Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і чаму апранае вышыванкі ў Беларусі?


Чаму кампанія вышыванак выйшла далёка за межы кола палітызаванай моладзі, чаму ўлада ў асобе БРСМ падхапіла ініцыятыву? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Ігар Ільяш.

Дракахруст: БРСМ ладзіць сьвята Дзень вышаванкі. Два гады таму, калі Арт-сядзіба пачынала кампанію папулярызацыі вышыванак, такая пэрспэктыва мала каму магла прыйсьці ў галаву.

Многія, прызнаю, у тым ліку і я, выказвалі вялікія сумневы ў тым, што гэта кампанія надта пашырыцца за межы кола палітызаванай моладзі, для якой вышыванкі былі фактычна псэўданімам бел-чырвона-белага сьцягу. Прызнаю — скептыкі памыляліся. Прынамсі, да пэўнай ступені.

Мне складана сказаць, у якой ступені мода на вышыванкі ахапіла сапраўды шырокія народныя масы, ці дасягнула маштабаў украінскай моды на вышыванкі.

Але тое, што аказалася больш шырокай, чым меркавалі скептыкі, выглядае, што так.

Многія, прызнаю, у тым ліку і я, выказвалі вялікія сумневы ў тым, што гэта кампанія надта пашырыцца за межы кола палітызаванай моладзі, для якой вышыванкі былі фактычна псэўданімам бел-чырвона-белага сьцягу. Прызнаю — скептыкі памыляліся. Прынамсі, да пэўнай ступені

Паказьнікам гэтага стала зьяўленьне ў вышыванках знакавых асобаў — музыкаў, спартоўцаў, фотамадэляў, яны сталі зьяўляцца на календарах, у рэкляме. Але што вельмі важна — моду падхапіла, акцэптавала ўлада.

Падхапіла не адразу, падхапіла, нягледзячы на пэўную крытыку, праўда, у маргінальных беларускіх і расейскіх выданьнях, што гэта, маўляў, страшэнны нацыяналізм, малпаваньне ўкраінцаў і наагул прамы шлях да Майдану. Відаць, адчула, што пайшло, што трапіла ў нешта.

Драматычныя падзеі ва Ўкраіне сапраўды абвастрыла, актуалізавала пытаньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта наша вайна, гэта ня наша вайна — а мы, уласна, хто? Наша ці ня наша — гэта чыя?

А тут такі прыгожы сымбаль, з суквецьцем сэнсаў. Яго спрадвечнасьць нікім асабліва пад сумнеў ня ставіцца, ён аб’ядноўвае, а не разьядноўвае нават з меншасьцю, нешта кшталту вышыванкі і на афіцыйным сьцягу ёсьць, ёсьць фота Лукашэнкі ў вышыванцы, зробленыя задоўга да пачатку кампаніі «Арт-сядзібы», ёсьць фота Хрушчова ў вышыванцы. У савецкія часы яна ўспрымалася як такая дазволеная адзнака нацыянальнасьці.

А тое, што адзнака ня толькі народная, але да пэўнай ступені простанародная (шляхта вышыванкі асабліва не насіла), у вачах цяперашняй беларускай улады хутчэй у плюс.

Гэта наагул цікавая такая рэч, калі казаць нават не адно пра ўладу, а пра грамадзтва ў цэлым.

Напрыканцы 80-х-на пачатку 90-х нацыянальна-дэмакратычныя сілы, найперш БНФ, прапаноўвалі грамадзтву цэлы ідэалягічны пакет: незалежнасьць, бел-чырвона-белы сьцяг, «Пагоню», беларускую мову, «прэч ад Расеі», Эўропа, ВКЛ, БНР. А грамадзтва і нават улада, для якой БНФ быў і застаецца палітычным ворагам, успрынялі пакет, як мэню, зь якога можна выбіраць.

У нейкім яшчэ 89-м годзе патрабаваньне незалежнасьці Беларусі ўспрымалася як шок, як нешта неймавернае, нікому, акрамя купкі нацыяналістаў непатрэбнае. Ды і пазьней такое было. Ну а зараз, незалежнасьць — каштоўнасьць, нікому не аддадзім

І калі выбар зроблены, вельмі хутка замятаюцца сьляды таго. Што гэта быў менавіта выбар. У нейкім яшчэ 89-м годзе патрабаваньне незалежнасьці Беларусі ўспрымалася як шок, як нешта неймавернае, нікому, акрамя купкі нацыяналістаў непатрэбнае. Ды і пазьней такое было. Ну а зараз, незалежнасьць — каштоўнасьць, нікому не аддадзім, пры патрэбе ваяваць за яе будзем, вось 3 ліпеня сьвяткуем, палац збудавалі імя яе.

І хто гэта гаворыць? Той, хто некалі ганарыўся, што галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў (што няпраўда, але цікава, наконт чаго Лукашэнка тады лічыў патрэбным хлусіць). Ды і народ ужо неяк да незалежнасьці прызвычаіўся, зразумела ж, самі жывем, зразумела ж, нікому не аддадзім.

І з вышыванкай такое можа здарыцца. А якія вашы ацэнкі, які ваш прагноз? І больш шырокае пытаньне — якія ідэалягічныя «прадукты купляюць» беларусы?

Ільяш: Ведаеце, калегі, я ня з тых, хто надае ўсёй гэтай модзе на вышыванкі надта вялікая значэньне, хаця ў грамадзка-палітычным пляне гэта зьява, безумоўна, вельмі цікавая. Але тут трэба быць асьцярожным у высновах.

Перш за ўсё нам трэба зразумець: што гэта? Ці сьведчыць жаданьне ўладаў падхапіць падобную кампанію аб моцы нацыянальнага руху і вялікай папулярнасьці вышыванак у народзе?

Мяркую, што такая выснова была б безумоўным перабольшваньнем. Так, вышыванкі сталі пэўнай зьявай, але гэта ня тая зьява, якая цісьне на ўладу і прымушае карэктаваць свае паводзіны.

Справа ў тым, што Лукашэнка як мінімум зь вясны 2015 году фактычна адмовіўся ад агрэсіўнай рыторыкі на адрас сваіх унутраных апанэнтаў, а нацыянальныя сымболіка перастала быць адназначнай прыкметай «ворагаў народу». Таму ў таго ж БРСМ зьявілася поле для манэўра, і яны там зараз манэўруюць.

Я хачу падкрэсьліць — гэта не саступка дзяржаўнай ўлады. Хутчэй улады дзякуючы вышыванкам знайшлі агульную (а галоўнае — бясьпечную для сябе) тэму для размовы з моладзьдзю. Грамадзкасьць проста падала добрую ідэю ўладам. Тыя ж праекты БРСМ заўсёды адрозьніваліся сваёй казёншчынай і маргінальнасьцю — невядома было, на якое кола грамадзтва яны ў прынцыпе арыентуюцца, ніколі не заўважаліся нейкія модныя і папулярныя тэндэнцыі. А тут вышыванкі, дзе, з аднаго боку, быццам бы няма палітыкі, а зь іншага боку — гэта выдатная магчымасьць быць сапраўды цікавымі.

Я не лічу, што вышыванкі — гэта індыкатар нацыянальнай і тым больш палітычнай сьвядомасьці. Мне ўзгадваецца гісторыя, якую дзесьці год таму распавядаў адзін з карыстальнікаў Фэйсбуку — маўляў, бачыў падчас якраз Дня Незалежнасьці 3 ліпеня маладых людзей адначасова і з георгіеўскімі стужкамі, і ў вышыванках

Я не лічу, што вышыванкі — гэта індыкатар нацыянальнай і тым больш палітычнай сьвядомасьці. Мне ўзгадваецца гісторыя, якую дзесьці год таму распавядаў адзін з карыстальнікаў Фэйсбуку — маўляў, бачыў падчас якраз Дня Незалежнасьці 3 ліпеня маладых людзей адначасова і з георгіеўскімі стужкамі, і ў вышыванках. Я не хачу сказаць, што падобную сумесь можна сустрэць паўсюль, але гэты выпадак добра характарызуе саму сутнасьць такіх сымбаляў у масавай сьвядомасьці.

Любая кампанія, якая не зьяўляецца элітарнай па сваёй сутнасьці і робіць заяўку на масавасьць, рызыкуе страціць свой каштоўнасны складнік. Я думаю, што ў выніку так і адбудзецца: вышыванка стане часткай маскультуры, а першапачатковыя нацыянальныя сэнсы тут амаль што зьнікнуць.

Большасьць людзей будуць падтрымліваюць гэтыя Дні вышыванак проста таму што гэта модна, і ніякага сэнсу (антыімпэрскага, нацыянальнага ці дэмакратычнага) туды ўкладаць ня будуць. БРСМ, і наогул улада у дадзеным выпадку, канешне, займаюцца плягіятам, але я ня думаю, што для грамадзтва гэта кепска. Хаця б таму, вышыванка ўсё роўна лепш, чым георгіеўская стужка ці чырвоны сьцяг.

Глод: Ігар казаў, што вышыванкі — гэта ўладны праект для моладзі. Думаю, што гэта кампанія разьлічаная ня толькі на моладзь. Улады невыпадкова пачалі кампанію за вышыванкі. Усё ж падзеі ва Ўкраіне пераконваюць — супрацьстаяць расейскай агрэсіі можа толькі тая нацыя, якая выразна адчувае, што яна не такая, як расейцы. Хай яна і не нашмат адрозьніваецца. Але ўсё ж у яе існуе і застаецца нешта сваё, адрознае ад «старэйшага брата». У свой час Лукашэнка шмат зрабіў, каб такога адчуваньня адрознасьці не было. Асабліва на першым этапе свайго кіраваньня, калі яшчэ быў жывы Барыс Ельцын і ў беларускага кіраўніка была надзея стаць прэзыдэнтам адзінай дзяржавы Расеі і Беларусі. Каб падмацаваць свае прэтэнзіі на гэта, Лукашэнка старанна нішчыў усё сапраўднае беларускае. І пачыналася гэта з сумнага рэфэрэндуму пра мову і нацыянальныя сымбалі.

Пасьля таго, як да ўлады ў Крамлі прыйшоў Уладзімер Пуцін, сытуацыя прынцыпова зьмянілася. Лукашэнка зразумеў, што ягоная мара ня спраўдзіцца. Але ж Беларусі патрэбныя былі танныя нафта і газ. І таму беларускі кіраўнік старанна паўтараў свае тэзы, што Расея — гэта і мая Расея, а беларусы і расейцы — браты.

Вышыванкі — гэта толькі пачатак. Гэта пачатак з абавязковым працягам. А вось у якія канкрэтна формы выльецца гэты працяг, пакажа час

Першы званочак пра небясьпечнасьць такога шляху прагучаў, калі Пуцін паставіў пытаньне аб уключэньні Беларусі ў склад Расеі — ці цалкам, ці шасьцю губэрнямі. А захоп Крыму і вайна з Украінай паказалі Лукашэнку, на што здольны расейскі прэзыдэнт. І таму кіраўнік Беларусі быў вымушаны пачаць працэс беларусізацыі. Вымушаны дзеля захаваньня сваёй асабістай улады. І, на маю думку, гэта працэс будзе доўжыцца столькі, колькі Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе.

Вышыванкі — гэта толькі пачатак. Гэта пачатак з абавязковым працягам. А вось у якія канкрэтна формы выльецца гэты працяг, пакажа час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG