасьпяховымі.

Дракахруст: Сапраўды прагноз вельмі пэсымістычны, сытуацыя вельмі няпростая. Вось нядаўна міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей быў зь візытам у Рызе і там, гаворачы пра ваенную і геапалітычную сытуацыю вакол Беларусі, казаў, мы не хочам ваяваць, мы хочам гандляваць. Ён нагадаў лічбу — 60% беларускага ВУП ідзе на экспарт. Гэта хутчэй чыньнік прагрэсіўнасьці эканомікі, але відавочна, што такая эканоміка вельмі залежная ад сытуацыі на зьнешніх рынках.

Як толькі падае кан’юнктура, гэта вельмі моцна б’е па Беларусі. У гэтым сэнсе, скажам, у Расеі сытуацыя істотна іншая. Памятаеце, як напрыканцы 2014 году расейскі рубель абваліўся, а цэны практычна не зьмяніліся, прынамсі, зьмяніліся не адразу і не прапарцыйна падзеньню курсу.

У беларусаў фактычна нацыянальная валюта — гэта даляр.

Расея — краіна ў значнай ступені самадастатковая, з гіганцкім унутраным рынкам. Ускосны паказьнік гэтага — культурны шок у беларусаў, які ўзьнікае ад таго, што расейцы лічаць цэны ў сваіх рублях. У беларусаў фактычна нацыянальная валюта — гэта даляр. Нават высокія чыноўнікі кажуць пра сярэдні заробак у далярах.

У гэтым сэнсе беларуская эканоміка больш уразьлівая, як толькі курс беларускага рубля падае, адразу ж за ім скочуць цэны.

У гэтым сэнсе адмоўнае сальда плацёжнага балянсу, пра якое кажа Банк разьвіцьця, можа адбіцца на курсе, а празь яго — на цэнах.

Яшчэ я б зьвярнуў увагу на выступ старшыні Нацыянальнага банку Паўла Калавура. Нядаўна мы з вамі абмяркоўвалі адстаўку Кірыла Рудага, якога некаторыя, можа быць памылкова, лічылі ідэолягам беларускіх рэформаў. Падчас гэтага нядаўняга выступу перад шырокай публікай старшыня Нацбанку сказаў — Беларусі патрэбныя структурныя рэформы. Зусім як вы, Валер. Маўляў, «Картаген» нерэфармаванасьці беларускай эканомікі павінен быць разбураны.

Як бачым, і ў калідорах улады застаюцца людзі, якія лічаць, што старымі мэтадамі тыя зьявы, якія апісвае ў сваім прагнозе Банк разьвіцьця, пераадолець не атрымаецца.

Цыганкоў: Усё больш дадзеных, якія гучаць ад беларускіх і міжнародных структураў, паказваюць, што на самай справе сытуацыя ў беларускай эканоміцы зусім не такая аптымістычная, як гэта хацелася б прадставіць беларускаму ўраду і ўдзельнікам Усебеларускага сходу.

Часам прадстаўнікі ўраду, той самы прэм’ер-міністар Кабякоў, даюць дастаткова аптымістычныя лічбы, якія на думку незалежных эканамістаў, не зусім адпавядаюць рэальнасьці. Некалькі месяцаў таму Кабякоў казаў, што пазытыўны рост эканомікі магчымы ўжо ў 2016 годзе. На дадзены момант гэты прагноз выглядае зусім нерэалістычным. Відавочна, што 2016 год беларуская эканоміка закончыць з прыкметным мінусам у некалькі працэнтаў. Праблемы зьяўляюцца ня толькі ў вытворчасьці, але і ў сфэрах, якія раней выглядалі дастаткова спакойна — напрыклад, банкаўская сфэра.

Новыя акалічнасьці ўсё больш падштурхоўваюць улады да крэдыту МВФ.

Экспэрты адзначаюць, што расьце колькасьць падазроных крэдытаў, насельніцтва ўсё больш скарачае свае дэпазыты, бо няма на што жыць. Можна сказаць, што гэты подых крызісу будзе не адзін год, а некалькі, і то пры станоўчым разьвіцьці падзеяў.

Міжнародны валютны фонд заяўляе, што на наступны год будзе падзеньне каля 3%. Плян беларускага кіраўніцтва выглядаў так: перачакаць цяжкія часы, дачакацца, калі перастануць падаць цэны на нафту, калі Расея ачуняе і зноў пачне закупляць беларускія тавары. Новыя дадзеныя яго аспрэчваюць.

Новыя акалічнасьці ўсё больш падштурхоўваюць улады да крэдыту МВФ. Зімой была паўза, калі перамовы з МВФ фактычна прыпыніліся, магчыма быў момант, калі беларускія ўлады ці вырашылі, што ўсё будзе нармальна і крэдыт непатрэбны, ці што Расея выратуе, ці думалі, што патрабаваньні фонду занадта жорсткія. Выглядае, што ўлады ўсё больш схіляюцца да ўзнаўленьня перамоваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG